Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для каго аднаполы шлюб страшнейшы за аўтарытарызм


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Гісторыя большасьці грамадзкіх канфліктаў, на мой погляд, як мінімум ад ХVIII ст. – гісторыя супрацьстаяньня дзьвюх прынцыповых партыяў.

Адныя за вяршэнства права асобы, другія – за перавагу інтарэсаў грамады над канкрэтным чалавекам.

Вобразна кажучы «свабода, роўнасьць, братэрства» супраць «зямля, царква, самаўладзьдзе».

Толькі дзьвесьце зь лішкам гадоў таму пра асобу загаварылі ў вузкіх колах адукаваных элітаў, а сёньня тэма – прадмет шырокага абмеркаваньня. Нават калі людзі спрачаюцца на не прывязаныя да пазначаных лёзунгаў тэмы. Напрыклад, пра аднаполыя шлюбы.

Для адных улада (самаўладзьдзе) – гэта гарантыя абароны ад хаосу, царква (ідэалёгія) – нітачка, якая наўпрост зьвязвае з недасяжнай у штодзённым жыцьці ўладай, а зямля – лякалізацыя прасторы, дзе пануе ўлада, зь якой чалавек эмацыйна і юрыдычна зьвязаны. Такіх людзей яшчэ клічуць традыцыяналістамі.

Для іншых права асобы – гэта таксама гарантыя абароны ад хаосу, пры ўмове, што ты жывеш сярод гэткіх самых, дзе дзяржава ёсьць сэрвісам, які дапамагае людзям ажыцьцяўляць свае жыцьцёвыя праекты. Такіх клічуць індывідуалістамі.

Беларусь апынулася на той восі, у тым памежжы сьветапоглядаў, дзе абедзьве партыі пераплятаюцца дзівоснымі карункамі.

Здаецца, нават драматычная зьмена геапалітыкі год таму, калі Расея пачала свой наступ на захад, ня выклікала ў сеціве столькі эмоцыяў, колькі ўсеагульная легалізацыя аднаполых шлюбаў у далёкай заакіянскай краіне ЗША.

І раптам высьветлілася, што многія беларускія нацыяналісты «тожа рускія», «тожа парагвайскія» і «тожа нігерыйскія», дзе ў асягальнай для чалавецтва будучыні, як па мне, прынцыповыя зрухі ў сьветапоглядзе не прадбачацца.

Калі раней мне некаторыя патрыёты «нашай шматпакутнай Бацькаўшчыны» прапаноўвалі ў будучыні жыць у БССР пад бел-чырвона-белым сьцягам, то цяпер я бачу, што ёсьць прыхільнікі самаўладзьдзя пад бел-чырвона-белым сьцягам.

Раптам у нерэлігійнай дэ-факта дзяржаве ўзьнікаюць цытаты зь Бібліі, у краіне, якая ў сусьветных лідэрах па разводах – апэлююць да традыцыйных маральных каштоўнасьцяў, у краіне, дзе напоўніцу малоціць прапагандысцкая машына «за Сталіна!» ўзьнікаюць крыкі боязі гомапрапаганды, якая «прывядзе да выраджэньня нацыі».

І ўсё гэта ў краіне, дзе, напрыклад, пра прыватную ўласнасьць на зямлю, і недатыкальнасьць прыватнай ўласнасьці як такой гаворка нават шэптам не пачыналася. Такія простыя базавыя для «свабоды, роўнасьці і братэрства» рэчы.

У нашай краіне – у Беларусі.

Беларускім «традыцыяналістам» перад тым як пратэставаць супраць чыіхсьці грамадзянскіх правоў, магу для разьмінкі прапанаваць абараніць гістарычнае прадмесьце Менску – Козырава, над якім навісла пагроза зьнішчэньня.

Бо чаго вартая традыцыя, калі ў кожны момант самаўладзьдзе можа яе зьнішчыць фізычна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG