Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хай геі таксама жэняцца


Алесь Чайчыц
Алесь Чайчыц

За апошнія пару месяцаў былі дазволеныя шлюбы паміж людзьмі аднаго полу ў такіх часам архікансэрватыўных краінах, як ЗША і Ірляндыя.

У найбольш багатых і разьвітых краінах акцэптацыя аднаполых стасункаў паміж людзьмі, паўнавартаснае прызнаньне права людзей на такія адносіны — гэта перагорнутая старонка. І ў гэтым я ня бачу нічога дрэннага, акрамя ціхага сумнага настальгічнага відовішча, як адны традыцыі і парадкі адыходзяць у мінулае, а на месца іх прыходзяць новыя парадкі — як гэта было ў гісторыі мноства разоў.

Ніякія аднаполыя шлюбы заходнюю ці ўвогуле чалавечую цывілізацыю не разбураць. І ня нам з нашымі лічбамі па алькагалізьме, наркаманіі і абортах, з нашымі карупцыяй і ксэнафобіяй, з нашымі неэфэктыўнай палітычнай сыстэмай, адсталай навукай і адтокам мазгоў абвінавачваць Захад у «бездухоўнасьці» і «маральнай дэградацыі».

Наадварот, я спадзяюся, што з часам накал страсьцей вакол правоў сэксуальных меншасьцяў і часам хваравіта бурная актыўнасьць ЛГБТ-актыву будзе спадаць, дый увогуле сэксуальная арыентацыя перастане быць якімсь пытаньнем, вартым адмысловай увагі і адмысловага абмеркаваньня. Ну гей чалавек і гей, якая розьніца? Няма нагоды ані падкрэсьліваць гэта на кожным кроку, ані саромецца гэтага, ані ненавідзець кагосьці за гэта.

Трэба ў кожным бачыць чалавека — добрага ці злога, разумнага ці дурнога, зь якім ты згодзен ці ня згодзен, ці які проста ў чымсь не такі, як ты, ён, ці яна — а ня «гея ці ня-гея» або «лесьбіянкі або не-лесьбіянкі». Гэта тычыцца і радыкальных прыхільнікаў, і радыкальных праціўнікаў ЛГБТ-аджэнды.

Трэба шырэй на сьвет глядзець, быць дабрэй да людзей, нават да не такіх, як ты ці большасьць з нас. Хрысьціянства — яно ж таксама пра тое, каб любіць нават несымпатычных табе людзей, і каб, зрэшты, даць і ім ісьці сваім шляхам — хай Бог потым сам рассудзіць, хто мае рацыю, а хто не.

Што да юрыдычнага дазволу на фармалізаваныя зарэгістраваныя дзяржавай аднаполыя шлюбы — мне здаецца, што ў цяперашнія часы проста становіцца больш важным і выразным падзел паняцьцяў «цывільны шлюб» і «царкоўны шлюб», якія яшчэ нядаўна былі тоеснымі.

Цывільны (дзяржаўны) шлюб, цывільнае афіцыйна дзяржавай зарэгістраванае партнэрства, па лёгіцы павінна было б быць чымсьці накшталт юрыдычнай асобы, кшталту дамоўных адносін, у адпаведнасьці зь якімі людзі з пункту гледжаньня права лічацца блізкімі сваякамі. Гэта датычыцца правоў атрыманьня ў спадчыну, правоў наведваньня цяжкахворых ў шпіталі і гэтак далей.

Вядома, ёсьць і асобнае пытаньне пра тое, а ці не зьяўляецца наогул фармальная дзяржаўная рэгістрацыя сумеснага сужыцьця і сумеснага вядзеньня гаспадаркі ў выглядзе «шлюбу» проста не асабліва практычнай і састарэлай традыцыяй, якой могуць быць знойдзеныя якіясь эфэктыўныя юрыдычныя замены (апякунства і г.д.). Асабліва зважаючы на тое, што ў Беларусі большасьць афіцыйна зарэгістраваных шлюбаў распадаецца.

І, уласна, калі глядзець на інстытут «дзяржшлюбу» з гэтага юрыдычна-прагматычнага пункту гледжаньня, няма ніякіх лягічна абгрунтаваных абмежаваньняў,

— Чаму б, уласна, членамі гэтага інстытуту не маглі б быць людзі аднаго полу,

— Чаму б членаў такога саюзу не магло б быць больш за два,

— Чаму б чалавек ня мог бы быць членам больш, чым аднаго такога саюзу,

і гэтак далей у тым, што тычыцца добраахвотных адносін дзеяздольных і праваздольных паўналетніх грамадзян. А то чаму аднаполыя шлюбы можна, а палігамны шлюб — нельга? Таму што геі маюць лябістаў ва ўладзе, а палігамісты — не?

Іншая справа — шлюб царкоўны. Тут ужо царква як недзяржаўная прыватная грамадзкая арганізацыя з добраахвотным сяброўствам мае права сама ўсталёўваць, якія шлюбы яна бласлаўляе ў адпаведнасьці з сыстэмай каштоўнасьцяў і пастулятаў, на якія яна абапіраецца.

Хрысьціянскія цэрквы бласлаўляюць шлюбы паміж адным мужчынам і адной жанчынай (некаторыя зь іх не бласлаўляюць шлюбы разьведзеных і з разьведзенымі). У ісламе дапушчальныя шлюбы аднаго мужчыны зь некалькімі жанчынамі. Калі нейкія людзі хочуць, яны могуць стварыць царкву, якая бласлаўляла б толькі аднаполыя шлюбы ці шлюбы толькі паміж людзьмі аднолькавага колеру валасоў і гэтак далей. Хай квітнеюць сто кветак!

Галоўнае, каб ніякая дзяржава не прыйшла ні да якой рэлігійнай арганізацыі і не пачала ёй дыктаваць, каго вянчаць, а каго не вянчаць, якую ежу лічыць кашэрнай, а якую не лічыць. І каб, скажам, рэлігійная забарона ўжываньня алькаголю і сьвініны не абвяшчалася «дыскрымінацыяй аматараў алькаголю і сьвініны».

Бо мы ўсе жывем у постмадэрным плюралістычным разнастайным глябальным грамадзтве: хочаш — будзь кансэрватыўным хрысьціянінам, хочаш — будзь будыстам і вэганам, а хочаш — будзь геем. І Беларусі гэта насамрэч таксама тычыцца. І гэта насамрэч клясна.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG