Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым добры «беларускі орднунг»


За апошнія месяцы я назіраў ажно дзьве дыскусіі па той самай вельмі цікавай тэме — тэме добрасьці ці дрэннасьці такой рэчы, як «беларускі парадак».

Віталь Цыганкоў у сябе ў Фэйсбуку рэзка крытыкуе менскага блогера Антона Матольку, які змагаецца супраць людзей, што парушаюць правілы паркоўкі аўтамабіляў, і піша на іх скаргі ў ДАІ. Трошкі раней іншы вядомы беларускі журналіст (ня памятаю, ці было гэта пад замком, ці не) крытыкаваў беларускую вясковую школу, якая, паводле заведзенага парадку, запатрабавала запіску аб мэце візыту ад яе былога дырэктара, які зайшоў быў паведаміць нейкую дробязь сваёй жонцы, якая там працягвала працаваць.

Скажу адразу наконт правільнасьці ідэі паведаміць у паліцыю пра парушэньні, сьведкам якіх ты стаў. Ёсьць савецкае слова «стукачество», а ёсьць амэрыканскае слова «whistleblowing». Калі размова не ідзе пра паклёп альбо пра палітычны данос у сытуацыі савецкіх 1930-х, паведамляць дзяржаве пра рэальныя правапарушэньні — гэта праява цалкам правільнай грамадзянскай пазыцыі і важны сродак прафіляктыкі злачынстваў, у тым ліку і дробных. Гэта, калі хочаце, праява імуннае сыстэмы грамадзтва, праява неталерантнасьці да правапарушэньняў. І таму ў сытуацыі з аўтамабілістамі, якія клапоцяцца толькі аб уласным камфорце і таму парушаюць правілы паркоўкі, я цалкам на баку Антона Матолькі.

Беларусаў усе суседзі паважаюць за нібы схільнасьць да парадку і гаспадарлівасьці. Беларусы — трошкі «славянскія немцы», любяць, каб усё было чыста і на сваім месцы, і пераходзяць вуліцу на зялёнае сьвятло. Прынамсі такі існуе пра іх выгадны стэрэатып на постсавецкай прасторы — і ў пэўным сэнсе ён, магчыма, мае пад сабою нейкую долю праўды. Пры гэтым гэтая ўпарадкаванасьць мае і свой цёмны бок — «агульная млявасьць і абыякавасьць да жыцьця», сумнавядомая «памяркоўнасьць», якая абарачаецца пасіўнасьцю, празьмернымі цынізмам, прагматызмам і пакорнасьцю свайму лёсу.

Свабода і парадак — як Інь і Ян, дзьве неаддзельныя адна ад адной рэчы. Для пабудовы пасьпяховага і заможнага грамадзтва разьвіцьця патрэбныя як парадак (культура выкананьня абавязаньняў і прытрымліваньня правілаў гульні), так і ўнутраная свабода (здольнасьць да палёту фантазіі і творчасьці).

Але я думаю, што размарозіць і ажывіць празьмерна затхлы парадак прасьцей, чым упарадкаваць празьмерна бескантрольны ўнутраны і вонкавы бардак.

І калі базавай каштоўнасьцю ў большай ступені ёсьць парадак, як гэта ў выпадку зь беларусамі, дык гэта лепш, чым калі парадак такой базавай каштоўнасьцю ня ёсьць.

Дзе парадак паважаюць, там Нямеччына, Амэрыка, Японія і Скандынавія. Дзе парадак не паважаюць, там Грэцыя, Афрыка і былы СССР.

«Сказаў — зрабіў»: у фундамэнце заходняга грамадзтва ад рымскіх часоў ляжыць менавіта вернасьць дадзенаму слову і, шырэй за гэта, вернасьць правілам гульні, прынятым у соцыюме. Сумленнасьць, своечасовае вяртаньне пазыкаў, поўнае і бездакорнае выкананьне кантрактаў і дамоўленасьцяў — культура, якая працуе па гэткіх прынцыпах, хутчэй прыйдзе да эканамічнага посьпеху, чым культура, дзе людзі ня любяць скоўваць сябе правіламі.

Так што парадак — гэта не занудзтва, а важны інстытут, на якім грунтуецца давер і любое разьвітое грамадзтва.

Dura lex, sed lex: жорсткі закон — усё роўна закон. Жорсткія, няправільныя і ўвогуле дрэнныя законы трэба не парушаць, а зьмяняць (а пры магчымасьці, канечне, касаваць увогуле). Не падабаюцца дзейныя правілы — давайце іх скасуем, напішам іншыя і будзем выконваць іх замест цяперашніх дрэнных правілаў. Але парушаць — гэта сапраўды нядобрая опцыя на гэтым фоне.

Разам з тым, Трэці сьвет і постсавок пачынаюцца акурат там, дзе пачынаецца гэтае «шаляй-валяй, а тут я няправільна прыпаркуюся, а там ты разок праедзеш безь білета на аўтобусе, а там ён скрадзе дробязь з крамы, а там яна схлусіць — але нармалёк, мы ж толькі патрошку і нам вельмі-вельмі трэба». Гэта пачынаецца з дробязі, а канчаецца тым, што ў расейскай мове ёмка называецца словамі «беспредел» і «произвол».

Зрэшты, лукашызм — гэта і ёсьць інстытуцыяналізаваныя постсавецкія «произвол» і шаляй-валяй, пачынаючы ад незаконнага, што няма дзе кляйма ставіць, рэфэрэндуму 1995 году, і да цяперашняга неахайнага — ды чаго там, проста сабатажніцкага — стаўленьня да законаў і да беларускай, нават якая ёсьць, Канстытуцыі (дзе фармальна напісана шмат правільнага пра свабоду слова, шматпартыйнасьць, сумленныя выбары і гэтак далей).

Дысыдэнты ў СССР выходзілі на дэманстрацыі зь лёзунгам «Паважайце савецкую Канстытуцыю». Але савецкая рэпрэсіўная машына іх акурат за такія лёзунгі і біла, і саджала за краты. Бо канстытуцыя-шманстытуцыя, а «прагматыкам» ва ўладзе няма калі дбаць на розныя ідэалізмы. Іхны прыярытэт — не законнасьць, а мэтазгоднасьць, то бок, як гэта ў такім выпадку амаль заўсёды ў выніку атрымліваецца, незаконная нажыва і ўзурпацыя ўлады.

Мы павінны змагацца за парадак і законнасьць, за роўнасьць усіх перад законам і за павагу да закону з боку як грамадзян, так і дзяржавы (у нашым выпадку — асабліва з боку дзяржавы). Павагу да правілаў і да дадзенага слова. Бо ў Эўропе, да якой мы належым, прынята менавіта так.

І пачынаецца павага да парадку з таго, каб паркавацца па правілах і хадзіць на зялёнае сьвятло.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG