Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцінскую ідэю «русского мира» падтрымліваюць 35,4% беларусаў


Кожны пяты беларус упэўнены, што ў выпадку вайны Расея і Беларусь перамогуць ЗША і краіны НАТО, а траціна беларусаў падтрымліваюць заявы Ўладзімера Пуціна аб магчымым ужываньні ядзернай зброі супраць заходніх дзяржаў.

На думку 32%, ЗША «пэўна або хутчэй так» уяўляюць цяпер якую-небудзь пагрозу для Беларусі, а 60.4% — лічаць, што напэўна або хутчэй за ўсё не ўяўляюць пагрозы. Паводле НІСЭПД, калі здарыцца вайна паміж так званай Саюзнай дзяржавай Расеі і Беларусі з ЗША і краінамі НАТО, то, на думку 20.8% апытаных, Расея і Беларусь выйдуць зь яе пераможцамі. 19.4% апытаных лічаць, што пераможуць ЗША і краіны НАТО, а 47.7%, — што ў такой вайне ня можа быць пераможцаў.

Да ідэі «русского мира», якой прэзыдэнт Уладзімер Пуцін абгрунтоўваў анэксію Крыму, станоўча ставяцца 35.4% беларусаў, абыякава 41.4%, а 15.9% — адмоўна (у чэрвені было 38.9%, 39.4%, 15.2%). Ацэньваючы заяву Пуціна, якая прагучала ў фільме «Крым: вяртаньне на Радзіму», пра тое, што ў час Крымскай апэрацыі ён даў загад у выпадку неабходнасьці быць цалкам гатовымі ўжыць ядзерную зброю, 35.1% апытаных сказалі «ухваляю заяву, паколькі гэта адзіны шлях размаўляць з Захадам: Захад разумее толькі тады, калі зь ім размаўляюць з пазыцыі сілы», а 47.8% успрынялі гэта «з трывогай і неадабрэньнем: падобны шантаж недапушчальны для лідэра такога рангу» (у Расеі гэты паказчык 50% vs. 27%).

На гіпатэтычным рэфэрэндуме аб уваходжаньні ў Эўразьвяз «за» сёньня прагаласавалі б 27.5%, «супраць» — 51.9% (у чэрвені 25.1% vs. 51%). У той жа час, доля прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй трохі павысілася: на рэфэрэндуме аб аб’яднаньні Беларусі і Расеі «за» прагаласавалі б 32.6%, «супраць» — 49.1% (у чэрвені 28.3% vs. 50.9%).

Між тым, узровень падтрымкі Масквы ва ўкраінска-расейскім канфлікце сярод беларусаў зьнізіўся. Так, 57.4% рэспандэнтаў ацэньваюць далучэньне Крыму да Расеі як «вяртаньне рускіх земляў, аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці», а як «імпэрыялістычны захоп, акупацыю» — 26.5% (у чэрвені 62.3% vs. 21.5%). Падтрымліваюць незалежнасьць «Наваросіі» і лічаць, што яе «народ мае права на самавызначэньне» 47.1%, падтрымліваюць тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны 28,1%, лічаць, што «няма ніякай Навароссіі, ёсьць расейская агрэсія супраць Украіны» 12 % (у чэрвені 47.4%, 27 %, 10.5%).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG