Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра Алу Пугачову


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Часам усплывае ў памяці нейкая песенька і круціцца-круціцца. Ты працуеш, думаеш нешта, ходзіш-едзеш, а яна ў табе круціцца і круціцца.

Пакуль ня дойдзе да асэнсаваньня – тфу, што за лухта, з чаго б гэта мой унутраны прайгравальнік круціў такую непатрэбшчыну. Але бывае, песенька наводзіць на думкі.

Ехаў я далёкай дарогай праз засьнежаныя лясы-палі. А ўнутры нешта само сабе грала. Прыслухаўся – даўняя песьня Пугачовай. «Как тревожен этот путь, не уснуть мне, не уснуть».

Калісьці такое нават не выбіралі, бо яно гучала з кожнага праса. Калісьці – яшчэ пры Брэжневе – «дробным палітычным дзеячы эпохі Пугачовай». Удумацца толькі ў словы – абсалютная крамола. Якая трывога, якое ня ўснуць? Бадрачком трэба, бадрачком. Нос халодны – сабака здаровы. Што за ўпадніцкія настроі? Але гучала з кожнага праса. А значыць – унутры кожнага савецкага чалавека, хацеў ён таго ці не.

І раптам ловіш сябе на думцы, што сёньня такога ў прынцыпе ня можа быць. Каб так сказаць пра кожнага абсалютна чалавека. Бо ў кожнага «путь тревожен», бо нічога няясна, што будзе заўтра і ўвогуле, ніхто ня ведае, куды ідзе і навошта, па вялікім рахунку. Але каб сёньня вось так, ад першай асобы нехта сьпяваў з высокай сцэны пра драму чалавечага быцьця і каб гэта пераймала кожнага, самага нафталінавага Агурцова…

Ну прыйшла б якая Дарафеева, «ліцо Беларусі», з такой песьняй. Проста не зразумелі б, навошта. «Зачем он это поет?» (с) А песьня то якраз пра гэтае «зачем» – у глыбокім сэнсе. Тут як бы «зачем» на «зачем» – як каса на камень. Проста ніхто ня лезе ў гэтую глыбейшую праўду. Перакрытая туды дарога. І што ж гэта, выглядае, што ўзровень пранікненьня за Брэжневым быў нашмат глыбейшы, чым сёньня?

1980 год, калі гэта пісалася. Год маскоўскай алімпіяды, гібелі Машэрава і нараджэньня Беларускай Майстроўні. Па адчуваньнях, гэта быў год нараджэньня прыватнасьці і значыць, канца камунізму, бо там, дзе пачынаецца прыватнасьць, сканчаецца камуна. Яшчэ, вядома, будуць і новыя генсекі, і зьезды КПСС і шухеры ад КГБ. Але менавіта тады яшчэ не зразумела стала, але адчулася, што пачынаецца вясна. Доўгае і балючае вызваленьне з-пад ільду.

Ясна, што ня ўсім так дазвалялі, як Пугачовай. У нядаўнім інтэрвію яна тлумачыла сваю ўсенародную папулярнасьць: Я ні за што не трымалася (званьні, прывілеі), і людзі гэта разумелі. І тут нават ня так важна, як там было насамрэч (бо гэта ведала вузкае кола), а менавіта імідж для ўсіх – ні за што не трымалася.

Адны сказалі – пазыцыя. Другія – поза.

А гэта і ёсьць першы крок да прыватнасьці. Адчуць няважнасьць усяго, што зьвязвае цябе з сыстэмай, стаць суб’ектам, незалежнай дзяржавай «Я» на мапе сьвету, рэальнай палітычнай адзінкай. І гэта канец камуны, калгасу, а па сутнасьці – рабства.

Бывае гэта зрабіць прасьцей, бывае цяжэй. У 1980-м, атрымліваецца, было прасьцей. Сёньня – амаль немагчыма. Сёньня максымальная глыбіня ў песьнях на высокіх эстрадах – «Бела-белая русь, я табою гаржусь».

Прыватнасьць у 1980-м прабівалася, была ў паветры, а таму даступная для ўсіх. Сёньня яе няма, на экране БТ адно «поющие трусы». Толькі вось «путь» чалавека ніяк ня менш «тревожен», чым тады і чым заўсёды. Тады ён пачынаў адкрывацца, а сёньня – упіраецца ў сьцяну, у «стабільнасьць», у бязвыйснасьць, у Лукашэнку.

Віёла Ермакова напісала пра гэты тупік у фэйсбуку:

«Ведаеце, калі б сёньня былі выбары, я б прагаласавала за Лукашэнку».

Прычына – у маме Віёлы, якая апынулася ў НДІ анкалёгіі ў Бараўлянах.

«Любая зьмена рэжыму, любы пераходны пэрыяд на практыцы будзе азначаць, што дапамога цяжкім хворым, якую сёньня аказваюць бесьперабойна, стане перабойнай. Гэта значыць, нехта памрэ, хоць мог бы жыць. Нехта блізкі».

Віёла не лукашыстка. Але яна асьцерагаецца перабояў у звычайным жыцьці, дзе чалавек вельмі моцна залежыць ад дзяржавы. А тых, хто мог бы пераняць уладу без перабояў, Віёла ня бачыць.

«Ня важна наогул, якія ідэалы там за сьпінай. Важна, каб усё цікала. Прадпрыемствы працавалі, заробкі плацілі, лекі выпускалі, хворых апэравалі. Няхай нават усё гэта цікае ня вельмі добра. Стаяць не павінна. Нельга рызыкаваць спыненьнем, нават на кароткі пэрыяд. Нельга, нават у імя правоў чалавека. Бо вось гэтае вось ціканьне – гэта і ёсьць правы чалавека. І людзі галасуюць за таго, хто забясьпечыць іх правы чалавека. Не ў маніфэстах, а на справе».

Думаю, Віёла агучвае думкі (ці адчуваньні) абсалютнае большасьці беларусаў. Яна, праўда, не даводзіць лёгіку да страшных словаў – мы ўсе навязаныя, як авечкі на лузе і ад таго, што толькі не называем сябе нявольнікамі рэжыму, зусім не зьяўляемся вольнымі людзьмі. Проста, як той казаў, час такі. Калі інаўгурацыйную прамову прэзыдэнта можна чытаць як пра людзей, а можна і як пра авечак (ні слова там пра асобу чалавека). А песьні пра «І гэты час, і гэты лад не назаўсёды» на словы Алеся Разанава, якія сьпявала моладзь напачатку 1980-х, яшчэ нават ня пішуцца.

Нас тады папракала дзяржаўная газэта ў загалоўку «Пазыцыя ці поза?»

Віёла Ермакова абяцае вярнуцца да сваіх звычайных перакананьняў, як толькі адчуе сябе незалежнай ад рэжыму, дзяржавы, Лукашэнкі.

«Рызыкаваць супынкам на час пераходнага пэрыяду могуць тыя, хто вельмі і вельмі незалежны ад дзяржавы. І я вось праз няпэўны час (калі маме больш не спатрэбіцца бясплатная мэдыцына) стану незалежнай зноў. І мае палітычныя прыхільнасьці вернуцца да звычайных. Толькі не магу ня бачыць, што вельмі многія суграмадзяне ня змогуць «пацярпець» і «пачакаць», пакуль усё зноў наладзіцца пасьля закалоту і зьмены рэжыму. Многія проста не дажывуць».

Ну і бог зь імі, скажуць іншыя многія, рэвалюцыяністы. Такая сабе мадыфікацыя формулы «рэвалюцыя патрабуе ахвяр». І потым, хто вам сказаў, што пры зьмене ўлады спыніцца НДІ анкалёгіі? Нават калгасы ня ўсе разваляцца адразу. З заводамі, напэўна, будзе горш. Але сёньня, паклаўшы руку на сэрца, згадзіцеся, усё гэта выглядае ў лепшым выпадку далёкай дальлю. Прынамсі, альтэрнатыўнага суб’екта палітыкі ў Беларусі не відаць.

Але з чагосьці ж ува мне зайграла гэтая песьня «Как тревожен этот путь»? Ці ня подых гэта прадвесьня пасярод стабільнай зімы? Знак унутранага вызваленьня? Перадпрадчуваньне перамен? Можа быць. Неаспрэчнае тут адно – чалавек мусіць дбаць пра сваю прыватнасьць (прыватную ўласнасьць на сябе самога), пра сваю незалежнасьць ад рэжыму, дзяржавы, Лукашэнкі. Нават калі твая пазыцыя – толькі поза. Бо гэта той рэдкі выпадак, калі пазыцыя і ёсьць – поза.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG