Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо паўтары тысячы чалавек падпісалі пэтыцыю ў падтрымку беларускай мовы ва Ўкраіне


Украіна павінна выкарыстоўваць у кантактах з Рэспублікай Беларусь не расейскую, але беларускую мову, як гэта робіць суседняя Польшча — пэтыцыю наступнага зьместу апублікавалі на сайце Прэзыдэнта Ўкраіны. Дакумэнт падпісалі ўжо амаль 1500 чалавек.

Пэтыцыю можна падпісаць на сайце Прэзыдэнта Ўкраіны па гэтай спасылцы. Яе могуць падпісваць як грамадзяне Ўкраіны, так і іншых краін, у тым ліку беларусы ці палякі.

«Беларусь — дружалюбная краіна, якая змагаецца з культурнай дамінацыяй Расеі і абараняе сваё права на ўласную ідэнтычнасьць. На жаль, насуперак волі многіх беларусаў, беларуская мова зазнае вялікі ціск, а краіна — русіфікацыю. Тым ня менш, нават у такіх умовах беларуская мова ня толькі захавалася, але зьяўляецца першай дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь і паступова адраджаецца: павялічваецца колькасьць беларускамоўных прадметаў у школах, усё больш асобаў пасылае дзяцей у беларускамоўныя дзіцячыя сады і г. д.» чытаем у пэтыцыі.

Гэта ўжо другая ініцыятыва па папулярызацыі беларускай мовы ва Ўкраіне. У чэрвені на сайце «Порт Эўропа» запусьцілі бясплатны э-курс беларускай мовы для ўкраінцаў. Дарэчы, на гэтым партале функцыянуе таксама бясплатны э-курс польскай мовы.

Беларускую мову ў кантактах з Рэспублікай Беларусь актыўна выкарыстоўвае Польшча. У прыватнасьці, сайты польскай амбасады ў Менску, генконсульства ў Горадні і Берасьці і Польскі інстытут у Менску маюць польскую і беларускую моўныя вэрсіі. У Польшчы знаходзяцца рэдакцыі беларускамоўных мэдыяў Радыё Рацыя, тэлебачаньня Белсат і газэт «Ніва» і «Часопіс», штогод на Падляшшы арганізуецца найбуйнейшы фэстываль незалежнай беларускамоўнай рок-музыкі «Басовішча». Да таго ж, на Падляшшы ёсьць беларускамоўныя школы, а ў некалькіх польскіх гмінах беларуская мова мае статус афіцыйнай мовы і на ёй дублююцца шыльды з назвамі населеных пунктаў.

У той жа час афіцыйная вэб-старонка Пасольства Ўкраіны ў Менску мае толькі толькі ўкраінскую і расейскую вэрсіі. Сярод прапановаў, указаных у пэтыцыі — стварыць беларускую моўную вэрсію гэтай старонкі і заклікаць украінскіх прадпрымальнікаў рабіць беларускамоўныя этыкеткі на таварах, якія ідуць на экспарт у Беларусь.

Для таго, каб пэтыцыя была разгледжаная прэзыдэнтам, неабходна сабраць 25.000 подпісаў на працягу 90 дзён з моманту яе стварэньня. Петыцыя апублікаваная была 7 верасьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG