Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Маскву! Расейскія дальнабойнікі рыхтуюцца да новых акцый пратэсту


У адміністрацыі Маскоўскага раёну Санкт-Пецярбургу 28 лістапада адбылася сустрэча міністра транспарту Максіма Сакалова з расейскімі дальнабойнікамі. Ад гэтай сустрэчы яны чакалі канкрэтнага выніку: у лепшым выпадку — адмены сыстэмы платы праезду па фэдэральных трасах «Платон», у горшым — часовага мараторыя на гэтую сыстэму.

Прычым чакалі ўсе дальнабойнікі Расеі, якія ў гэты дзень праводзілі акцыі пратэсту ў шмат якіх гарадах. На сустрэчы былі прадстаўнікі зь Пецярбургу, Мурманску, Карэліі, Дагестану, Цьверы, Самары, Волагды, Чарапаўца і іншых гарадоў.

Але на сустрэчу мала каго пусьцілі, а ў выніку дальнабойнікам нічога канкрэтна не абяцалі. Вось што кажа Ганна Пятрова, якая прадстаўляе транспартную кампанію «Лада» з Мурманску:

— Мы на сустрэчы нічога новага для сябе не пачулі. Пераліваньне вады з пустога ў парожняе. Гэта — нейкі люстраны сьвет. Выступалі людзі на сустрэчы, але гэта — не мы. Мне ўдалося спытаць міністра: «Вы наогул разумееце, што робіце! Да чаго ведзяце?» Але ён мяне слухаць не стаў. Засталіся пры сваіх.

Цяпер дальнабойнікі зьбіраюцца вызначыць тактыку і стратэгію хуткага паходу на Маскву. Паводле папярэдняй інфармацыі, пецярбурскія дальнабойнікі адпраўляюцца у Маскву 29 лістапада ўвечары.

Дзеяньне сыстэмы «Платон» распаўсюджваецца больш чым на 50 тысяч кілямэтраў расейскіх дарог. У жніўні 2014 году распараджэньнем ўраду Расеі было заключанае канцэсійнае пагадненьне паміж «уладальнікам» «Платона» — Фэдэральным дарожным агенцтвам і кампаніяй «РТ-Інвест Транспартныя сыстэмы» (РТІТС). Такім чынам, прыватная кампанія стала апэратарам сыстэмы. Адзін з галоўных акцыянэраў РТІТС​ —​ Ігар Ратэнбэрг, сын Аркадзя Ратэнтэрга, сябра прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG