Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Севярын Квяткоўскі


Севярын Квяткоўскі нарадзіўся ў 1973 у Менску. Публіцыст, літаратар, блогер. Усе тры іпастасі зьбірае пад адным азначэньнем «мэдыя-пісьменьнік». Аўтар зборніка эсэ «Каляндар на будучыню» (2000, электронная вэрсія) і іранічных мініятураў «Фрашкі да пляшкі» (2007); суаўтар зборніку іранічных мініятураў «Народныя фрашкі» (2008, аўдыёкніга); аўтар зборніку навэлаў «Падарунак для Адэлі» (2012) і кнігі дакумэнтальна-публіцыстычнага праекту «Як стаць беларусам» (2014). Удзельнічаў у мэдыйных праектах «Нашай Нівы», «Имя», Radio 101,2 FM, Радыё Рацыя, грамадзкім праекце «Будзьма беларусамі!». Сталы аўтар Радыё Свабода.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Найперш я пішу для сваіх сяброў. Гэта такі псыхалягічны прыём. Бо ведаю, што насамрэч кола патэнцыйных цікаўных тваёй творчасьцю непрадказальнае. Напрыклад, па выхадзе маёй першай кніжкі «Фрашкі да пляшкі» мае многія знаёмыя казалі, што кнігу зь вялікім інтарэсам праглыналі іх дзеці-падлеткі. А перад тым на мае апавяданьні і эсэ, публікаваныя ў «Нашай Ніве», адгукаліся, напрыклад, досыць сталыя людзі, хоць я думаў, што пішу для моладзі. Цяпер, дзякуючы інтэрнэту, які дае магчымасьць чытаць водгукі розных людзей, ведаю, што маю досыць шырокае кола прыхільнікаў.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Фізычна я пішу досыць хутка, і ў якім-заўгодна месцы, я ўмею адключацца ад якіх-кольвек «шумоў». А вось самі тэксты (цяпер гэтай найперш публіцыстыка) могуць у галаве круціцца досыць доўга.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

У мяне ёсьць улюбёныя пісьменьнікі, але аўтарам я хачу быць толькі ўласных твораў. З тых, хто мяне натхняе — гэта Марк Твэн, О’Генры, Яраслаў Гашак, Ільф і Пятроў, Сяргей Даўлатаў. Натхняюць творчым падыходам, калі журналісцкая праца не замінала аўтарам, а давала новы ракурс для літаратурнай творчасьці.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Некаторыя з герояў О’Генры — лірыкі вялікага гораду.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Я зь дзяцінства люблю Франсуа Рабле. Ня раз чытаў адапатаваную для дзяцей вэрсію ягонага «Гарганцюа і Пантагруэля». А ў дарослым узросьце два разы перачытаў арыгінальны твор. Я дагэтуль не магу зразумець, як такі сучасны нам паводле сьветагляду чалавек мог пісаць у XVI ст, і яшчэ пры гэтым памерці сваёю сьмерцю. Сёньня яго б назвалі постмадэрністам.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Канкрэтна апошнія месяцы я не магу адарвацца ад таго, што адбываецца ў сьвеце ў нашым рэгіёне, таму найперш чытаю публіцыстыку аўтараў з розных краінаў. З апошніх літаратурных уражаньняў — «Сіні карабель у блакітным моры плыве» Сяргея Дубаўца.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Польская, украінская, француская.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Пакуль найбольш улюбёны для мяне ёсьць першы твор, які апублікавала «Наша Ніва» ў 1993 годзе: імпрэсія «На гэтай паперы...». Бо першы. Калі казаць пра зборнікі, я люблю свае эсэ, імпрэсіі і навэлы. Хоць, відавочна, люблю і ганаруся праектам «Фрашкі», які стаўся найбольш папулярным праз кнігу «Фрашкі да пляшкі», атрымаў працяг у выглядзе аўдыёкнігі «Народныя фрашкі», і вось цяпер я з камандай працую над анімаваным флэш-сэрыялам «Фрашкі motors», выхад першага сэзону зь дзесяці сэрыяў заплянаваны на канец 2015 году.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Я працую над раманам. Ужо магу анансаваць магчымую публікацыю ў наступным годзе, бо справа рушыць досыць бадзёра. Пакуль магу сказаць, што гэта будзе па форме постапакаліптычнае фэнтэзі пра Менск, па сутнасьці — сатыра. Будзе дынамічна і весела пра сур’ёзныя рэчы.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Калі ствараю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG