Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі «забылі» ў Арктыцы 60 чалавек


Зіма ў паселішчы Мыс Шміта
Зіма ў паселішчы Мыс Шміта

Шэсьцьдзесят вахтавікоў, якія будуюць аб’ект Міністэрства абароны, аказаліся на мяжы выжываньня ў адрэзаным ад сьвету паселішчы.

На беразе Чукоцкага мора, у пасёлку Мыс Шміта, фактычна кінутымі на волю лёсу аказаліся 60 работнікаў-вахтавікоў, якія будавалі аб’ект для расейскіх вайскоўцаў. Яны заключылі кантракт з ТАА «РусАльянс Буд», якое выконвае заказы Міністэрства абароны ў арктычнай зоне Расейскай Фэдэрацыі. Яшчэ 26 верасьня, пасьля заканчэньня дамовы з «РусАльянсом», усе працаўнікі напісалі заявы з просьбай вывезьці іх з пасёлку па дамах, але за імі да гэтага часу ніхто не прыляцеў.

Вывезьці людзей з пасёлку Мыс Шміта можна толькі двума спосабамі: альбо верталётам кампаніі, альбо самалётам Міністэрства абароны. Ні першага, ні другога да гэтага часу няма. У работнікаў тым часам скончыліся будаўнічыя матэрыялы, на зыходзе дызэльнае паліва, якога патрабуецца да 800 літраў у суткі толькі для жыцьцезабесьпячэньня самога пасёлку. Заканчваюцца запасы ежы.

Адзін з вайсковых будаўнікоў, Сяргей Варанкоў, распавядае:

Варанкоў: Людзей адсюль не вывозяць. У іх ужо больш за месяц таму скончылася вахта. Яны ня могуць адсюль выехаць. Ім ўвесь час кажуць, што «верталёт стаіць у плянах», гэта значыць будзе заўтра-пасьлязаўтра, але потым, калі «заўтра-пасьлязаўтра» надыходзіць, ідуць адгаворкі — нібыта няма надвор’я. Зараз тры дні стаяла нармальнае надвор’е, але нікога не вывозілі. А цяпер мяце завіруха. Потым зьявілася інфармацыя, што нейкі генэрал зь Міністэрства абароны забараніў перавозіць ваеннымі верталётамі грамадзянскае насельніцтва. З чым гэта зьвязана, тлумачэньня няма. Адпаведна, людзей не вывозяць. У Анадыр прывезьлі людзей, якія павінны прыехаць сюды і нас зьмяніць. Але і іх сюды не вязуць, яны сядзяць у Анадыры, і адсюль нас не вывозяць. Працы фактычна замарожаныя, людзі сядзяць бяз справы. Часта не хапае гаручага для працы транспарту. Ніякіх зрухаў у будаўніцтве абароннага аб’екту няма... Нам ужо даўно ня плацяць зарплату. Калі яе заплацяць, незразумела. Харчаваньне ёсьць, але рацыён стаў аднастайны. З голаду не паміраем, але назваць паўнавартасным гэтае харчаваньне нельга. Зараз засталіся крупы, макароны, тушонка і нейкія кансэрвы. Нешта кухары спрабуюць з гэтага зрабіць, але ў іх ня вельмі атрымліваецца. Мэдычнае абслугоўваньне практычна ніякае. Калі здарыцца нешта неардынарнае, нейкая траўма або сардэчны прыступ, мэдычнага абслугоўваньня ня будзе ніякага. Чалавек проста памрэ.

Уладзіслаў Юсупаў, праваабаронца і адвакат, які прадстаўляе інтарэсы 60 забытых у Арктыцы будаўнікоў, зьвярнуўся ў Міністэрства абароны з просьбай вырашыць праблему работнікаў і вывезьці іх на Вялікую зямлю самалётам. У вайсковым ведамстве дапамагчы адмовіліся, спаслаўшыся на ўнутраныя інструкцыі:

Юсупаў: Яны паведамілі, што сродкі для вывазу людзей маюцца, але ў сувязі з тым, што яны не прызначаныя для перавозкі грамадзянскага насельніцтва, у вывазе людзей адтуль катэгарычна адмоўлена. Насамрэч, гэта была б звычайная сытуацыя, на якую ня варта было б зьвяртаць увагі, калі б ня тыя жорсткія прыродныя ўмовы, у якіх аказаліся вайсковыя работнікі. Як мне вядома, траіх людзей, якія знаходзіліся ўжо на мяжы псыхічнага злому, вайскоўцы ўсё-такі былі вымушаныя адправіць адтуль.

Радыё Свабода: Вы спрабавалі зьвязацца з кім-небудзь з кампаніі «РусАльянс Буд»? Мне гэта зрабіць так і не ўдалося, нягледзячы на ўсе спробы.

Юсупаў: Я толькі што, пасьля доўгіх спроб зьвязацца зь імі, атрымаў ад іх адказ на свой запыт, у якім яны абяцаюць адправіць работнікаў па хатах. Патэлефанавалі з «Спецстрою», на які ўскладзена цяпер перавозка вахтавікоў, і абяцалі ў суботу адправіць работнікаў з пасёлка Мыс Шміта ў Анадыр.

У 2014 годзе па выніках штогадовага дасьледаваньня сайту вакансій superjob.ru, як паведамляецца на сайце ТАА «РусАльянс Буд», гэтай кампаніі было прысвоена званьне «Прывабны працадаўца — 2014».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG