Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь як «перавалачная авіябаза»


Менскі аэрапорт, ілюстрацыйнае фота
Менскі аэрапорт, ілюстрацыйнае фота

Ад сёньняшняга дня авіякампанія «Матор Січ» пачала палёты па маршруце Запарожжа-Менск-Запарожжа. Самалёт АН-140 вылецеў з Украіны і прызямліўся на галоўным лётнішчы Беларусі а 10-й раніцы.

Паведамляецца, што па першым часе рэйсы будуць выконвацца чатыры разы на тыдзень па панядзелках, серадах, пятніцах і нядзелях, але ад 20 сьнежня яны пяройдуць у штодзённы рэжым. Раскладам забясьпечваюцца аптымальныя стыкоўкі з рэйсамі авіякампаніі «Белавія» найперш у расейскія аэрапорты.

Актывізацыя авіяпералётаў з Украіны ў Беларусь зьвязаная з узаемнай забаронай на палёты паміж Расеяй і Ўкраінай. Афіцыйны Кіеў неаднаразова патрабаваў ад расейскіх авіякампаній спыніць авіясувязь з анэксаваным Крымам, але бясплённа. Вынікам узаемных выпадаў стаў узаемны мараторый на ўсе палёты расейскіх і ўкраінскіх перавозчыкаў.

Сытуацыяй пасьпяшалася скарыстацца Беларусь, якая прапанавала забясьпечыць транзытны паток за кошт актывізацыі паветраных зносінаў найперш з Украінай. Былі адчыненыя новыя маршруты ў Адэсу і Харкаў, сёньня сьпіс пашырыўся за кошт Запарожжа. Больш шчыльным стаў графік палётаў у расейскія гарады.

У буйны перавалачны пункт неўзабаве можа пераўтварыцца Гомель. Акрэдытацыю на палёты ў Беларусь праходзіць расейскі лоўкостэр «Победа». Як пацьвердзілі ў Дэпартамэнце авіяцыі Міністэрства транспарту Беларусі, 9 лістапада расейскі авіяперавозчык падаў адпаведныя дакумэнты і чакае дазволу на пачатак дзейнасьці.

Раней авіякампанія атрымала допуск Расейскага фэдэральнага агенцтва паветранага транспарту на выкананьне палётаў па маршруце Масква-Гомель. Згодна з умовамі, пасьля ўзгадненьня тэхнічных нюансаў «Победа» зможа выконваць сем штодзённых рэйсаў у аэрапорт «Гомель».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG