Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двухполюсны сьвет: цывілізацыя і барбарства


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Пакуль мы тут спрачаліся пра цывілізацыю ў сучасным сьвеце, фрэнд настойліва рэкамэндаваў у фэйсбуку артыкул Грэма Вуда «Чаго насамрэч хоча “Ісламская дзяржава”».

Вялікі, але лёгкі і нават займальны (без кансьпіралёгіі!) тэкст распавядае ня толькі пра супрацьстаяньне цэнтраў цывілізацыі і барбарства, але й суадносіцца з нашай дыскусіяй, у якой аргумэнты прыхільнікаў «многіх цывілізацый» у сучасным сьвеце нібы жыўцом узятыя з дактрынаў “ІД”. Хоць, здавалася б, беларусам, зь іх спаконнымі традыцыямі мультыкультуралізму, недарэчна ў 21 стагодзьдзі дзяліць людзей на верных і няверных.

Коратка, паводле Грэма Вуда, усё выглядае так. “ІД”, у адрозьненьне ад Аль-Кайды, хоча стаць халіфатам – гэта значыць, мець тэрыторыю і ўладу на ёй. У халіфаце павінен быць халіф і законы шарыяту ўзору 7 стагодзьдзя (пачатак ісламу). Усе сапраўдныя мусульмане павінны прынесьці халіфу клятву вернасьці, а для гэтага, – перасяліцца на тэрыторыю халіфату. Пакуль яна невялікая, але задача халіфату – захапіць увесь сьвет. Для чаго? Каб стаць рухальнай сілай апакаліпсісу, канца сьвету.

Словам, калі цывілізацыю мы зьвязваем з прагрэсам, дык тут маем справу зь яе поўнай супрацьлегласьцю, рэгрэсам у чыстым выглядзе. Гэта і ёсьць два полюсы, на якіх і паміж якімі сёньня апынуліся ўсе – людзі, краіны, народы. І ўся справа ў тым, хто ў які бок глядзіць.

Падкрэсьлю, што гутарка тут не вядзецца пра нацыянальную тоеснасьць, культуру і традыцыі. Больш шкоды Беларусі ў гэтай сфэры пасьля Расейскай імпэрыі, бальшавікоў і Лукашэнкі не нанёс ніхто. Гаворка пра Беларусь і беларусаў у глябальным сьвеце.

І ня варта думаць, што Сірыя і Йрак, дзе сёньня базуецца новы халіфат, – гэта надта далёка. «А дзе тая Альбанія? Да нас можа й ня дойдзе», – казала гераіня «Чужой Бацькаўшчыны» Вячаслава Адамчыка напярэдадні другой сусьветнай вайны. Дайшло. І вельмі хутка.

Ня трэба таксама думаць, што мы – іншыя людзі, бо не ў цюрбанах ходзім. Вядома, што ў “ІД” зьбягаюцца сьмяротнікі з усяго сьвету, дый у самой Эўропе хапае тых, хто ня можа прыбыць да месца дысьлякацыі толькі таму, што паліцыя адабрала пашпарт. Для цывілізацыйнага выбару – у які бок глядзець – зусім неістотна, дзе ты жывеш і як апранаесься. Дастаткова сказаць, што ты пра гэта думаеш і што робіш.

Ідэолягі “ІД”, паводле Грэма Вуда, з пагардай адкідаюць «мадэрнізм» і хоць якую мадэрнізацыю. Ім хочацца прасьцейшай карціны сьвету, ня сёмага, дык хоць бы мінулага стагодзьдзя. Быў і ў нашай дыскусіі такі матыў.

Найпершыя ворагі прыхільнікаў “ІД”, як ні дзіўна, мусульмане. Чужыя – хай сабе ходзяць, а вераадступнікам – ня жыць!

«Выконваючы звычай такфір, піша Вуд, “Ісламская дзяржава” мае намер ачысьціць сьвет, забіўшы аграмадную колькасьць людзей… Паведамленьні ў сацыяльных сетках з гэтага рэгіёну сьведчаць пра тое, што пакараньне сьмерцю асобных людзей адбываецца больш ці менш пастаянна, а масавыя забойствы – кожныя некалькі тыдняў. Часьцей за ўсё ахвярамі становяцца мусульманскія «вераадступнікі». Падобна, што аўтаматычнаму зьнішчэньню не падлягаюць хрысьціяне, якія не аказваюць супраціву сваёй новай уладзе. Багдадзі (той, які халіф) дазваляе ім жыць, калі яны плацяць асаблівы падатак, а таксама прызнаюць сваё паднявольнае становішча».

Абвінавачваньне ў здрадзе часта сустракаецца і сярод беларусаў, але, паводле маіх назіраньняў, амаль заўсёды гэта ня факт, ня доказ, а дапушчэньне ці наагул меркаваньне. Магчыма, такая легкаважнасьць ад таго, што самапрызначаны пракурор ня мае магчымасьці зараз жа пакараць вераадступніка адпаведным чынам – адсекчы яму галаву. Але сам матыў такога «прысуду» вельмі характэрны для “ІД” і нехарактэрны для Захаду, бо закранае, як правіла, прыватнасьць асобы.

Прыватнасьць, па вялікім рахунку, гэта і ёсьць тэрыторыя цывілізацыі. Некалі замацаваная ў Статуце ВКЛ, яна безьліч разоў парушалася ў нас, асабліва ў мінулым стагодзьдзі, з чаго ўласна і ўтвараўся вобраз трагічнага стагодзьдзя для Беларусі. Мэтастазы парушанае прыватнасьці глыбока праніклі ў мэнтальнасьць беларусаў і разбураюць яе дагэтуль. (Адсюль, дарэчы, і столькі хамства на форумах, у тым ліку свабадзянскіх.)

Яшчэ адна паралель – арыентацыя на сьмерць – сябе, усіх, чалавецтва. Яна таксама сфармавалася ў нас у мінулым стагодзьдзі. Расстраляйце мяне, – крычыць п’яны кіроўца даішнікам. Памерці часам уяўляецца больш камфортна для душы, чым жыць, калі жыцьцё – суцэльная безвыходнасьць. Паводле дактрыны “ІД”, памерці павінны ўсе, і чым раней, тым лепей.

“ІД” прызнае толькі часовае замірэньне з ворагам (а ворагі – проста ўсе іншыя ці нават так – наогул усе) і зусім не прызнае дзяржаўных межаў. Усё можа быць перагледжана, пажадана сілай. Пазабіваем мы – добра, пазабіваюць нас – яшчэ лепш. Бо мы ў прынцыпе ня ведаем, што такое – адказнасьць. Таму і рукі за крадзеж адсякаюць і западозраную ў здрадзе жонку забіваюць камянямі, бо ў шарыяце адсутнічае панятак адказнасьці. Няма апэляцыі да асобы, бо і асобы няма. У пэўным сэнсе чалавек вяртаецца да свайго жывёльнага пачатку. Скраў пёсік сасіску, яму лапку і адсеклі. Болей пёсік сасіску красьці ня будзе. І ніякай вам адказнасьці ды прыватнасьці.

Выснова з чытаньня простая. Сьцьверджаньне пра «аднапалярнасьць» сьвету – дэмагагічнае. Бо заўсёды зьяўляюцца супрацьвагі. У глябальным сьвеце гэта – поступ і рэгрэс, заўтра і ўчора, цывілізацыя і барбарства. Дзе ў гэтым раскладзе апынецца Беларусь – бліжэй да «мадэрнізму» ці да «апакаліпсісу» – залежыць у вырашальнай ступені ад саміх беларусаў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG