Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тараканы: 4. «Тожа рускі»


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

«Тожа рускі» ня любіць, калі за мяжой яго пачынаюць распытваць пра Беларусь. Гэта напружвае.

Трэба ўзгадваць такія відавочныя для замежніка рэчы, якіх сам чамусьці ня ведаеш. Гісторыя, мова, культура – усё тое, што ня мае практычнага сэнсу ў жыцьці, і таму ты гэтым не цікавісься, і ня ведаеш.

Таму «тожа рускі» звычайна за заходняй мяжой прадстаўляецца проста рускім, то бок расейцам. «А, Раша – балабайка, мядзьведзі, Крэмль, Сібір». Цяпер яшчэ і Крым…

Цяжкі ўдар. Адграбаць за чужыя ўчынкі ня хочацца. Лепш пашурупіць у галаве, і ўзгадаць свой клясычны набор беларуса: бульба, трактар, партызаны... Не, ня зьдзівіш. Паўсюль ёсьць бульба, трактар і партызаны былі. Выручаюць вядомыя ў сьвеце спартоўцы. «О, БАТЭ! Вэры гуд».

Затое на ўсход ад Беларусі «тожа рускаму» файна. Аліўе, 8-га марта, Дзень дэсантніка, праваслаўны атэізм, «С лёгкім паром», Петрасян... Вялікі набор кодаў, які пазначае свой-чужы, незалежна ад этнічнага паходжаньня. Коды, якія не патрабуюць нават сярэдняга веданьня гісторыі і культуры сваёй краіны. Напружвацца зусім ня трэба.

«Тожа рускі» – не лайдак. Ён рацыянальны, як ён мяркуе, да мозгу костак чалавек. Адсутнасьць інтарэсу да сваёй культуры падтрымліваецца з самых вярхоў. У прынцыпе, «тожа рускія» займаюць шмат кіроўных пасадаў, ад нумар адзін і ніжэй па лесьвіцы шматлікіх бюракратычных установаў.

Калі такога начальніка чапануць, напрыклад, веданьнем беларускай мовы, ён можа шчыра абурыцца: «Не занімайцесь глупасьцямі!». Альбо: «Вам што – рабіць няма чаго?». Гэта калі вы, напрыклад, патрабуеце адказаць вам па-беларуску. Ваша просьба ўспрымаецца альбо як зьдзек, альбо як наезд, альбо як жаданьне «выпендрыцца».

Зрэшты, мне падаецца, што ў душы кожны «тожа рускі» разумее сваю недаробленасьць як асобы. Звычайна гэта людзі, чые бацькі, ці, прынамсі, дзяды-бабулі гаварылі «па-свойму», ведалі і шанавалі ня толькі савецкія традыцыі. Былі іншымі, яшчэ без Аліўе.

І тараканы ў той генэрацыі былі зусім іншыя, якім былі сотні, калі ня тысячы гадоў: усе тыя прымхі, забабоны і прыкметы, якія цяпер захоўваюцца ў зборах этнографаў і фальклярыстаў.

А яшчэ генэрацыя дзядуль-бабуль жыла ў час, калі развагі пра сваю якую-заўгодна, апроч савецкай, самаідэнтыфікацыю маглі скончыцца турмой ці магілай. Сучасны «тожа рускі» іншы. Ён гадаваны ў адносна вольны час, калі нават за анэкдоты пра Брэжнева ў турму не саджалі, ня тое, што за развагі пра свае карані, свае погляды на краіну.

«Тожа рускі» розны. Гэта можа быць ціхі чалавек, які тайком слухае радыё Свабода, але баіцца прызнацца ў гэтым блізкім знаёмым. А можа быць агрэсіўным носьбітам «тожарускасьці» як цэлай філязофіі, што пры блізкім разглядзе выглядае хутчэй непісьменнасьцю, узмоцненай хамствам. Такі можа заходзіць на сайт Свабоды, каб чарговы раз плюнуць ананімна ў камэнтах пад матэрыяламі, якія малююць адрозную карціну сьвету.

Але збольшага, як па мне, «тожа рускія» беларусы – людзі як людзі, якіх сапсавала кватэрнае пытаньне, няякасныя СМІ і адукацыя. Яны не агрэсіўныя і ня моцна зашуганыя. І ў лёсе кожнага зь іх шмат што залежыць ад асабістых якасьцяў. Хтосьці можа стаць ахвярай ня «тожа», а сапраўднага «рускага міру», як гэта адбылося зь людзьмі на Данбасе. А камусьці хопіць унутранай выхаванасьці і крытычнага мысьленьня, каб не дазволіць уцягнуць сябе і краіну ў авантуру.

У кожным разе, «тожа рускі» паціху дэактуалізуецца. Хоча ён таго ці не, час вымагае ад людзей адкідаць прыстаўку «таксама» і выказвацца па сутнасьці – дык які ты канкрэтна?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG