Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сэнатар» Паўлоўскі пад хатнім арыштам, пра лёс 6 ягоных падзельнікаў КДБ не паведамляе


«Сэнатар» і вядомы бізнэсовец, заснавальнік групы кампаніяў «Біякам» Андрэй Паўлоўскі, які быў арыштаваны ў канцы кастрычніка, цяпер пад хатнім арыштам. «Яму зьмененая мера стрыманьня, але крымінальная справа адносна яго працягваецца. Калі яна будзе завершана, ведае толькі сьледзтва», — пракамэнтаваў зьвесткі пра Паўлоўскага кіраўнік аддзелу сувязяў з грамадзкасьцю КДБ Дзьмітрый Пабяржын.

Згоду на арышт Андрэя Паўлоўскага Савет Рэспублікі Нацыянальнага Сходу даў 30 кастрычніка пасьля выступу перад «сэнатарамі» старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка. Старшыня КДБ абвінаваціў Паўлоўскага ва ўтойваньні падаткаў праз хітрыя схемы з выкарыстаньнем падстаўных фірмаў і агучыў суму грашовых прэтэнзіяў да Паўлоўскага — 144 мільярды рублёў. Ці вярнуў арыштаваны гэтыя грошы?

«Яго выпусьцілі, каб ён кіраваў прадпрыемствам, запусьціў завод і шукаў грошы для пакрыцьця шкоды дзяржаве ў поўным памеры», — кажа крыніца, на якую спасылаецца рэсурс news.tut.by.

У КДБ пра кампэнсацыю стратаў з боку падсьледнага Паўлоўскага нічога ня кажуць. Не паведамляюць там і зьвестак пра лёс яшчэ 6 чалавек, якіх затрымалі ў сувязі са справай Паўлоўскага. «Пакуль інфармацыя толькі пра яго. Усё, што сьледчыя мне дазволілі агучыць, я агучыў», — сказаў Свабодзе Дзьмітры Пабяржын.

На сайце КДБ у інфармацыйным паведамленьні «Аб спыненьні супрацьпраўнай дзейнасьці» дагэтуль сьцьвярджаецца, што «Ў адносінах да ўладальніка групы кампаніяў „Біяком“ Паўлоўскага А.П., а таксама шасьці прадстаўнікоў яе кіраўніцтва заведзена 4 крымінальныя справы паводле ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (ухіленьне ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва вялікім памеры). Санкцыяй артыкулу прадугледжана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці. Указаныя асобы затрыманыя і зьмешчаныя ў СІЗА КДБ».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG