Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Ігар Сідарук


Ігар Сідарук нарадзіўся 23 ліпеня 1964 у Кобрыні, дзе цяпер і жыве. Скончыў філфак Белдзяржунівэрсытэту (1981-1986). Аўтар паэтычных сборнікаў «Чарнабел», «Саната Арганата», «Моўкнасьць», кніжкі прозы «Квадратная варона». Напісаў каля 24 драматычных твораў для тэатраў драмы і лялек, большасьць зь якіх знайшла сцэнічнае ўвасабленьне. У літаратурных колах вядомы як «бацька беларускага абсурду», «празаік-фантасмагорык, драматург-сюррэаліст, выказьнік маргінальнай сьвядомасьці, майстар чорнага бурлеску...» Жанаты, мае дзьве дачкі. Апошнім часам захапляецца фатаграфіяй.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Мой ідэальны чытач — дзед на прызьбе, які сядзіць зь піпкай, гартае маю чарговую кніжку і за кожным разам-сказам прыгаворвае «Ну тваю ж маць! Як, гаўнюк, піша!..»

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Дома, у Кобрыні. Раньняй раніцай, калі я сам-насам з Сусьветам.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Як зразумеў, нейкага іншага аўтара? Ёсьць такі выраз «няма адказу». Няма адказу.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Ня ведаю. Для гэтага трэба ведаць усіх літаратурных герояў. Што не «станоўчы» пэрсанаж — дакладна, а з «адмоўных»... хіба Джэк Торанс са «Зьзяньня» С. Кінга ці... Раскольнікаў Ф. Дастаеўскага?!

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Стывэн Кінг.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Тина Силиг «Разрыв шаблона»; Том Питерс «ВАУ!-проекты. Как превратить любую работу в проект, который имеет значение»; Джей Папазан, Гэри Келлер «Хочу... совершить прорыв!»

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

На ўкраінскай. Прыблізна разумеючы, пра што гаворка — на польскай, францускай, чэскай.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

«Квадратная варона».

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

«Казкі абсурду» — кніжка кароткіх прыпавесьцяў пра нашу фэерычную рэчаіснасьць.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Не паверыце, ужо тры гады — заўсёды! (Ня лічачы бязглузда патрачаных месяцаў работы ў райгазэце невядома для чаго і для каго...)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG