Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей: Нацыяналізму тут ня будзе! Трусаў: Калі «рускі мір» на танках прыедзе, будзе як ва Ўкраіне


Падручнік грамадазнаўства, 9 кляса
Падручнік грамадазнаўства, 9 кляса

У Беларусі не было і ня будзе «нейкіх нацыяналістычных памкненьняў», заявіў журналістам міністар замежных справаў Уладзімер Макей, пад старшынствам якога 1 ліпеня пры МЗС адбылося першае пасяджэньне Кансультатыўнай рады па справах беларусаў замежжа.

«У Беларусі ніколі не было і ня будзе ў найноўшай гісторыі нейкіх нацыяналістычных памкненьняў. Прэзыдэнт на гэты конт выказваўся шмат разоў», — сказаў Макей.

Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Ён адзначыў, што ў краіне жывуць прадстаўнікі больш як ста нацыянальнасьцяў.


«Нават адзін лаосец, паводле перапісу насельніцтва, жыве. І мы ня хочам, каб нейкая нацыя дамінавала над прадстаўнікамі астатніх нацый і народнасьцяў, якія жывуць у Беларусі. Такога не было і ніколі ня будзе. Гэта не палітыка беларускага кіраўніцтва, не палітыка прэзыдэнта Беларусі. Таму тут нацыяналізму ня будзе ніколі», — цытуе БелаПАН міністра.

Мы ня хочам, каб нейкая нацыя дамінавала над прадстаўнікамі астатніх нацый, якія жывуць у Беларусі

Паводле Макея, нацыяналізм «сьпее толькі ў розумах дурных людзей, якія, напэўна, спрабуюць за мяжой ці дзесьці яшчэ дасягнуць, магчыма, сваіх нейкіх палітычных мэтаў»:

«Мы арыентаваныя на тое і зацікаўленыя ў тым, каб у Беларусі быў міжнацыянальны і міжканфэсійны мір, згода і спакой. І мы ня хочам, каб у Беларусі адбываліся падзеі, якія адбываюцца ў некаторых іншых краінах. За прыкладамі далёка хадзіць ня трэба».

Макей параіў супакоіцца ўсім, хто «нешта выдумляе пра рост нацыяналізму ў Беларусі».

У пасяджэньні Кансультатыўнай рады па справах беларусаў замежжа 1 ліпеня ўзялі ўдзел 32 дэлегаты з 18 краін, а вынікам працы стане стварэньне дарожнай мапы, якая ляжа ў аснову падрыхтоўкі праграмы «Беларусы замежжа» на 2016-2020 гады.

Алег Трусаў
Алег Трусаў

Камэнтуючы карэспандэнту Свабоды выказваньні Ўладзімера Макея, старшыня ТБМ Алег Трусаў адзначыў:

«Я зь ім згодны, нацыяналістычных памкненьняў у Беларусі ня будзе. У нас памкненьні толькі патрыятычныя. Трэба быць патрыётам, а не невядома кім. Патрыятызм — гэта асноўнае, што трэба гадаваць у Беларусі. І кожны грамадзянін павінен быць патрыётам. І ўсе гэтыя камунячыя выслоўі тыпу «нацыяналіст» — гэта нядобрая спадчына Савецкага саюзу. Мы не павінны шырока гэты савецкі тэрмін ужываць. А ўжываць нармальны тэрмін: «патрыя», «патрыятыст», «патрыёт». Спачатку «нацдэм» быў, потым «нацыяналіст» — гэта ўсё словы жахлівай таталітарнай савецкай спадчыны. Таму трэба ўжываць слова «патрыёт» і кожны грамадзянін, незалежна ад нацыянальнасьці, павінен быць патрыётам сваёй краіны«.

Алег Трусаў мяркуе, што Макей адказвае «рускаму міру», калі раіць супакоіцца ўсім, хто «нешта выдумляе пра рост нацыяналізму ў Беларусі»:

У нас ідзе рост патрыятызму. А ніякага нацыяналізму ў савецкім разуменьні няма

«І я тут згодзен зь ім. У нас ідзе рост патрыятызму. А ніякага нацыяналізму ў савецкім разуменьні няма. Але калі „рускі мір“ на танках прыедзе, то будзе як ва Ўкраіне. Тут ужо пачнецца невядома што. Ну, пакуль на танках не прыехалі, то, канечне, няма. А як прыедуць, то будзе. Якія зараз варожыя адносіны да ўсяго рускага ва Ўкраіне! Ну, што рабіць, калі забралі Крым і забіваюць на Данбасе кожны дзень? Так што ў дадзеным выпадку я за патрыятызм і супраць гэтых савецкіх тэрмінаў».

Таксама Алег Трусаў адзначыў, што Макей, у адрозьненьне ад іншых, ведае шмат замежных моваў і цудоўна гаворыць па-беларуску:

«Каб такія ўсе былі, то, канечне, патрыятызму ў краіне было б намнога болей. А калі чалавек бяз рускага мата ня можа трох словаў зьвязаць, то які зь яго патрыёт?»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG