Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі хакер-афэрыст атрымаў прытулак у ЗША, каб ня трапіць у рукі КДБ


Знаёмцеся: Дзьмітры Наскавец, афэрыст зь Менску. Так прадстаўляе агенцтва Bloomberg на сваім сайце кібэрзлачынцу зь Беларусі. Пра яго некалькі гадоў таму распавядала і Свабода.

Зьміцер Наскавец — заснавальнік інтэрнэт-службы CallService.biz — судом ЗША быў прызнаны вінаватым у махлярстве з банкаўскімі пераводамі і крэдытнымі картамі, за што сеў у амэрыканскую турму на 33 месяцы.

Барысаўчанін Сяргей Наскавец разам са сваім аднаклясьнікам Сяргеем Сямашкам у 2009 годзе стварыў сэрвіс, які абслугоўваў іншых інтэрнэт-махляроў, што выкрадалі грошы з чужых банкаўскіх рахункаў. Дзеля абароны ад злодзеяў банкі часта патрабуюць, каб кліент пацьвердзіў грашовую транзакцыю па тэлефоне і адказаў на некалькі кантрольных пытаньняў. Наскавец і Сямашка стварылі сетку тэлефонных апэратараў-амэрыканцаў, якім перадавалі выкрадзеныя ў банкаўскіх кліентаў дадзеныя. Апэратары тэлефанавалі ў банкі, прыкідваліся ўладальнікамі рахункаў, слушна адказвалі на пытаньні і атрымлівалі дазвол на зьняцьце грошай.

«Я разумею, што гэта дрэнна, — кажа сёньня Наскавец. — Але калі вы малады, вы сядзіце ў Беларусі і вам патрэбныя грошы..., — ён змаўкае. — Вы ня бачыце сьлёз людзей. Вы проста націскаеце кнопку».

У 2009 годзе Дзьмітры Наскавец зьехаў у Прагу, дзе яго і затрымалі ў 2010. Ён і да сёньня ня ведае, як яго вылічыла ФБР — грашыць на былую сяброўку. Акрамя таго, абвінаваўчае заключэньне спасылалася на чат, празь які ён выпадкова паслаў асабістую інфармацыю кліента. Яму пагражала 37 гадоў турэмнага зьняволеньня, але беларус актыўна супрацоўнічаў са сьледзтвам — добраахвотна пагадзіўся на экстрадыцыю ў ЗША, цалкам прызнаў сваю віну і выдаў ФБР сваіх замоўцаў. Таму, калі завяршылася сьледзтва, якое доўжылася два гады, судзьдзя вынес Наскаўцу на дзіва мяккі прысуд, у параўнаньні з тым, які запрошваўся першапачаткова: 2 гады і 7 месяцаў турмы.

«Наскавец — нястомны аптыміст», — апісвае свае ўражаньні аўтар інтэрвію зь ім Д’юн Лоўрэнс. Адседку ў амэрыканскай турме ён успрыняў хутчэй як прыгоду: працаваў, шмат чытаў — Кіта Рычардса, рускія раманы, падораныя турме ягоным папярэднікам — украінскім хакерам Раманам Вегам. У турме карыстаўся павагай.

Пасьля адседкі, загад аб дэпартацыі выкідаў яго назад у Беларусь. Наскавец са сваімі адвакатамі змагаліся супраць дэпартацыі два гады: расьпісалі катаваньні, якія чакалі яго на радзіме з-за колішняй сутычкі з КДБ, і нарэшце, у 2014, іміграцыйны судзьдзя, устаўшы на ягоны бок, дазволіў застацца ў ЗША.

«Я сустрэў Дзьмітрыя праз два тыдні пасьля гэтага, у сярэднеазіяцкай рэстарацыі ля Коні-Айлэнд, — расказвае Д’юн Лоўрэнс. — Ён ужо меў працу ў офісе Аркадзя Буха — адваката, які прадстаўляў у судзе ягоную справу. Замовіў расейскія пяльмені і каву. Выглядаў грубавата: бледны, растрапаны, апрануты ў чорнае, з паламанымі ў турме зубамі. Ён больш-менш адпавядаў майму ўяўленьню пра ўсходнеэўрапейскага злодзея».

Ад таго часу Наскавец і Бух пачалі ўласны бізнэс, стварыўшы кампанію CyberSec, якая спэцыялізуецца на кібэрабароне. На вэбсайце яны рэклямуюцца, як «хакеры, якія цяпер выкарыстоўваюць свае веды дзеля таго, каб рабіць дабро». Выглядае Дзьмітры Наскавец ужо зусім іначай.

Неўзабаве пасьля выхаду з турмы Наскавец зьвязаўся з аддзелам бясьпекі American Express, каб прапанаваць ім сваю дапамогу.

«Я сказаў ім нешта кшталту: «Дзякуючы вам, я тут. І хачу, па магчымасьці, адплаціць за дабро».

Аднак, кампанія адмовілася ад ягоных паслугаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG