Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы зьняволены міліцыянт раскрыў таямніцы «амэрыканкі». Сукамэрнікі яго пазналі


Амэрыканка — СІЗА КДБ
Амэрыканка — СІЗА КДБ

Былы падпалкоўнік міліцыі Васіль Міхневіч, які адседзеў за кратамі 3,5 года за перавышэньне службовых паўнамоцтваў і ўцёк за мяжу ад перасьледу КДБ, выступіў з сэнсацыйнымі заявамі ў літоўскай прэсе.

Днямі Васіль Міхневіч даў вялікае інтэрвію сайту delfi.lt і распавёў шмат цікавых зьвестак пра рэаліі СІЗА КДБ і беларускіх спэцслужбаў. У тым ліку пра мэтады абыходжаньня ў ізалятары КДБ зь вязьнямі, арыштаванымі за Плошчу 2010 году.

Сярод іншага Васіль Міхневіч мяркуе, што шмат хто з арыштаваных за Плошчу пасьля ўжываньня да іх мэтадаў КДБ стаў супрацоўнічаць з гэтай арганізацыяй.

«Апошнім апазыцыйным палітыкам Беларусі, які не „працаваў пад кантролем“, быў Зянон Пазьняк», — цытуе Васіль Міхневіч вязьня «Валадаркі», былога супрацоўніка КДБ, зь якім яму давялося перасекчыся ў гэтым сьледчым ізалятары перад адпраўкай у калёнію.

У расповедзе пра «амэрыканку» часоў разгону Плошчы-2010 Васіль Міхневіч назваў шэраг палітвязьняў, зь якімі яму давялося сядзець у адной камэры: Сяргея Вазьняка, Зьмітра Бандарэнку, Алеся Кіркевіча, Аляксандра Класкоўскага, Дзьмітрыя Новіка.

Карэспандэнту Свабоды ўдалося дазваніцца да Сяргея Вазьняка і да Алеся Кіркевіча.

Сяргей Вазьняк
Сяргей Вазьняк

«Так, быў такі Васіль, памятаю, — кажа Сяргей Вазьняк. — Падпалкоўнікам міліцыі называўся. Міхневіч, так. За што яго арыштавалі? Нешта ён дом сабе будаваў і яго арыштавалі... Казаў, што яго затрымалі за карупцыю праз злоўжываньні службовым становішчам. Ва ўсякім разе, у камэры ён мне гэтак распавядаў, але насамрэч я не магу ведаць, бо не чытаў ягонай справы. Пры будаўніцтве дому нейкія блёкі, кран... Нешта такое было, але дакладна ня памятаю. Нічога дрэннага пра яго сказаць не магу. У нас былі зь ім нармальныя адносіны. Ня ведаю, што ён кажа пра мяне, але я, паўтаруся, пра яго нічога дрэннага сказаць не магу».

Аповед Сяргея Вазьняка пра тое, як абыходзіліся зь вязьнямі ў «амэрыканцы» супрацоўнікі спэцчасткі «Альфа» ў масках, супаў з тым, што пра гэта кажа Васіль Міхневіч. Пра вобшукі ў спартовай залі з разьдзяваньнем дагала і стаяньнем на холадзе, пра маральны зьдзек, псыхалягічны ціск ды розныя катаваньні. А ці праўда тое, што сам Міхневіч гэтаму ціску і катаваньням спрабаваў супрацьстаяць? Сяргей Вазьняк такім зьвесткам верыць.

«Гэта падобна да яго. Наколькі памятаю, ён адмаўляўся даваць паказаньні, калі я зь ім сядзеў. Ён там быў ужо амаль год з-за гэтага. Так, у яго былі канфлікты з ахоўнікамі, зь „вертухаямі“, спрабаваў франдзіраваць — гэта было. Усяго два тыдні я быў зь ім у адной камэры, але гэта добра запомніў».

Адразу згадаў пра Васіля Міхневіча і маладафронтавец з Гародні Алесь Кіркевіч. Паводле Алеся Кіркевіча, Васіля Міхневіча за тое, што змагаўся за правы, «прэсавалі напоўніцу».

Алесь Кіркевіч
Алесь Кіркевіч

«Яго на фота цяпер і пазнаць цяжка, ён да чалавека стаў падобны. А тады, калі ўбачыў яго ў камэры, зусім жахліва выглядаў. Адзін кадык быў відаць, бо па карцэрах кідалі ўвесь час. Дарэчы, калі пасьля заявы Алеся Міхалевіча пра катаваньні ў ізалятары была праверка і прыходзіў нейкі начальнік з пракуратуры, Швед ягонае было прозьвішча, дык Васіля адмыслова, каб не знаходзіўся ў камэры, забралі некуды ўніз. Толькі каб ён ня мог выказацца».

Што да абвінавачаньняў сьледзтва на адрас Васіля Міхневіча, Алесь Кіркевіч кажа пра перавышэньне службовых паўнамоцтваў, але не пра датычнасьць да карупцыі:

«Казаў, што адносна нейкага чалавека яны пры затрыманьні ці то ўжылі сілу, ці нешта такое. Але пра карупцыю не ішла гаворка», — згадаў Алесь Кіркевіч.

Сам былы падпалкоўнік міліцыі Васіль Міхневіч у сваім інтэрвію кажа, што быў асуджаны за «злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі». Суд прызнаў, што Міхневіч нанёс маральную шкоду чалавеку, якога ён затрымліваў некалькі гадоў таму. Сам Міхневіч сваёй віны не прызнаў і мяркуе, што ягоную справу сфабрыкавалі, бо як апэратыўны супрацоўнік міліцыі ён выйшаў на карупцыйныя схемы з удзелам высокапастаўленых чыноўнікаў Рады бясьпекі.

Паводле Васіля Міхневіча, да арышту ў лютым 2010 году ён займаў пасаду намесьніка начальніка аддзелу ва Ўправе па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі Менскай гарадзкой управы міліцыі. Пры гэтым Васіль Міхневіч прызнае, што пасаду займаў намінальна, а насамрэч быў «на практычнай працы». І ўсё ж, што кажуць у міліцыі пра былога падпалкоўніка Васіля Міхневіча?

У прэсавай службе менскай гарадзкой міліцыі пацьвердзіць ці абвергнуць факт службы Васіля Міхневіча адмовіліся з прычыны недахопу часу.

У прэсавай службе МУС пагадзіліся праз паўгадзіны даць адказ на пытаньне пра сапраўднасьць службы Васіля Міхневіча, але слухаўку больш не паднялі.

Ці магчыма, каб дзейны падпалкоўнік толькі намінальна займаў пэўную пасаду ў міліцыі, а сам працаваў у іншай арганізацыі? Былы падпалкоўнік міліцыі, актывіст АГП Мікалай Казлоў не адкідае гэтага:

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

«Так, гэта магчыма, што ён быў негалосным супрацоўнікам міліцыі, у апэратыўнай працы гэткае магчыма», — кажа Мікалай Казлоў.

Паводле Мікалая Казлова, яму падчас службы ў міліцыі не даводзілася сустракацца з Васілём Міхневічам. Пры гэтым збольшага расповед Васіля Міхневіча спадару Казлову падаецца праўдападобным, у тым ліку і тое, што тычыцца схіленьня актывістаў апазыцыі да супрацоўніцтва з КДБ.

«Чэкісты, і ня толькі чэкісты, а ўсе, хто кантралюе апазыцыю, у іх галоўная задача — гэта агентурная праца. Тут і тэхнічная праца, як праслухоўваньне і запіс размоваў, прагляд электроннай пошты. І агентурная праца — то бок стварэньне агентуры. Вось два асноўныя рычагі. Але гэтак ёсьць ва ўсіх краінах. Проста ў іншых гэта накіравана на крымінальныя структуры, а ў нас у асноўным на палітычныя, крымінал у нас адышоў на другі плян».

Мікалай Казлоў не падзяляе думкі Васіля Міхневіча пра тое, што арышты пасьля Плошчы 2010 году былі масавыя менавіта дзеля таго, каб завэрбаваць сярод апазыцыі новых агентаў ды забясьпечыць легенды ўжо ўкаранёным у апазыцыю супрацоўнікам КДБ.

«Ня думаю, што толькі дзеля гэтага. Але безумоўна, што, пасадзіўшы чалавека за краты, яны спрабуюць так ці інакш папрацаваць зь ім, каб завэрбаваць».

Мікалай Казлоў лічыць, што абараніцца ад мэтадаў, якія практыкуюць у «амэрыканцы», звычайнаму чалавеку вельмі складана.

«Нават мацёрым крымінальнікам, якія маральна гатовыя да супрацьстаяньня, не заўсёды гэта ўдаецца. А чалавеку, які ўсё жыцьцё „хадзіў у бібліятэку“ — вельмі складана вытрымаць», — мяркуе былы міліцыянт Мікалай Казлоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG