Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Фрашкі» сталі мультсэрыялам


На сайце «Беларускі часопіс» выходзіць мультсэрыял, створаны паводле матываў кнігі Севярына Квяткоўскага «Фрашкі да пляшкі».

9 кастрычніка выйшла пілотная сэрыя-анонс пад назвай «На раёне», прысьвечаная выбарам. Сам сэрыял стартуе ў лістападзе. Да канца году заплянаваныя 10 сэрыяў першага сэзону.

Даўні аўтар Беларускай Свабоды Севярын Квяткоўскі тлумачыць задуму праекту:

Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

— Я шчасьлівы, што збываецца мая мара: фрашкі ператвараюцца ў мульты. У 2007 годзе выйшла кніжка «Фрашкі да пляшкі», у 2008 — аўдыёзборнік «Народныя фрашкі», і вось цяпер фрашкі пачалі рухацца.

Сцэнары пішуцца на аснове сапраўдных гісторый, якія я бачыў сам, альбо пачуў ад іншых. Сутнасьць фрашкі ў маёй вэрсіі — анекдатычнасьць сытуацыі ў спалучэньні з сур’ёзным падтэкстам. Усе гэтыя гісторыі пра нас: цябе, мяне, суседа па лесьвічнай пляцоўцы. Гісторыі раўназначна могуць быць цікавымі і напоўненымі сэнсам, калі герой — простая цётухна з магазіну ці вядомы грамадзкі дзяяч.

«Фрашкі-motors» — не спэцыяльны праект пад штосьці. Нават выбарчая тэма першай сэрыі атрымалася выпадкова. Мы разглядаем наш сэрыял найперш як арт. Дызайнэр Артур Вакараў стварае непаўторны стыль. Ягоныя вобразы, на мой погляд, гэта новае слова ў беларускім візуальным мастацтве.

Самі па сабе гісторыі праекту «Фрашкі» — вечныя. Яны будуць актуальнымі і зразумелымі яшчэ шмат-шмат гадоў. Таму, спадзяюся, што і тэксты, і аўдыё, і відэа «Фрашак» яшчэ доўга будуць прымушаць людзей усьміхацца.

Пакуль у плянах два сэзоны «Фрашкі motors». Але думаем пра працяг.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG