Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тамара Мацкевіч: Савецкая сыстэма адукацыі — добрая ці дрэнная — не падыходзіць Беларусі


Тамара Мацкевіч.
Тамара Мацкевіч.

Намесьніца старшыні Таварыства беларускае школы кажа пра розьніцу паміж ідэалёгіяй і каштоўнасьцямі, і пра тое, якіх рэформаў патрабуе адукацыя, каб Беларусь не ператварылася ў Прыднястроўе.

Намесьніца старшыні Таварыства беларускае школы Тамара Мацкевіч узяла ўдзел у Міжнароднай канфэрэнцыі «Форум 2000» у Празе, якая сёлета была прысьвечаная ўзаемасувязі паміж дэмакратыяй і адукацыяй. Пасьля канфэрэнцыі яна пагутарыла з карэспандэнтам Радыё Свабода.

Адукацыя савецкая і беларуская

РС: Часта можна пачуць пра высокі ўзровень тэхнічнай адукацыі ў Савецкім Саюзе. Наколькі вы падзяляеце такое меркаваньне і калі падзяляеце, дык ці захаваўся гэты ўзровень у сучаснай Беларусі?

Тамара Мацкевіч: Па-першае, адукацыя савецкага часу можа і была добрая, але для тых мэтаў, якія ставіла перад ёй дзяржава — найперш для абслугоўваньня ваенна-прамысловага комплексу і стрымліваньня актыўнасьці людзей. Прыродазнаўчыя навукі і матэматыка былі на нядрэнным узроўні, гуманітарная адукацыя на нізкім узроўні, а грамадзянская адукацыя цалкам замененая прапагандай. Але для нас няправільна пераносіць гэтую мадэль, бо мы ж не такая краіна — я спадзяюся, мы не зьбіраемся ні на каго нападаць, — а да таго ж цяпер ужо існуе глябальнае інфармацыйнае грамадзтва. Ад дзяцей, ад маладых людзей патрабуюцца зусім іншыя якасьці, каб яны мелі пэрспэктыву працаўладкаваньня ў глябальным сьвеце, каб яны самарэалізаваліся. Таму савецкая сыстэма — якая б яна ні была добрая ці дрэнная — зусім не падыходзіць Беларусі.

РС: Але часам можна пачуць, што менавіта дзякуючы савецкаму падмурку ў адукацыі сучасная Беларусь, напрыклад, мае добрых праграмістаў, якія могуць працаваць на міжнародныя кампаніі.

Калі б тыя міліцыянты, якія хлусьліва сьведчаць супраць апазыцыянэраў, мелі цэласную адукацыю — веды, уменьні і каштоўнасьці — мы б мелі іншае грамадзтва.

Тамара Мацкевіч: Пагаджуся, што беларусы — разумная нацыя, здольная да навук. Вядома ж, ёсьць і падмурак у тэхнічнай адукацыі. Я сама, як чалавек з тэхнічнай адукацыяй, не магу не пахваліць сябе і сваю адукацыю (сьмяецца). Матэматыка ніколі не перашкаджала ніводнаму гуманітарыю — гэта лёгіка, гэта ўменьне крытычна мысьліць. Сучасная беларуская адукацыя яшчэ не пасьпела зьнішчыць той пляст выкладчыкаў, якія маюць веды. Але адукацыя гэта ня толькі веды, яна мае тры вымярэньні — веды, уменьні і каштоўнасьці. Аднымі ведамі нічога ня зробіш. Калі чалавек ведае закон і ўмее ім карыстацца, у яго таксама павінны быць каштоўнасьці. Ён павінен ведаць, што закон нельга парушаць, што закон распаўсюджваецца на ўсіх. Калі б тыя міліцыянты, якія хлусьліва сьведчаць супраць апазыцыянэраў, мелі цэласную адукацыю — веды, уменьні і каштоўнасьці — мы б мелі іншае грамадзтва. Аднымі ведамі — хоць у дакладных навуках, хоць у гуманітарных — не дасягнеш разьвіцьця грамадзтва і дабрабыту, якія патрэбныя цяпер Беларусі.

РС: За гады ад набыцьця незалежнасьці ў чым, на Вашую думку, сыстэма адукацыі палепшылася, а ў чым пагоршылася, у параўнаньні з савецкай?

Тамара Мацкевіч: Я б сказала, што сыстэма дэградавала па ўзроўні ведаў. Школы кіруюцца вэртыкальлю, якая не дае настаўніку свабоды разьвівацца, самарэалізоўвацца і даваць добрыя вынікі. У пляне ведаў школа дэградавала, дэградуе і не відаць, дзе яна спыніцца.

У гуманітарных навуках, мне здаецца, лукашэнкаўская адукацыя яшчэ не пасьпела зьнішчыць тое, што мы пасьпелі зрабіць ў 1990-я гады, калі былі напісаныя новыя падручнікі, вольныя ад ідэалёгіі, калі настаўнік атрымаў свабоду ў выбары мэтадалёгіі. Гэтае пакаленьне крышку пакаштавала свабоды і праўды, і беларусы хоць крыху ўсьвядомілі сябе беларусамі. Пры гэтым мова зьнішчаецца яшчэ больш чым у савецкія часы.

Як «Жыве Беларусь!» прыраўноваюць да «Хайль Гітлер!»

РС: Калі б заўтра памянялася ўлада і вы сталі міністрам адукацыі, што вы найперш зрабілі б для адукацыйнай рэформы?

Тамара Мацкевіч: Мне цяжка сябе ўявіць міністрам, я б дакладна ім не была, але я ведаю процьму людзей, якія маглі б імі быць ня ў гэтай лукашэнкаўскай сыстэме. Але першы крок — даць прафэсійную свабоду настаўнікам, то бок прыбраць бюракратыю са школы, прыбраць ідэалягічную працу, абавязкі зьбіраць грошы з бацькоў, мыць вокны, паліваць кветкі, рамантаваць і гэтак далей. Тут ня трэба вынаходзіць ровар. Дэмакратычныя краіны проста ствараюць рамкавую дзяржаўную праграму, дзе кажацца, што дзеці такога ўзросту пры сканчэньні такога кляса павінны ведаць тое ці тое. Далей настаўнік мае свабоду, якую праграму выбраць, які выбраць падручнік або самому стварыць падручнік, праграму, вынайсьці свой шлях і мэтодыку. Тады ў школу пойдуць прафэсіяналы, якія будуць ведаць сваю місію і прыйдуць туды для самарэалізацыі, а не для выкананьня загадаў.

РС: Вы гаворыце пра рамкавыя праграмы для ведаў, але на пачатку тлумачылі, што ведаў недастаткова, патрэбныя яшчэ і ўменьні ды каштоўнасьці. Ці ня ёсьць каштоўнасьці сынонімам той самай ідэалёгіі?

Тамара Мацкевіч: Каштоўнасьці і ідэалёгія — гэта розныя рэчы. Тут таксама ня трэба нічога вынаходзіць. Ёсьць эўрапейскія дакумэнты, дзе гэта называецца attitude у адносінах да прадмету. Напрыклад, для матэматыкі гэта жаданьне ведаць праўду. Гэтыя attitutdes — стаўленьне, устаноўкі — таксама прапісваюцца ў рамкавых праграмах і набываюцца з дапамогай адпаведных мэтодыкаў, якія, дарэчы, вельмі добра засвойваюць нашыя настаўнікі.

Каштоўнасьці выхоўваюцца, ідэалёгіі індактрынуюцца. Я сама — ахвяра савецкай адукацыі і вельмі добра ведаю, што такое індактрынацыя. Гэта ўстаноўкі кшталту: Амэрыка гэта кепска, Расея гэта добра. Гэтыя краіны кепскія, а гэтыя добрыя.

Яшчэ ў пятым клясе на ўроках геаграфіі я ведала, што Польшча лепшая за Заходнюю Германію, бо яна бліжэйшая да нас, да Савецкага блёку. Гэта канкрэтная індактрынацыя, бо гэта давалася без крытычнага мысьленьня, без аналізу, без дыскусій.

Фашызм, сьмерць, кроў — знакавыя словы, адразу робіцца страшна і гэта працуе на ўзроўні падсьвядомасьці на несфармаванае дзіця.

Тое ж самае цяпер адбываецца ў падручніку беларускай гісторыі за 10 кляс — там паўсюль фактычна стаіць знак роўнасьці паміж «беларускім» і «фашысцкім». Там ёсьць фразы кшталту, што падчас акупацыі адраджалася беларуская культура, і ў беларускіх школах трэба было вітацца словамі «Жыве Беларусь!» альбо «Хайль Гітлер!» Я сама з дыктафонам прайшлася па тых людзях, якія атрымлівалі адукацыю ў беларускіх школах падчас нямецкай акупацыі — яны, дзякуй Богу, яшчэ жывыя — і запыталася ці такое было. У іх школах гэтага не было. Не было вітаньняў з Гітлерам, не было яго партрэтаў, немцаў яны ў школе ня бачылі, проста выкладаньне вялося на беларускай мове, праходзілі Купалу, ставілі «Паўлінку». Я распытвалася ў людзей і з заходняй Беларусі, і з усходняй. Але ў падручніках так напісана, і мне здаецца, што гэта сьвядомая індактрынацыя, каб беларускае зьвязаць з фашызмам. Фашызм, сьмерць, кроў — знакавыя словы, адразу робіцца страшна і гэта працуе на ўзроўні падсьвядомасьці на несфармаванае дзіця.

Паводле той мэтадалёгіі, якая выкарыстоўваецца ў дэмакратычных краінах, была б дыскусія: Як вы думаеце, што адчувалі партызаны, што калябаранты, чаму яны рабілі так? У дзяцей бы разьвівалася крытычнае мысьленьне. Яны б маглі аналізаваць і рабіць высновы. Гэта і называецца прывіцьцё каштоўнасьцяў.

«Расея мэтанакіравана разбурае сыстэмы адукацыі»

РС: На міжнароднай канфэрэнцыі «Форум 2000» Вы паўдзельнічалі ў дыскусіі пра расейскі ўплыў на сыстэмы адукацыі постсавецкіх краін. Што для Вас было найбольш цікавым?

Тамара Мацкевіч: Мяне вельмі ўразіла дыскусія з удзелам прадстаўнікоў трох акупаваных Расеяй тэрыторыяў — Прыднястроўя, Чачні і Крыму. Прыднястроўе ўжо амаль 25 гадоў пад расейскай акупацыяй, чачэнцы кажуць пра 12 гадоў пасьля другой іх вайны, а Крым ўжо больш за год. Мы пачулі як Расея мэтанакіравана разбурае там сыстэмы адукацыі. Гэта прыводзіць да зьмяншэньня якасьці чалавечага капіталу, да эміграцыі, да дэградацыі грамадзтваў. Я пераносіла тое, што яны кажуць, на беларускую сытуацыю, і я магла б падпісацца пад 90 працэнтамі іх словаў. Іх адукацыйныя сыстэму пад уплывам Расеі «дэ юрэ», а нашая «дэ факта».

У нас таксама зьнішчаецца нацыянальная мова, не вядзецца на ёй справаводзтва. У нас таксама разбураецца сыстэма адукацыі з дапамогай бюракратыі і неўласьцівых настаўнікам абавязкаў. Грамадзянская адукацыя заменена вайскова-патрыятычнымі шэсьцямі і мітынгамі. Калі Прыднястроўе — гэта нашая будучыня, то гэта страшна.

РС: Якія крокі варта цяпер рабіць, каб такога не адбылося?

Тамара Мацкевіч: Па-першае, беларусы павінны ўсьвядоміць сябе беларусамі. Тады мы зразумеем, што гэта нашая справа — рабіць адукацыю якаснай. Калі гэта не атрымоўваецца ў варожай да беларускасьці дзяржаве, то трэба рабіць гэта самастойна па-за дзяржавай. Мне прыемна адзначыць, што вялікая частка беларусаў гэта ўсьведамляе. Беларусы не растуць дурнямі. Калі яны не атрымліваюць веды ў школе, дык атрымліваюць у рэпэтытараў, на курсах, займаюцца самаадукацыяй. Беларусы даволі адукаваная нацыя ня дзякуючы, а насуперак сыстэме адукацыі.

Па-другое, што ўжо больш цяжка, беларусы павінны ўсьвядоміць, што ім трэба ня толькі веды, але і гэтае каштоўнаснае стаўленьне, актыўную пазыцыю ў будаваньні і адстойваньні свайго, у супраціўленьні антыбеларускаму, якое робіцца ці нашай, ці суседняй дзяржавай, бяз розьніцы. У адраджэньні мовы, вывучэньні праўдзівай гісторыі.

Мы атрымоўваем інфармацыю, якая несвабодная і апрацаваная фільтрамі расейскай аўтарытарнай сыстэмы пад свае інтарэсы.

Па-трэцяе, для беларусаў вельмі важнай цяпер робіцца моўная кампэтэнцыя. Трэба ведаць ня толькі сваю мову, але абавязкова ведаць хаця б ангельскую мову, як мінімум. Калі мы жывем, ня ведаючы ангельскай мовы, у нас ствараецца ілюзія, што мы інфармаваныя, жывучы ў расейскамоўнай прасторы. Але мы атрымоўваем інфармацыю, якая несвабодная і апрацаваная фільтрамі расейскай аўтарытарнай сыстэмы пад свае інтарэсы. І гэта тычыцца ня толькі палітычных падзеяў, але і навуковай літаратуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG