Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўцы зь беларускай сьвядомасьцю. Гісторыя «літоўскага архіпэлягу» на Магілёўшчыне


Цяперашнія малькаўскія сядзібы нагадваюць хутары. Суседнія хаціны ня блізка адна да адной
Цяперашнія малькаўскія сядзібы нагадваюць хутары. Суседнія хаціны ня блізка адна да адной

130 год таму больш за тысячу літоўцаў перабраліся на Мсьціслаўшчыну. Цяпер тут засталіся адзінкі іхніх нашчадкаў, а выкарчаваныя колісь лясы аднаўляюцца на закінутых палетках.

Нямала літоўцаў пры канцы 19 стагодзьдзя ў пошуках лепшай долі перабраліся ў Беларусь. Іхняя тутэйшая гісторыя дасьледаваная мала. Вёскі, у якіх разам зь беларусамі жылі і літоўцы, пакрысе зьнікаюць. Дажываюць свой век там адны старыя.

130 год таму больш за тысячу літоўцаў перабраліся на Магілёўшчыну. Бальшыня асела на Мсьціслаўшчыне. Сяліліся хутарамі. Рупліва захоўвалі мову і традыцыі. Падчас савецкай калектывізацыі літоўцаў сагналі ў вёскі. Адна зь іх — Малькаўка.

Цяперашняя Малькаўка — гэта дзясятак сядзібаў, раскіданых па вялікім некалі паселішчы. Вясковыя вуліцы бяз хат са зьдзічэлымі садамі пакрысе зарастаюць кустоўем. Навокал бярозавыя гаі.

Пустынная вуліца ў Малькаўцы. Некалі паабапал былі сялянскія хаты
Пустынная вуліца ў Малькаўцы. Некалі паабапал былі сялянскія хаты
Тут зьбіраюцца да аўталаўкі малькаўцы. Скасабочаная альтанка і паштовыя скрынкі вяскоўцаў
Тут зьбіраюцца да аўталаўкі малькаўцы. Скасабочаная альтанка і паштовыя скрынкі вяскоўцаў

Ад Малькаўкі да Мсьціслава тры дзясяткі кілямэтраў. Да абласнога цэнтру — семдзесят.

Літоўцаў у вёсцы засталося трое. Адна зь іх, Бірута Ануфрыеўна, пагадзілася апавесьці, як тут жылі літоўцы, ды завесьці на могілкі. Дарогаю да іх яна паказвае, дзе раней жылі тутэйшыя літоўцы.

У гаворцы праважатай больш беларускага складніку, чым расейскага.

Пытаюся, як зьявіліся ў тутэйшых мясьцінах яе суайчыньнікі:

«Тутэйшы пан некалі прадаваў зямлю нядорага. Літоўцы даведаліся і яе купілі», — каротка адказвае малькаўская літоўка.

Малькаўскія літоўцы трымаліся свае грамады

Бірута Ануфрыеўна нарадзілася ў Малькаўцы, як і яе маці. Бабулю прывезьлі бацькі зь Літвы ў 12 год. Продкі жанчыны, як і ўсе тутэйшыя літоўцы, да калектывізацыі мелі свой хутар. У трыццатыя гады аднасёлаў сагналі ў адну вёску.

Гэтак выглядала сям’я малькаўскіх літоўцаў на пачатку 20 стагодзьдзя. Фота з кнігі «Сьвятло малькаўскага бярэзьніка»
Гэтак выглядала сям’я малькаўскіх літоўцаў на пачатку 20 стагодзьдзя. Фота з кнігі «Сьвятло малькаўскага бярэзьніка»

«Было тут літоўцаў пад 500 чалавек. А ў калектывізацыю троху разьбегліся. А потым былі рэпрэсіі. Тут усяго было...» — кажа жанчына.

Цяпер ад былых літоўскіх хутароў няма ні знаку. Навокал толькі ўзараныя калгасныя палі. Бірута Ануфрыеўна рукою паказвае, дзе быў хутар ейнага дзеда. Кажа, стаяў ён на ўзгорку, і адтуль праглядаўся ўвесь тутэйшы краявід.

«Як іду ў грыбы ці ягады, дык зайду на той узгорак. Пастаю падумаю, — заўважае суразмоўніца. — Бацькі маёй мамы дужа рана памерлі. Цяжка працавалі. Цягнулі на сабе ўсё. І каровы былі, і коні. Бяз коней раней не пражыць — трэба было ўрабляць зямлю».

Як зазначае Бірута Ануфрыеўна, раней мясцовыя літоўцы жылі сваёй грамадой.

«Літовец трымаўся літоўца,— кажа яна. — Хлопцы бралі ў жонкі толькі літовак. Паміж сабою гаварылі толькі па-літоўску. У іх і малітоўнікі былі свае. Тут жа і школа была літоўская. Вучылі іх па-літоўску. Я дык гэтага не засьпела. Я ў пяцідзясятым годзе толькі нарадзілася».

Цяпер госьці зь Літвы ў Малькаўку прыяжджаюць усё радзей

Здалёк на малькаўскіх могілках відаць два вялікія крыжы. Ля іх кветкі і лямпадкі. На адным пазначаная дата, калі ў мясцовым навакольлі аселі літоўцы — 1885 год. Гэты крыж усталяваны ў памяць пра тутэйшых літоўцаў.

Крыж на малькаўскіх могілках у памяць пра літоўцаў, якія прыехалі на беларускія землі
Крыж на малькаўскіх могілках у памяць пра літоўцаў, якія прыехалі на беларускія землі
Крыж на магіле літоўца-арганіста, які служыў паблізу ў касьцёле ў мястэчку Расна
Крыж на магіле літоўца-арганіста, які служыў паблізу ў касьцёле ў мястэчку Расна

Сёлета малькаўскія клады наведала ўрадавая дэлегацыя зь Літвы на чале з амбасадарам. У былыя часы, згадвае Бірута Ануфрыеўна, сюды прыяжджала аўтобусамі нямала літоўцаў. Цяпер жа госьці з гістарычнай радзімы бываюць тут радзей.

Могілкі дагледжаныя, аднак час робіць сваю справу. Тыя магілкі, што не прыглядаюцца, зарастаюць. Агароджа завальваецца. Надмагільныя крыжы пахіленыя.

Старое пахаваньне. Без прыгляду занепадае
Старое пахаваньне. Без прыгляду занепадае

Бальшыня пахаваньняў літоўскія. На пазьнейшых — надпісы на літоўскай мове, на ранейшых — па-расейску.

Бірута Ануфрыеўна кажа, што адведваюць магілы літоўцы на свае дні памінаньня памерлых, у прыватнасьці, на Дзень усіх сьвятых — 1 лістапада. Трымаюцца і даўніх тутэйшых памінальных традыцыяў. Прыходзяць і на Радаўніцу:

«Увесну на Радаўніцу прыходзім ды магілкі прыбіраем. А як жа — усе прыйдуць, а мая магілка ня будзе прыбраная, — кажа малькаўская літоўка. — Але тут выпіваюць, а ў нас не прынята піць на могілках. Прыйдзем адведаем, але не сядзім доўга».

Пахадзіўшы па могілках, ужо варочаючыся ў вёску, у Біруты Ануфрыеўны пытаюся, ці бывала яна на сваёй гістарычнай радзіме. Адказвае:

«Так. Пражыла ў Літве дзесяць год. Потым вярнулася, бо захварэла маці. Было гэта яшчэ ў савецкі час».

«Тады някепска жылося ў Літве, — згадвае жанчына. — Там усё было. Шмат беларусаў прыяжджала туды па прадукты. Там усяго было. І кілбасы былі розныя, і хлеб, і рыба. Ці шкадую, што прыехала? У шэсьцьдзесят пяць гадоў не выпадае шкадаваць. Каб маладая была, дык можа і пашкадавала б, што не засталася».

З сабою літоўцы прывезьлі мову, веру, традыцыі

Муж Біруты Ануфрыеўны Іван Аляксеевіч — зь беларусаў. У Малькаўцы з 1980-х гадоў. Згадвае: калі сюды прыехаў, дык людзей у вёсцы было нямала:

«Два статкі кароў было. А цяпер вазьміце па навакольлі — усё болей вёсак вымірае. Яшчэ як быў тут калгас, дык трымаліся людзі».

Пра тутэйшых літоўцаў Іван Аляксеевіч кажа:

Паміж сабою яны па-літоўску гаварылі, і ў хатах таксама па-свойму. А ўжо ў калгасным калектыве — як усе.

«Паміж сабою яны па-літоўску гаварылі, і ў хатах таксама па-свойму. А ўжо ў калгасным калектыве — як усе. Раней жа сюды шмат прыяжджала літоўцаў, і ксяндзы наведваліся. Але тут шмат было і мяшаных сем’яў. Шмат у Літву зьехала».

Сын Біруты Ануфрыеўны і Івана Аляксеевіча, Аляксандар, — зь пятага пакаленьня малькаўскіх літоўцаў. Зьбірае зьвесткі пра гісторыю вёскі і яе жыхароў. У свой час меў магчымасьць зьехаць на гістарычную радзіму, але вырашыў застацца ў Беларусі.

«У мяне беларуская самасьвядомасьць, — кажа Аляксандар. — Беларусь — мая радзіма».

Аляксандар дапоўніў аповед сваёй маці пра зьяўленьне на Мсьціслаўшчыне літоўцаў і пра адметнасьці іхнага жыцьця:

У мяне беларуская самасьвядомасьць. Беларусь — мая радзіма.

«Пасьля скасаваньня прыгону сяляне маглі набываць зямлю, — кажа ён. — У Малькаўцы быў маёнтак памешчыка Георгія Тэрміны — больш за дзьве тысячы гектараў зямлі. Літоўцы ўзялі крэдыт у пазямельным банку і выкупілі гэтыя землі. Гэты былі прадпрымальныя сем’і. Тады людзі рызыкавалі, ехаўшы на новыя месцы. Яны везьлі з сабою сваю мову, сваю гісторыю, сваю веру. Першы зьмяшаны шлюб, як казалі старыя малькаўцы, быў толькі пасьля вайны».

«Тут было некалькі літоўскіх вёсак, — працягвае Аляксандар. — Малькаўка, Сафійск, Каралінаўка, Суслаўка, Літвінка. Тут быў цэлы літоўскі архіпэляг».

4 тысячы літоўцаў пераехалі ў Беларусь у пошуках лепшай долі. Фота з кнігі «Сьвятло малькаўскага бярэзьніка»
4 тысячы літоўцаў пераехалі ў Беларусь у пошуках лепшай долі. Фота з кнігі «Сьвятло малькаўскага бярэзьніка»

Літоўскім сялянам было цяжка напачатку, адзначае суразмоўца. Калі яны сюды прыехалі, дык тут была нераспрацаваная зямля. Трэба было раскарчоўваць.

«Дарэчы, калі прыехалі літоўцы сюды, быў лес, і пакідаюць пасьля сябе лес. Ён сам засяваецца», — заўважае Аляксандар.

Суразмоўца паказаў журналістам малітоўнік сваіх продкаў, выдрукаваны ва Ўсходняй Прусіі, бо выдаваць літаратуру на літоўскай мове ў Расейскай імпэрыі забаранялі. Гаворачы пра старадрук, Аляксандар беражліва перагортваў старонку за старонкай. Паводле яго, такія малітоўнікі мела амаль кожная літоўская сям’я, якая перабралася ў новыя мясьціны.

Малітоўнік, які прывезьлі з сабою літоўцы на беларускія землі
Малітоўнік, які прывезьлі з сабою літоўцы на беларускія землі

Аляксандар прыгадвае, што яшчэ ў ягоным маленстве старыя жыхары Малькаўкі гаварылі на літоўскай мове.

«Калі я быў малы, то ў вёсцы была крама. І ў яе заходзіш і чуеш літоўскую мову, — кажа малькавец. — Ідзеш па кароў, і старыя гавораць на літоўскай мове. Я скончыў школу ў 1997 годзе, і было тады ў Малькаўцы 30 хат. Пераважна там жылі літоўскія сем’і. А цяпер жа засталося восем хат».

На вячорках беларусы вучылі беларускія песьні, а літоўцы — беларускія

Аляксандар зазначае, што стасункі літоўцаў з жыхарамі беларускіх вёсак былі бесканфліктныя. Ужываліся яны добра і з габрэямі:

Трэба прызнаць, што беларускі народ — народ талерантны.

«Трэба прызнаць, што беларускі народ — народ талерантны. Мо вы ведаеце, непадалёк ад Малькаўкі — мястэчка Расна. Там жылі пераважна габрэі. У Расьне быў касьцёл і царква. Літоўцы з Малькаўкі хадзілі маліцца ў гэты касьцёл Найсьвяцейшага Сэрца Езуса. Вось паглядзіце: габрэі, літоўскія хутары ды беларускія вёскі. І ўсе суіснавалі мірна. Вядома ж, былі бытавыя канфлікты».

На пытаньне, ці адбывалася ўзаемапранікненьне беларушчыны ў літоўскую мову і наадварот, Аляксандар адказвае станоўча:

«Напрыклад, малькаўцы казалі „ручнікас“ на беларускі ручнік. Бабуля расказвала: калі зьбіраліся на вячоркі, то на іх прыходзілі і беларусы, і яны запаміналі літоўскія песьні. Літоўцы таксама запаміналі беларускія».

Як кажа Аляксандар, у Літве была абароненая дысэртацыя на тэму «Літоўская мова ў беларускім асяродзьдзі». Яе аўтарка, выхадзец з Малькаўкі, кандыдат філялягічных навук Марыя Сівіцкене ўзначаліла калектыў навукоўцаў, які напісаў кніжку пра мсьціслаўскіх літоўцаў пад назваю «Сьвятло малькаўскага бярэзьніка».

Кніга «Сьвятло малькаўскага бярэзьніка». Дасьледаваньне пра жыцьцё літоўцаў у Беларусі
Кніга «Сьвятло малькаўскага бярэзьніка». Дасьледаваньне пра жыцьцё літоўцаў у Беларусі

Што да вывучэньня гісторыі побыту літоўцаў у Беларусі, то беларускія навукоўцы гэтай тэмаю грунтоўна не займаліся, кажа суразмоўца. Гэтая гісторыя застаецца мала дасьледаванай.

Пры канцы 19 стагодзьдзя ў межах цяперашняга Мсьціслаўскага і Чавускага раёнаў асела больш за тысячу літоўцаў. Бальшыня зь іх пасьля калектывізацыі, сталінскіх рэпрэсіяў і Другой усясьветнай вайны перабраліся на сваю гістарычную радзіму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG