Афіша
У канфэрэнц-залі гатэлю «Манастырскі» у Менску (вул. Кірыла і Мяфодзія, 6) адбудзецца прэзэнтацыя кнігі амэрыканскага гісторыка Тымаці Снайдэра «Крывавыя зямлі. Эўропа паміж Гітлерам і Сталіным». У прэзэнтацыі возьмуць удзел стваральнікі беларускага выданьня кнігі, гісторыкі ІІ сусьветнай вайны. Пачатак у 18.30.
У менскай сярэдняй школе № 2 (вул. Казіміраўская, 5) пройдзе адкрыты ўрок адукацыйнага праекту «Чытаем па-беларуску з velcom». З другаклясьнікамі і трэцякляснікамі гэтай навучальнай установы сустрэнуцца паэтка Раіса Баравікова, а таксама мастак і тэлевядучы Андрусь Такінданг. Пачатак у 11.00
Францускі фатограф Ян Арцюс-Бэртран прэзэнтуе свой фільм «Дом» у кінатэатры «Мір». У аснове фільму — фатаграфіі зь відамі Зямлі з вышыні птушынага палёту, якія распавядаюць аб экалягічнай сытуацыі нашай плянэты і заклікаюць да яе аховы. Пасьля паказу фільму адбудзецца сустрэча з рэжысэрам. Пачатак у 18.30.
У інфармацыйна-выставачным цэнтры Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя. Якуба Коласа абудзецца імпрэза «Дакумэнтальная спадчына Меншчыны (1918-1941 гг.)», у рамках якой адбудзецца прэзэнтацыя выданьняў архіву, якія выйшлі ў сьвет у 2015 годзе. Пачатак у 15.00.
Таксама сёньня
Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын. Заснаваны Генэральнай Асамблеяй ААН 17 сьнежня 1999 году.
У гісторыі
1795 — кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адмовіўся ад трону на карысьць расейскай імпэратрыцы Кацярыны ІІ. Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае спынілі сваё існаваньне.
1867 — Альфрэд Нобэль запатэнтаваў дынаміт.
1936 — Нямеччына і Японія заключылі Антыкамінтэрнаўскі пакт.
1989 — у Менску прайшла арганізаваная Беларускім Народным Фронтам «Адраджэньне» Асамблея народаў «Чарнобыльскі шлях»; у яе рамках адбыўся Міжнародны Грамадзкі Чарнобыльскі трыбунал.
1992 — Фэдэральная Асамблея Чэхаславаччыны прагаласавала за разьдзяленьне краіны на Чэхію і Славаччыну (ад 1 студзеня 1993 году).
У гэты дзень нарадзіліся
1562 — Лопэ дэ Вэга, іспанскі пісьменьнік, драматург.
1701 — Андэрс Цэльсій, швэдзкі астраном, геоляг і мэтэароляг, вынаходнік тэмпэратурнай шкалы, якой карыстаюцца ў краінах Эўразіі.
1884 — Уладзімер Кудрэвіч, беларускі мастак, майстар краявідаў.
1922 — Эўфрасіньня Бондарава, беларускі кінакрытык, гісторык кінамастацтва, прафэсар.
1936 — Іван Крэнь, беларускі гісторык.
1955 — Аляксандар Казулін, экс-кандыдат у прэзыдэнты, былы рэктар БДУ і палітычны вязень.
Цытата
«Саша, дзе грошы?»
Пытаньне падчас тэлевыступу Казуліна, зьвернутае да Аляксандра Лукашэнкі.