Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Гомелі вяскоўцы прадаюць малако з асфальту


Архіўнае фота
Архіўнае фота

У шэрагу бойкіх месцаў Гомеля вяскоўцы часьцяком прапануюць гараджанам сваю малочную прадукцыю проста з асфальту. Такім чынам імкнуцца зарабіць капейку. Здаваць малако ў калгас ня толькі нявыгадна, але й часам немагчыма, бо ў вёсках няма зборшчыкаў малака.

На невялікім лапіку асфальту пры ўваходзе на Прывакзальны рынак трое жанок прапануюць гамельчукам малако й тварог хатняга вырабу.

Кабета ў гадах прывезла сваю малочную прадукцыю зь вёскі Раманавічы Гомельскага раёну.

«З Раманавічаў — па 10 тысяч за літар. Тваражок, паўкілё 25 тысяч, а тут — шэсьцьсот грамаў. Паспытайце, які тваражок. У печы адтоплены, харошы».

Суразмоўніца кажа, што лішкі малака мусіць перарабляць на тварог альбо вазіць у горад сырадой і прадаваць. Пасьля далучэньня іхняга саўгасу «Бярозкі» спачатку да аграпрамтэхнікі, а пасьля да прадпрыемства «Цяплічнае», зьніклі й зборшчыкі малака. І цяпер вяскоўцы калі б і хацелі здаць тое малако з уласнай гаспадаркі, то нават ня ведаюць, як і куды:

«Калі б мы ведалі, як і куды? А то ж няма куды здаваць, няма каму зьбіраць. Мы ж у Раманавічах, дык у нас няма каму здаваць — саўгаса цяпер у нас няма».

Вяскоўка лічыць, што цяпер трымаць карову ў вёсцы наагул не выпадае, бо багата трэба пакласьці на яе і сілаў, і сродкаў:

«Ой, якая тут выгада? Камбікорму купі, сена купі — адкуль тут выгада? Выходзіць, што нам трымаць карову зусім нявыгадна. Гэта ўжо з-за таго трымаем, што ўцягнуліся — як тыя наркаманы».

Выходзіць, што нам трымаць карову зусім нявыгадна. Гэта ўжо з-за таго трымаем, што ўцягнуліся — як тыя наркаманы

Іншыя кабеты ад размоваў ухіляюцца. Бяруць свае валізы з малаком у плястыкавых бутэльках і зьнікаюць сярод гандлёвых радоў, кідаючы на хаду рэплікі кшталту: пішы не пішы, а зьмяніць нічога нельга. Як было тое малако таньнейшае за мінэральную ваду, так і застаецца — тры з паловай тысячы за літар альбо крыху больш. Да таго ж вясковых гандляроў, якія прадаюць малако з асфальту, пастаянна ганяе міліцыя — і малако ў іх не праверанае на радыяцыю, і эстэтыкі гораду не дадаюць.

Спадарыня Валянціна з прыгараднай Касьцюкоўкі прадае малако каля міні-рынку ў мікрараёне «Стары аэрадром». Побач зь ёй жанкі й мужчыны прапануюць садавіну й гародніну з уласных лецішчаў.

Валянціна: «Малако прадаю — 8 тысяч за літар. Хіба ж гэта грошы? А карове ведаеце колькі трэба?».

Жанчына кажа, што й карміць уласную карову няма чым, асабліва сёлета, бо ад сьпёкі нават трава павыгарала:

«Няма чым яе карміць добрым. Травы няма, каб дзе пасьвіць кароў. І сена няма. Усё то пад калгаснай кукурузай, то пад пшаніцаю».

Адзін з кіраўнікоў сельскага савету, што за два дзясяткі кілямэтраў ад абласнога цэнтру, кажа, што ў іх на паўтысячы вяскоўцаў толькі тры каровы. Людзі сцураліся іх трымаць, бо цяпер у бок прыватных гаспадарак улада, па сутнасьці, не глядзіць:

«Тры каровы, а пяцьсот шэсьцьдзесят жыхароў у вёсцы. Уяўляеце? Практычна няма кароў. Людзі перасталі трымаць. У нас зьнікла гаспадарка. Калі б тут калгас ці саўгас быў, тады б і людзі трымалі. А паколькі тут зьліквідавалі фэрму, занядбалі тэрыторыю, то ўсё так і здарылася».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG