Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТОП-20 сувэніраў зь Беларусі


У сэзон адпачынкаў мы часта задумваемся, якія сувэніры прывезьці сябрам, знаёмым ці гаспадарам, да якіх едзем пагасьціць. Канешне, можна абмежавацца кубкамі ды майкамі з надпісам «I love Belarus», але такога дабра шмат і ў іншых краінах — толькі апошняе слова розьніцца. А вось што, на думку Паліны Масьлянковай, менавіта ў нас набываюць замежнікі і вязуць за мяжу беларусы.

Журавіны ў цукры

Беларусь займае трэцяе месца ў сьвеце па вытворчасьці журавінаў пасьля ЗША і Канады. Гэтыя ягады зьбіраюць на балотах камбайнамі — ня лішняя нагода распавесьці пра Беларусь як краіну балотаў. Журавіны ў цукровай пудры, з карыцай, у шакалядзе ды з какосам — шляхетны ласунак, які ідэальна пасуе да кавы ці гарбаты. Пра лекавыя ўласьцівасьці журавінаў і пісаць няма чаго — падчас прастуды нішто так не ратуе, як гаючы журавінавы морс. А надоечы ў продажы зьявіліся журавіны ў адмысловай падарункавай упакоўцы з беларускім надпісам «Журавінка» (вытворца «Аржаніца», г. Глыбокае), якую ня сорамна прэзэнтаваць і замежніку. Адмысловы стэнд гэтых прысмакаў ёсьць амаль у кожнай сталічнай краме сеткі «Віталюр» па цэнах ад 16 да 36 тысяч рублёў.

Зэфір

Калі прагульваесься па крамах за мяжой, то ў вочы адразу кідаюцца розныя цікавінкі: польскія кабаносы, гішпанскі хамон, турэцкі лукум. І толькі калі надоўга зьяжджаеш, разумееш, што ў многіх краінах няма звычайных прадуктаў, якія мы часта набываем тут. Вось, да прыкладу, зэфір. Гэта гіпаалергенны кандытарскі выраб, які можна есьці нават малым дзецям і маладым мамам (вядома, калі ён без шакаляду). А наш бабруйскі зэфір выпускаюць з рознымі смакамі, у какосе і шакалядзе і афармляюць прыстойна. Сувэнірны набор зэфіру можа каштаваць ад 42 да 120 тысяч рублёў.

Глазураваныя сыркі

З Эўропы да нас вязуць сыры, а зь Беларусі — сыркі. Тварожныя сыркі, торцікі і пірозіва ў шакалядзе — гэта цудоўны дэсэрт, смачны і карысны адначасова. Адзіны мінус — у далёкія паездкі такі гасьцінец не павязеш: безь лядоўні ён доўга не працягне, дый падчас транспарціроўкі ператворыцца ў месіва. Аднак, магчыма, беларускія можна знайсьці і за мяжой — нездарма ж малочная прадукцыя зьяўляецца галоўнай экспартнай пазыцыяй нашай краіны. У нас жа яны каштуюць ад 3 да 29 тысяч рублёў.

Згушчонка

На жаль, мясныя і малочныя прадукты забаронена перавозіць праз мяжу — на ўласныя вочы бачыла, як літоўскі мытнік раскулачыў турыста на 8 бляшанак глыбоцкае згушчонкі. Аднак жа калі падарожнічаеш машынаю ці цягніком, часам можна сабе дазволіць крыху адступіць ад правілаў — урэшце ж гэта не наркотыкі і ня зброя, а рызыка не такая і вялікая: бляшанка згушчанага з цукрам малака каштуе ад 9 да 14 тысяч рублёў.

Печыва

Для аматараў печыва можна прыхапіць скрыначку беларускага брэнда з красамоўнай назвай «Слодыч». У асартымэнце фабрыкі ёсьць шмат гатункаў, у тым ліку крэкеры і сухарыкі, поснае і дыябэтычнае печыва. Напрыклад, печыва «Беларускі гасьцінец» гатуецца ўручную па рэцэптуры 1950-х гадоў. Такі прэзэнт будзе заўжды дарэчы ня толькі ў якасьці сувэніру, але і проста да гарбаты. А каштуе такая скрыначка каля 40 тысяч беларускіх рублёў.

Цукеркі

Ну і куды ж без цукерак?! У краме «Ласунак», што на праспэкце Незалежнасьці, заўжды стаяць чэргі па кандытарскія вырабы «Камунаркі» і «Спартака». Папулярнасьцю карыстаюцца і наборы ў скрыначках, і настальгічныя «Сталічныя», «Грыльяж», «Мішка на паляне», «Птушынае малако», «Залаты ключык». Ёсьць у «Камунаркі» таксама цукеркі вялікага фармату — «Менскі грыльяж», які цяпер выпускаецца ў некалькіх гатунках і па-дзіцячаму наіўнай абгортцы. Але калі пачытаць водгукі на адмысловых сайтах, то становіцца зразумела: «Менскі грыльяж» мог бы стварыць сур’ёзную канкурэнцыю «Марсам» і «Сьнікерсам» пры аналягічнай рэклямнай кампаніі і актыўным прасоўваньні прадукту за мяжой. Кіляграм шакалядных цукерак у нас каштуе ад 70 да 130 тысяч рублёў.

Чыпсы

Беларускія чыпсы яшчэ ў савецкія часы былі чаканым гасьцінцам у іншых рэспубліках. І цяпер аніякія Lay’s ці Pringles не заменяць нам смаку дзяцінства: тонкія бульбяныя лусьцікі без аніякага бэкону, сыру, кропу ды іншых спэцыяў — чыстая асалода! Вядома, цяпер іх выпускаюць са смакам цыбулі і сьмятаны, шашлыку і салёных гуркоў, грыбоў і крабаў — можна знайсьці на любы густ за 7-10 тысяч рублёў за пачак.

Чорны хлеб

Беларусь займае чацьвёртае месца сярод іншых краінаў па вытворчасьці жыта, і таму ня дзіва, што жытні хлеб зьяўляецца візытоўкай нашай краіны. Менавіта чорным хлебам з сольлю беларусы спрадвеку віталі гасьцей і давалі яго з сабой у дарогу падарожнікам. І хай цяпер у нас папулярныя багеты і круасаны, лавашы і бісквіты, а чорны хлеб заўжды на стале ў кожнай хаце. Бохан «Нарачанскага» ці «Барадзінскага» хлеба заўжды можна прыдбаць па цане 15 тысяч беларускіх рублёў.

Кілбасы

Ну а каб бутэрброд быў смачны, на хлеб трэба пакласьці кілбаскі. І калі ў Эўропу мясныя прадукты ўвозіць забаронена (хіба што той самы бутэрброд прыхапіць у дарогу), то ў краіны мытнага зьвязу іх можна везьці кіляграмамі — і сябры будуць задаволеныя, бо ў якасьці нашых балычкоў, кумпячкоў, грудзінак і кілбасак сумнявацца не даводзіцца. Проста трэба браць па кошце ад 100-150 тысяч рублёў за кіло (у залежнасьці ад прадукту і гатунку) і да бясконцасьці.

Бярозавы сок

Вось так ходзіш штодзень па бярозавых алеях і не задумваесься, што ў некаторых краінах адны толькі пальмы ці кактусы, і бярозавы сок для іх жыхароў сапраўдная цікавінка. Калярытней было б, канешне, прэзэнтаваць трохлітровы слоік, аднак дарожныя валізкі не бяздонныя, а багаж падчас паездкі перажывае розныя пэртурбацыі. Таму вытворцы Менскага заводу безалькагольных напояў прыдумалі больш транспартабэльную, але ня менш прывабную ўпакоўку — і бярозавік паланіў ЗША і Эўропу. А ў нас яго можна набыць у разы таньней — усяго за 14 тысяч беларускіх рублёў за пляшку.

Квас

Любяць замежнікі наш квас. Безалькагольны напой з рознымі адценьнямі смаку заўжды прысутнічае на стале побач зь півам — для тых, хто за рулём, на леках, корміць ці чакае дзіця альбо проста ня можа жыць бяз квасу. І вытворцаў гэтага напою ў нас хапае: «Лідзкі», «Хатні», «Старажытны» — можна выбраць на свой густ у цанавым дыяпазоне 10-13 тысяч за паўтарачку.

Алькаголь

Вось без чаго нават сорамна ехаць на гасьціны, дык гэта без алькаголю, які будзе расьпіты ў першае ж застольле з нагоды сустрэчы. Традыцыйна беларусы з сабой бяруць «Беларускі бальзам», гарэлку ці настойку «Бульбаш». Альтэрнатыву складаюць яшчэ бальзам «Чорны рыцар», «Крамбамбуля» ды гарэлка «Сваяк». Стандартны аб’ём п’янкога зельля можна прыдбаць за 75-90 тысяч рублёў. У музэйных комплексах кшталту «Дудутак» ці «Азярца» альбо наўпрост у вытворцаў можна набыць яшчэ і самагон, а да яго салёныя гуркі зь мёдам. Аматарам піва ў Прагу ці Манчэстэр можна прывезьці «Praha Pilsner» ці «The Taste of Manchester. Red Ale» з новай лінейкі «Аліварыі» — ім будзе прыемна. Бутэлька піва ў нас каштуе каля 13 тысяч рублёў.

Касмэтыка

Неяк не прынята ў нас цаніць сваё, таму і дзівяцца нашы паненкі: чаму суседкі з Усходу падчас візытаў у Беларусь пакуюць свае торбы бутлікамі, пушачкамі і пудэлкамі айчыннай касмэтыкі «Беліта-Вітэкс». Але і беларускі з касмэтычкамі, набітымі «Ларыалем» ды «Ланкомам», часам узгадваюць добрым словам то пудру, то маску, то туш, то крэм, прыдбаны ў фірмовай белітаўскай краме. Падыходзіць да выбару такога падарунка трэба вельмі ўважліва, улічваючы сымпатыі і густы адрасанта, а каштаваць падарунак з трох прадметаў можа ад 60 да 150 тысяч рублёў у залежнасьці ад камплектацыі.

Бялізна

Нашу лёгкую прамысловасьць часта бэсьцяць за адсутнасьць густу і фантазіі, аднак што-нішто зь бялізны ці панчошна-шкарпэткавых вырабаў можна сабе прыдбаць і насіць з задавальненьнем. Апрача шырока вядомых «Conte», «Serge» і «Мілавіцы» хочацца яшчэ вылучыць прадукцыю брэнду «Беларусачка»: ня толькі за назву-этнонім, але і за высокі ўзровень дызайну і якасьці іх бялізны і вопраткі пры даволі прымальных коштах. А вось, напрыклад, на «Мілавіцу» у нас цэны скачуць ад 160 тысяч рублёў (за майткі і маечку) да 1600 тысяч рублёў (за купальнік).

Лён

І на радзіме, і за мяжой вельмі цэніцца пасьцельная бялізна зь лёну, сталовы тэкстыль, фіранкі, торбы і даматканыя ручнікі. Гэта прыгожы і практычны падарунак, які можна знайсьці амаль у любой сувэнірнай крамцы, але найлепшы выбар у сталічным «Лянку». А яшчэ цяпер у нас выбух моды на вышыванку, так што асартымэнт тавараў з нацыянальным арнамэнтам значна пашырыўся: ад бранзалецікаў і пасаў да кашуль і сукенак ручной работы. Толькі грошай такі падарунак будзе каштаваць немалых (ад 100 тысяч за набор з 3 ручнікоў і да бясконцых нулёў за ручную работу), што, праўда, усё адно куды таньней, чым за мяжой.

Валёнкі

Многім замежнікам зь цёплых краінаў у цікавінку атрыбуты нашай суровай зімы (хаця трэба прызнаць, што апошнім часам яна не такая ўжо і суровая): кажухі, аблавушкі, пуховыя хусткі ды валёнкі. Цяпер можна знайсьці ня толькі клясычныя варыянты, але і дызайнэрскія мадэлі, якія сапраўды можна насіць, а ня толькі павесіць на сьцяну, як тыя лапці, і любавацца. Праўда, такі сувэнір пацягне на салідную суму: ад 400 тысяч за дзіцячы абутак «Шагавіта» і да 4 мільёнаў за дызайнэрскія валёнкі пад замову.

Крышталь

Цікава, што замежнікі ў нас часта набываюць шкляны і крышталёвы посуд — няўжо і там ён стаіць і пыліцца ў сэрвантах, чакаючы нагоды (ад слова раз на год)? Асабліва калі згадаць, што эўрапейцы часьцей сустракаюцца ў грамадзкіх месцах і радзей запрашаюць да сябе ў госьці. У любым разе, калі зьберацеся прэзэнтаваць набор келіхаў ці шклянак, не зважаючы на крохкасьць такога сувэніру, ведайце: падарунак будзе ўспрыняты з радасьцю і ўдзячнасьцю. Да прыкладу, дзьве шклянкі для віскі, што на фота, каштуюць 830 тысяч рублёў.

Талеркі

З усяе нашае народнае творчасьці хочацца вылучыць сувэнірныя талеркі на сьцяну — драўляныя або керамічныя, парцалянавыя або шкляныя — яны прыйдуцца даспадобы аматарам упрыгожваць сьцены такім чынам. А талерка, зробленая і расьпісаная ўласнаруч, гарантавана стане гітом, бо за мяжой вельмі шануецца ручная работа і эксклюзіў. Такі сувэнір можа каштаваць каля 100 тысяч рублёў.

Магніцікі

Магніцікі на лядоўню — самы дзяжурны сувэнір, але куды ж без яго? Гумовыя з бусламі, гліняныя з зубрамі, драўляныя з дамавікамі, шкляныя з палацамі, акрылавыя з гербамі, вышываныя з арнамэнтам... І гэта яшчэ ня ўсё: ёсьць магніцікі з рэцэптамі беларускіх традыцыйных страваў, з выявамі архітэктурных помнікаў, з партрэтамі гістарычных асобаў. Ну і знакамітае крэсла з цьвіком і надпісам «А можа, так і трэба?» Самыя хадавыя сувэніры скупаюцца па 4-15 тысяч рублёў за штуку.

Паштоўкі

І на заканчэньне паштоўкі. Новая хваля іх актуальнасьці ў сувязі з посткросінгам стымулявала разьвіцьцё і пашырэньне асартымэнту, таму за 3-20 тысяч рублёў можна набыць некалькі штучак і даслаць іх сабе і сябрам падчас вандроўкі па Беларусі. Па вяртаньні будзе прыемна іх атрымаць і зноў узгадаць перажытыя тут уражаньні.

А што вы любіце набываць у Беларусі ў якасьці сувэніраў?

Паліна Масьлянкова для Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG