Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія апазыцыянэры зладзілі перадвыбарчы сход. Пагаварылі пра многае і разышліся


У Магілёве адбыўся перадвыбарчы сход, ініцыяваны мясцовымі апазыцыйнымі арганізацыямі. Ён стаў першым у абласным цэнтры публічным мерапрыемствам за час агітацыйнага этапу сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў.

На сходзе гаварылі пра недапушчальнасьць разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай авіябазы і пагрозы ад яе, а таксама пра рызыку ад атамнай электрастанцыі. Казалі пра выбары і актыўнасьць выбарцаў, пра стан эканомікі і паборы з грамадзянаў ды пра ня выканае абяцаньне ўладаў пачаць трансьляваць украінскі канал на беларускім тэлебачаньні.

Праходзіў сход у актавай залі 21-й школы з дазволу Ленінскай раённай выбарчай камісіі. Пра гэта заявіла на яго пачатку яе старшыня Вольга Клімянкова. Прадстаўнікі ўлады на апазыцыйную сустрэчу з выбарцамі не прыйшлі. Крытычныя выказваньні выступоўцы на сходзе адрасавалі Вользе Клімянковай, якая не рэагавала на іх.

Кіравалі сходам старшыня абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў ды сябра сойму партыі БНФ Зьміцер Салаўёў. Яны ў дваіх прамаўлялі ды адказвалі на пытаньні з залі.

Першым зьвярнуўся да грамады Ўладзімер Шанцаў. У сваёй дзесяці хвіліннай прамове ён абазначыў тэмы для абмеркаваньня на сходзе.

Партыец казаў пра бядотны стан у эканоміцы, засільле ідэолягаў на прадпрыемствах і арганізацыях, што, як зазначыў Шанцаў, парушае канстытуцыю.

«За апошнія пяць год Лукашэнку хваліцца няма чым, — даводзіў выступоўца — Рубель абваліўся ў шэсьць разоў. Для параўнаньня ва Украіне, дзе ідзе вайна, грыўна толькі ў тры разы. Беларусь займае першыя месцы па расьце цэнаў, інфляцыі. І не здарма Лукашэнка ўпершыню не праводзіць Усебеларускі сход. Цяпер яму няма чаго сказаць і пра цяперашнюю сытуацыю і пра пляны на будучыню».

Шанцаў заявіў, што Беларусь ня стала нэўтральнай краінаю, як заяўлена ў канстытуцыі.

«Беларусь актыўна ўцягваецца ў ваенныя авантуры Расеі, — казаў партыец. — Цяпер пытаньне паўстала пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ваеннай базы. Плянуецца, што будзе яна пятнаццаць год. Мы ж ведаем, чым гэта скончылася для Крыму і Ўкраіны. Дужа шмат людзей паддаліся пад прапаганду "рускага міра"і некаторыя катэгарычна выступаюць за расейскую ваенную базу».

Даводзіў Шанцаў, што ў Магілёве немагчыма правесьці акцыі пратэсту, бо ўлада не дае дазволаў, альбо адсылае іх арганізатараў у вызначанае ёю ж месца.

На сход прыйшлі пад пяцьдзесят чалавек. Большая палова крэслаў залі пуставала. Напачатку сходу Ўладзімер Шанцаў давёў журналістам, што расклееныя абвесткі пра сустрэчу з выбарцамі пазрывалі. Адказваючы на пытаньне з залі, чаму на сход прыйшло мала людзей. Шанцаў зноў згадаў сытуацыю з абвесткамі:

«Усе дамы навокал былі абклееныя, а цяпер ніводнага няма. А вы кажыце выбары! Ўлада зрабіла ўсё, каб тут людзей было як мага меней. Для ўлады гэтыя выбары не патрэбныя. Хто-небудзь, ці бачыў агітацыйныя ўлёткі кандыдата ў прэзыдэнты Лукашэнкі? Ён нават на выбарах хоча быць прэзыдэнтам. Ён не зьбіраецца выступаць па тэлебачаньні. Ён хоча быць па-над усімі».

На думку Зьмітра Салаўёва людзей на сход прыйшло няшмат, бо баяцца. «Шмат людзей згубіліся веру, змагаючыся зь цяперашнім беларускім рэжымам. Яны проста апусьцілі рукі. Шмат актыўных людзей пазьяжджалі. У нас няма вялікіх інфармацыйных сродкаў, каб давесьці людзям пра такія як сёньняшнія мерапрыемствы», даводзіў фронтавец.

Многія выступоўцы зь месцаў крытыкавалі дзеяньні ўлады ў пытаньнях будаўніцтва АЭС. Гучалі перасьцярогі, што Расея інвэстуючы грошы ва ўзьвядзеньне АЭС хоча стварыць у Беларусі «брудную бомбу». Казалі, што энэргія з АЭС будзе таннай, але яе насельніцтву будуць прадаваць задорага. Што да разьмяшчэньня расейскай авіябазы, то ўдзельнікі сустрэчы перасьцерагалі, што Беларусь стане мішэньню ў магчымым канфлікце.

Ужо на пры канцы сустрэчы прагучала з залі пытаньне адносна ўдзелу ў выбарах: «Дык, што мы можам зрабіць?» Зьміцер Салаўёў параіў ісьці ў назіральнікі. Ён заявіў, што апазыцыя хоча аднаго, каб выконвалася на выбарах выбарчае заканадаўства.

«Трэба, каб у выбарчыя камісія паказвалі назіральнікам кожны бюлетэнь і тады ні ў каго ня будзе пытаньняў», казаў фронтавец.

Актывіст заявіў, што цяпер ва ўчастковыя камісіі ўключаныя мізэрная колькасьць апазыцыйных вылучэнцаў, што ня можа, на ягоную думку, сьведчыць пра справядлівы падлік галасоў. Уладзімер Шанцаў заявіў, што на выбары ён асабіста ня пойдзе. Ня пойдуць, запэўніў ён удзельнікаў сходу, і кіраўнікі ўсіх беларускіх апазыцыйных партыяў.

«Вы ня ўдзельнічаеце ў выбарах, бо ня можаце зьмірыцца з паразай на іх», прагучала пытаньне з залі. На яго адказаў Ўладзімер Шанцаў, спасылаючыся на меркаваньні экспэртаў: «Гэта яны так лічаць ня я. Дык вось не сабралі 100 подпісаў ні Лябедзька, ні Калякін, ні Караткевіч. Акрамя Лукашэнкі ніхто не сабраў. Лябедзька і Калякін чэсна прызналіся, што яны не сабралі».

Сход скончыўся распаўсюдам сярод яго ўдзельнікаў пастановы кіраўнікоў палітычных партыяў пра недапушчальнасьць разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай авіябазы. У абвестцы гаворыцца, што ў Менску 4 кастрычніка адбудзецца сход «За мірную і нэўтральную Беларусь».

Кіравалі сходам старшыня абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў (зьлева) ды сябра сойму партыі БНФ Зьміцер Салаўёў (справа).
Кіравалі сходам старшыня абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў (зьлева) ды сябра сойму партыі БНФ Зьміцер Салаўёў (справа).

На сходзе
На сходзе

Былы вайсковец Віктар Болдзін: “Калі фашысты напалі на СССР, то бамбілі аэрадромы ў першую чаргу”
Былы вайсковец Віктар Болдзін: “Калі фашысты напалі на СССР, то бамбілі аэрадромы ў першую чаргу”

Актывіст Аляксандар Страх ня верыць, што беларуская АЭС будзе бясьпечнай, а яе энэргія таннай для насельніцтва.
Актывіст Аляксандар Страх ня верыць, што беларуская АЭС будзе бясьпечнай, а яе энэргія таннай для насельніцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG