Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: казакі на аграрным кірмашы славілі тых, хто штурмаваў палац Аміна


Гомельскія казакі
Гомельскія казакі

У Гомелі на сельскагаспадарчым кірмашы, зладжаным уладамі 27 верасьня на плошчы Паўстаньня, пад выглядам абласной асацыяцыі фэрмэраў выступалі мясцовыя казакі.

Песьнямі яны славілі ня столькі працаўнікоў зямлі, колькі былых савецкіх жаўнераў, якія штурмавалі палац Аміна ў аўганскім Кабуле.

За колькі дзён да кірмашу на інфармацыйным рэсурсе gomel-fermer.by зьявілася абвестка: 27 верасьня на плошчы Паўстаньня адбудзецца канцэрт «Мы разам!», дзе выступяць, як сказана, «лепшыя артысты казацкай і фэрмэрскай абшчыны». Зьверху ў абвестцы пазначана: «25 гадоў Асацыяцыі фэрмэраў Гомельскай вобласьці», ніжэй — «15 гадоў адраджэньня Казацкай абшчыны Гомельшчыны». Ну, і далей запрашаюць «усіх фэрмэраў, казакоў, жыхароў і гасьцей гораду ўзяць удзел у сьвяце і нарыхтоўцы с/х прадукцыі». Арганізатары, у абвестцы ніяк не пазначаныя, запрашалі прыходзіць на плошчу з лыжкай, каб паспытаць «казацкай кашы».

Адкрываючы канцэрт на кірмашы, дзе гомельскія ўлады арганізавалі продаж агародніны, казачы атаман Уладзіслаў Ткачоў павіншаваў людзей са сьвятам Ўзьвіжаньнем Крыжа Гасподняга, пажадаў міру, дабра і цярпеньня дзеля пошуку Царства Нябеснага.

На сцэне – казацкія палкоўнікі Ўладзіслаў Ткачоў і Леанід Гомельскі
На сцэне – казацкія палкоўнікі Ўладзіслаў Ткачоў і Леанід Гомельскі

Пасьля гэтага ён перадаў слова, або «трубачку», як ён сказаў, заслужанаму артысту казацтва Рэспублікі Беларусь Леаніду Гомельскаму. Казацкі палкоўнік сябе называе паэтам і выканаўцам, аўтарам і кампазытарам у адной асобе.

Леанід Гомельскі, у сваю чаргу, абвясьціў са сцэны, што на сьвяце прысутнічае вярхоўны атаман «Усебеларускага аб’яднаньня казацтва», генэрал-лейтэнант Мікалай Ярковіч.

У цэнтры – вярхоўны атаман Мікалай Ярковіч
У цэнтры – вярхоўны атаман Мікалай Ярковіч

Памылкі тут няма — зусім не кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Улаховіч, які таксама называе сябе казацкім генэрал-атаманам, а Ярковіч-атаман, абраны на вялікім казацкім коле. Яму, а таксама вэтэранам Аўганістану і наагул людзям вайсковым, якія «прайшлі ўсё, што можна прайсьці», Леанід Гомельскі прысьвячае песьню «Байцы не дарма ядуць свой хлеб».

Далей пайшлі песенныя прысьвячэньні іншым гасьцям, у прыватнасьці — палкоўніку, узнагароджанаму ордэнам Леніна за ўзяцьце палаца Аміна (прозьвішча не назвалі), а таксама кавалеру трох баявых ордэнаў, першаму намесьніку вярхоўнага атамана Станіславу Гаварушкіну.

Для іх ужо сьпяваў, як абвяшчалі, «жах славянскіх базараў, дракон гомельскай эстрады, чалавек са 170-кіляграмовым талентам Аляксей Сідарцоў». Апрануты ён быў у прасторны чорны чакмень з Георгіем на грудзях і жоўтымі эпалетамі на плячах.

Сьпявае Аляксей Сідарцоў
Сьпявае Аляксей Сідарцоў

У рэпэртуары канцэрту пераважалі расейскія папсовыя песьні пра казакоў і казацтва, уключна з «п’янымі туманамі» гурту «Любэ».

Гараджанам прапаноўвалі нават засвоіць казацкую лексыку: люба — значыць, адабрэньне, нялюба — то бок адмова. Не прапанавалі гамельчукам запомніць, як гучыць «неадабрэньне» ва ўкраінскіх казакоў — цьвёрдае «Гэць!»

На варце – есаул з нагайкай
На варце – есаул з нагайкай

Падмена фэрмэрскай асацыяцыі казацтвам тлумачыцца проста. Мясцовага казацкага атамана Ўладзіслава Ткачова летась абралі на старшыню абласной асацыяцыі фэрмэраў. Выглядае, што пасада атамана яму сапраўды больш «люба», чым фэрмэрскія справы. Пры гэтым Гомельскай фэрмэрскай асацыяцыі наагул яшчэ толькі праз два гады споўніцца «25», а юбілей ужо адзначылі.

Назва канцэрту «Мы вместе!» выглядае таксама невыпадковай. Падобныя музычна-песенныя мерапрыемствы з такой самай назвай ладзяцца і ў іншых гарадах краіны, і скіраваныя яны на падтрымку дзейнага прэзыдэнта, а не казацкага генэрала-атамана Ўлаховіча.

Вакол сцэны
Вакол сцэны

«У нас няма атамана Ўлаховіча, ніхто яго не бласлаўляў, і казацкае кола не давала яму ніякіх паўнамоцтваў вылучаць сябе. У казакоў так: „люба“ альбо „нялюба“. А было сказана яму: „Нялюба“. Ён сам сабе нешта прыдумаў як грамадзянін і сябра Патрыятычнай партыі», — гэтак кажуць гомельскія казакі пра кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Ўлаховіча.

Як сацыяльная зьява казацтва ў Беларусі не было масавым і ўнікальным. Гісторыкі сьцьвярджаюць, што пад казацтвам у Вялікім Княстве Літоўскім трэба разумець дзьве розныя зьявы, зьвязаныя паміж сабою: украінскае (запароскае) казацтва і сфармаваныя па-казацку атрады жыхароў Беларусі. Яны то ўзьнікалі — у Мазыры, Рэчыцы, Кажан-Гарадку, Чавусах, — то распадаліся. Аснову ж войска ВКЛ складалі шляхцічы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG