Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Настаўніка губляем. Хутка будзем хадзіць п’яныя і дурныя


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сёлета ў школы Беларусі па разьмеркаваньні накіравалі 5 036 маладых спэцыялістаў. Але гэта не вырашае праблему дэфіцыту настаўнікаў. Толькі на сайце rabota.by на 31 жніўня было 387 настаўніцкіх вакансіяў. Патрабуюцца выкладчыкі матэматыкі, замежных моў, геаграфіі, біялёгіі, хіміі, інфарматыкі, беларускай і расейскай моваў — практычна ўсіх прадметаў. Цякучасьць кадраў у сфэры адукацыі — 62%. То бок амаль дзьве траціны выпускнікоў пэдагагічных унівэрсытэтаў, якія вучыліся за кошт рэспубліканскага бюджэту і былі разьмеркаваныя ў школы, адпрацаваўшы абавязковыя 2 гады, сыходзяць з сыстэмы адукацыі. У чым прычына? Чаму яны не затрымліваюцца ў школе?

«Мы абавязкова павінны падтрымліваць ідэалёгію дзяржавы»

Першыя ўражаньні маладога спэцыяліста, якому, у прынцыпе, пашанцавала — яго ўзялі на працу ў прэстыжную сталічную гімназію:

«У першы дзень шмат разоў казалі пра тое, што мы абавязкова павінны падтрымліваць ідэалёгію дзяржавы, прычым паўтарылі некалькі разоў за першыя пяць хвілін. Потым запыталіся, ці ёсьць у нас пашпарты з сабой, папрасілі аказаць падтрымку дзейнаму прэзыдэнту, паставіць за яго подпіс. Некалькі чалавек адразу сказалі, што пашпарты забыліся дома».

Наступны крок — абыход кватэр мікрараёна, каб высьветліць, колькі дзетак у пэрспэктыве пойдзе ў школу, колькі ўжо вучыцца, у якіх школах, гімназіях — у краіне, як вядома, «всеобуч». «На перадавую» кідаюць выключна маладых спэцыялістаў. І гэта ў першыя дні працы, калі ўрокі яшчэ не пачаліся. А наперадзе — яшчэ шмат цікавага, сьцьвярджае чыноўніца аднаго з раённых упраўленьняў адукацыі Менскай вобласьці Вольга Мікалаеўна:

На сёньняшні дзень пазыцыя дзяржавы — што настаўнік павінен падтрымліваць усе пачынаньні дзяржавы.

«На сёньняшні дзень пазыцыя дзяржавы — што настаўнік павінен падтрымліваць усе пачынаньні дзяржавы. Таму праца настаўніка выходзіць далёка за межы ўрокаў і школы. Гэта і пазашкольныя мерапрыемствы — настаўнікі і вучні задзейнічаныя на спартовых спаборніцтвах, прысутнасьць настаўнікаў і дзяцей на розных выставах, гэта ўсё робіць настаўнік у свой непрацоўны час. І гэта зусім ня 2–3 гадзіны. Часьцяком гэта заканчваецца а 20-й, а то і а 21-й гадзіне. І такую нагрузку ня кожны вытрымае, такі рытм, тэмп».

Што да асноўнай нагрузкі, непасрэдна выкладаньня, урокаў, то звычайная стаўка настаўніка — 20 гадзін на тыдзень. Але паколькі настаўнікаў часьцяком не хапае нават у прэстыжных сталічных гімназіях, то малады спэцыяліст мусіць працаваць, як кажуць, «за сябе і за таго хлопца». Просты прыклад: з 18 настаўнікаў замежных моў у адной з гімназіяў сёлета звольнілася сямёра, адпрацаваўшы два абавязковыя гады па разьмеркаваньні. Ім на зьмену прыйшлі толькі трое.

Аклад маладога спэцыяліста — 1 мільён 151 тысяча 172 рублі

Заробак маладога спэцыяліста
Заробак маладога спэцыяліста

Малады спэцыяліст Алег распавёў:

«Казалі, што стаўка — гэта 20 гадзін на тыдзень, але з-за таго, што ў мінулым годзе вельмі шмат спэцыялістаў звольнілася, мне далі замест 20 гадзін 28 ды яшчэ адну гадзіну факультатыву. Сказалі, што дадуць пад’ёмныя парадку 700 тысяч — 1 мільёна. А наконт акладу — у паперцы аб працаўладкаваньні, якую мне далі, каб аднёс ва ўнівэрсытэт, пазначана 1 мільён 151 тысяча. Але я спадзяюся, што будзе крыху больш, з прэміямі. Ну, а наагул — сказалі, што мільёны тры будзем атрымліваць».

Другі малады спэцыяліст, Павал, трапіў у звычайную школу ў мікрараёне Каменная Горка. У новых сталічных мікрараёнах, кшталту Каменнай Горкі, Малінаўкі, Кунцаўшчыны школы перагружаныя, бо там цяпер будуецца шмат жытла, а сацыяльныя аб’екты ад гэтых тэмпаў адстаюць.

«Наша школа загружаная на 180%, як кажа дырэктар. Таму школа працуе ў дзьве зьмены. Дзяўчаты, якія будуць працаваць другі год таксама па разьмеркаваньні, пасьля Лінгвістычнага ўнівэрсытэту, кажуць, што першы год яны прыходзілі на працу а 8-й раніцы і сыходзілі а палове на восьмую вечара. За гэта плацілі 3–3,5 мільёна. Гэта з усімі надбаўкамі, прэміямі. То бок 3,5 мільёна — сярэдні заробак выкладчыка замежнай мовы. Сёньня на сходзе мне сказалі, што паколькі ў школе дэфіцыт настаўнікаў, абавязковым будзе яшчэ правядзеньне факультатываў. Калі я запярэчыў, што мне і так далі больш урокаў, чым стаўка, прапісаная ў кантракце, завуч адказала, што, маўляў, «школа працуе не для вас, як вам зручней, а для вучняў, таму калі я кажу, што вы будзеце працаваць з нагрузкай 36 гадзін на тыдзень, то вы будзеце працаваць з такой нагрузкай».

Такім чынам, аклад маладога спэцыяліста — 1 мільён 151 тысяча рублёў, з усімі надбаўкамі і прэміямі пры загрузцы на паўтары стаўкі — 3,5 мільёна. Праўда, Нацыянальны статыстычны камітэт адрапартаваў, што ў ліпені 2015 году сярэдні заробак у сфэры адукацыі склаў 4 мільёны 799 тысяч рублёў, у тым ліку настаўнікаў — 5 мільёнаў 715 тысяч рублёў. Паводле цяперашняга курсу гэта прыкладна 330 даляраў.

Яшчэ адна праблема — жытло

Чыноўніца ўпраўленьня адукацыі аднаго з райцэнтраў распавяла, як дапамагалі атрымаць жытло маладой настаўніцы, якая прыехала працаваць па разьмеркаваньні:

Пад’ёмныя называюць ня вельмі прыстойным словам, таму што яны ня вырашаць і сотай долі праблемаў, якія паўстаюць перад маладым спэцыялістам перад пачаткам году.

«Нават калі і даюць жытло, то вельмі дрэннае. Мы тэлефануем ва ўсе ПТВ, каб ёй далі інтэрнат. Далі. У тым інтэрнаце стол, крэсла, ложак — і больш нічога. Мы самі зьбіралі ёй па сваіх кватэрах старую шафу, старую лядоўню, таму што там было далёка нават да сярэдняга ўзроўню. Пад’ёмныя называюць ня вельмі прыстойным словам, таму што яны ня вырашаць і сотай долі праблемаў, якія паўстаюць перад маладым спэцыялістам перад пачаткам году. А наперадзе яшчэ ўвесь навучальны год, патрэбныя і падручнікі, і мэтадычная літаратура, дапаможнікі, патрэбная тэхніка, кампутар, ноўтбук, прынтэр. Гэта застаецца марай. Колькі яна вытрымае, тая Каця?»

Яшчэ адна праблема — стаўленьне да маладога спэцыяліста амаль як у войску, дзе існуе «дзедаўшчына», кажа малады настаўнік-пачатковец Павал:

«Мне склалі такі нязручны расклад, столькі „фортак“, што я ў школе буду знаходзіцца з раніцы да вечара. Няважна, што я буду адпрацоўваць 5 урокаў у дзень, я ж буду знаходзіцца ў школе значна болей. Зразумела, „старажылам“ робяць расклад зручны, а маладому спэцыялісту — як застанецца. У мяне расклад такі: я прыходжу а 8-й раніцы, потым у мяне дзьве „фортачкі“, потым урок аб 11-й, потым яшчэ дзьве „фортачкі“, і так да вечара».

Савецкая практыка жыве і квітнее ў нашы дні

Ева Гілевіч
Ева Гілевіч

Рэпэтытар ангельскай і беларускай мовы, а таксама валянтэрка курсаў «Мова нанова» Ева Гілевіч пасьля Лінгвістычнага ўнівэрсытэту сумленна адпрацавала два гады па разьмеркаваньні і сышла са школы.

Інтэрнату ў Менску ёй не далі, нагрузка была вялікая. Акрамя выкладаньня, было шмат бюракратычнай працы. Але самае крыўднае — стаўленьне да выкладчыка ў грамадзтве як да абслуговага пэрсаналу, кажа Ева Гілевіч:

Настаўнік вінен усім, пачынаючы з адміністрацыі школы, дзяцей, бацькоў і заканчваючы — калі трэба адвесьці масоўку, дзяцей на нейкія хакейныя матчы.

«Калі адказаць на пытаньне, што можа выратаваць — гэта рэформа школьнай адукацыі. Найперш, стаўленьне да выкладчыка як да чалавека, які стварае будучыню нацыі, а не які проста прымае ваша дзіця і глядзіць да абеду, каб яно не пабілася, каб нешта пачытала, нешта папісала ды пайшло дахаты. То бок цяпер стаўленьне да выкладчыка, да настаўніка ў школе — як да абслуговага пэрсаналу. Я кажу са свайго досьведу ў школе, таму што настаўнік вінен усім, пачынаючы з адміністрацыі школы, дзяцей, бацькоў і заканчваючы — калі трэба адвесьці масоўку, дзяцей на нейкія хакейныя матчы.

Настаўнікі проста абслугоўваюць усю гэтую сыстэму, запаўняючы ўсялякія паперкі, выконваючы ўсялякія разнарадкі. З-за такога пагардлівага стаўленьня да выкладчыкаў зьверху такое стаўленьне, і часьцяком зьняважлівае атрымліваецца ў дзяцей і ў бацькоў.

Да таго ж у нас такая савецкая практыка, якая жыве і квітнее ў нашы дні. Піянэрскія сходы, хакей, масавыя мерапрыемствы — гэта нават не абмяркоўваецца. Дзеці ідуць у масоўкі, а выкладчык — сядзі, маўчы.

У нас выкладчык ня мае ніякіх правоў і ў пастцы знаходзіцца. І за той мізэр, які ён атрымлівае, і за тую глыбу працы, якую ён вымушаны выконваць, прычым, працы нейкай дурной — то як зь яго патрабаваць? Ён, у прынцыпе, сам ня мае аддачы ніякай з гэтай працы.

Маладому выкладчыку трэба яшчэ шукаць жытло, яго не даюць (як было са мной). Гэта ўсё весела, калі разумець, што ты праз два гады зваліш. А калі разважаць пра тое, як выкладчыка затрымаць, каб ён не пайшоў у «Макдак» працаваць, то патрэбная рэформа. Усё разам — бюракратыя, заробак, падручнікі — сьнежны ком, і немагчыма ахапіць яго памер».

Вось такое выходзіць замкнёнае кола, падсумоўвае Ева Гілевіч.

Пункт невяртаньня ўжо прайшоў

У пэдагога з 30-гадовым стажам Вольгі Мікалаеўны аптымізму яшчэ менш:

«На сёньня я ня бачу мэханізмаў утрыманьня настаўнікаў, таму што пункт невяртаньня, сказам так, ужо прайшоў. Сёньня настаўнік настолькі прыніжаны ў вачах грамадзтва, што ні самі бацькі, ні дзеці яго не паважаюць. Таму я як спэцыяліст сыстэмы адукацыі ня бачу, якімі сродкамі можна ўтрымаць настаўніка ў школе.

Сёньня аўтарытэт настаўніка нават у вёсцы вельмі нізкі. Гэта, як правіла, альбо пэнсіянэры, людзі ва ўзросьце, альбо маладыя спэцыялісты, якія, адпрацаваўшы год-два, звальняюцца і наагул сыходзяць з прафэсіі».

У маладога спэцыяліста Алега, які 1 верасьня ўпершыню пераступіў парог клясы ў якасьці ўжо не практыканта, а самастойнага выкладчыка, аптымізму асаблівага няма:

«З такімі грашыма і такім стаўленьнем да настаўніка, канечне, няма жаданьня заставацца ў школе пасьля двух гадоў адпрацоўкі, таму што 3 мільёны — гэта ня тыя грошы, за якія можна годна пражыць. Атрымліваць 170–200 даляраў — гэта вельмі мала, складана на гэта пражыць. Калі яшчэ ёсьць дзе жыць, а калі здымаць кватэру — ні на што іншае не застанецца».

Яшчэ ў 2003 годзе Аляксандар Лукашэнка сказаў: «Згубім настаўніка — капец: будзем хадзіць п’яныя і дурныя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG