Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Галіна Булыка


Галіна Булыка
Галіна Булыка

Галіна Булыка нарадзілася 6 сьнежня 1960 у вёсцы Асава Воранаўскага раёну Гарадзенскай вобласьці ў сям’і настаўніка, цяпер — вядомага філёляга, члена-карэспандэнта НАН Беларусі А.М. Булыкі, аўтара першага беларускага «Слоўніка замежных слоў». У 1966 г. сям’я пераехала ў Менск. Скончыла сярэднюю школу № 41 з залатым мэдалём, хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, Вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літінстытуце імя А.М. Горкага ў Маскве (сэмінар Юрыя Кузняцова). Працавала стажорам-дасьледчыкам у Інстытуце фізыка-арганічнай хіміі АН БССР, выхавальніцай у рабочым інтэрнаце Менскага матацыклетнага і веласіпэднага заводу, інжынэрам-наладчыкам Упраўленьня пусканаладачных работ трэсту «Аўтарэмбудмантаж» Мінаўтапрома СССР. Пасьля ўступленьня ў СП СССР (1987) працавала ў газэце «Культура», часопісе «Беларуская думка», была галоўным рэдактарам часопіса «Крыніца», няштатна супрацоўнічала з газэтай «Рэспубліка». З 2004 — галоўны рэдактар навукова-практычнага часопісу «Coiled Tubing Times», прысьвечанага высокатэхналягічнаму нафтагазаваму сэрвісу.

Зь вершамі ўпершыню выступіла ў друку ў 1975 (часопіс «Бярозка»). Аўтар падборкі вершаў «Дзень нараджэньня сьнежня» ў калектыўным зборніку «Сьцяжына» (1983), зборнікаў паэзіі «Сынтэз» (1986), «Турмалін» (1994), шматлікіх публікацый ў беларускіх пэрыядычных выданьнях. Пераклады вершаў на рускую мову друкаваліся ў «Литературной газете», часопісах «Юность», «Литературная учеба», «Дружба народов». Асобныя вершы перакладаліся на ўкраінскую, армянскую, казахскую мовы. Аўтар шэрагу жаночых раманаў, напісаных пад псэўданімамі, а таксама кнігі «Великие ученые ХХ века» (Мартин, 2001).

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Спадзяюся, што мае вершы сустрэнуцца зь ім калі не ў прасторы, то ў часе.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Я шчасьлівая ўладальніца шафы для пісьма — менавіта так называецца гэты шэдэўр ад «Гомельдрэва». Такое працоўнае месца стварае атмасферу інтымнасьці. Найлепш пішацца ў доўгія восеньскія і зімовыя вечары.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

«Ядлоўцавы куст» Міхася Стральцова, «Chwila» Віславы Шымборскай, позьніх вершаў Мікалая Забалоцкага.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Калісьці Настасься Філіпаўна, а ў блізкай пэрспэктыве, пэўна, Старая Ізэргіль.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Юрый Кузняцоў.

6. Што вы цяпер чытаеце?

«Историю и философию науки» акадэміка Сьцёпіна, «Лесьвіцу жыцьця» Ніка Лейна, перачытваю «Выбраныя творы» Ўладзімера Жылкі зь «Беларускага кнігазбору».

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

На ўкраінскай (вольна), ангельскай (ня самыя складаныя тэксты). Цяпер вучу польскую.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

«Турмалін».

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Ёсьць задумкі. Спадзяюся, што энэргіі і часу дастане на ажыцьцяўленьне.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабоднай?

З пэўнага ўзросту і досьведу — заўсёды і паўсюль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG