Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армянскі філянтроп стварыў на радзіме рай для вундэркіндаў


Дзеці новай фармацыі
Дзеці новай фармацыі

Армэнія першай з постсавецкіх краінаў далучылася да руху Каледжаў аб’яднанага сьвету — United World Colleges (UWC). Уніфікаваная двухгадовая сыстэма перадунівэрсытэцкага навучаньня адаптаваная ў паўтара дзясятках дзяржаваў на ўсіх кантынэнтах. Гэта ўзор новага падыходу да атрыманьня шырокіх ведаў у самых розных галінах.

Галоўная адметнасьць любой установы UWC — інтэрнацыянальны склад як навучэнцаў, так і выкладчыкаў. У курортным Дыліжане, які раскінуўся ў жывапісным кутку нацыянальнага парку недалёка ад возера Севан, вучэбны працэс пачаўся летась. Блізу 100 студэнтаў прыехалі сюды з паўсотні краінаў, такое ж стракатае геаграфічнае прадстаўніцтва і сярод настаўнікаў. Сёлета ў верасьні кантынгент пашырыцца ўдвая — да «сям’і народаў» далучыцца яшчэ сотня першагодкаў.

Суквецьце народаў
Суквецьце народаў

Свой першы год навучаньня ў новых карпусах міжнароднай школы ў Дыліжане завяршае і «дэлегат» ад Беларусі Мікіта Жылінскі, які трапіў у Армэнію пасьля заканчэньня Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа. Ці спраўдзіліся менскія чаканьні ў мясцовай рэальнасьці? Ці была магчымасьць пакантактаваць з навучэнцамі, якія ўжо прайшлі падобныя ўстановы? Варта згадаць, што беларуская прысутнасьць адзначаная ў Каледжах аб’яднанага сьвету Босьніі і Герцагавіны, Ганконгу, Індыі, Італіі, Нарвэгіі, Нідэрляндаў, Сынгапуру:

«Шчыра кажучы, ня шмат кантактаваў з тымі, хто па гэтай праграме ўжо адвучыўся. Так, пра штосьці чуў раней, размаўляў з былым ліцэістам Мікітам Ганцам, які вучыцца ў Італіі. Але мае чаканьні былі выключна маімі, іх нельга было стварыць пад нечым уражаньнем. І тое, на што спадзяваўся, тут спраўдзілася на 100%. А можа, нават і больш. Ну, а чаго ўвогуле чакаў? Безумоўна, чакаў шмат культураў, шмат розных моваў, шмат пунктаў гледжаньня. І я ўдзячны лёсу, што з усім тут рэальна сутыкнуўся. Прынамсі, гэта была адна з маіх задачаў, калі я сюды ехаў, бо пазнаёміцца зь людзьмі, якія прадстаўляюць усе часткі сьвету, — гэта рэальна цікава. Вядома, не магу сказаць, што паразумеўся з усімі — прызнаю, што камунікацыі заўсёды былі маёй праблемай. Але хібу паступова выпраўляю. Так што ўсё добра, чаканьні спраўдзіліся на ўсе сто».

Мікіта Жылінскі (Беларусь)
Мікіта Жылінскі (Беларусь)

Рэалізацыя маштабнага праекту ў Дыліжане — перадусім заслуга бізнэсоўца, мэцэната і філянтропа Рубэна Варданяна. Нараджэнец Ерэвана пасьля заканчэньня Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ламаносава зрабіў дзелавую кар’еру ў Расеі, дзе мае вагу ня толькі як пасьпяховы прадпрымальнік, але і як грамадзкі дзеяч. Адрозна ад шмат якіх расейскіх алігархаў, якіх задавальняе жыцьцё на «працэнты», Рубэн Варданян увесь час удасканальвае веды — навучаўся па спэцыяльных праграмах у Гарвардзкай бізнэс-школе, Ельскім унівэрсытэце, вышэйшай школе бізнэсу Стэнфардзкага ўнівэрсытэту і г.д.

У 2013 годзе Рубэн Варданян разам з жонкай Веранікай Зонабэнд заснавалі фонд адукацыйных пэрспэктываў Scholae Mundi, які на некамэрцыйнай аснове праз наданьне стыпэндыяў і грантаў садзейнічае навучэнцам установы «UWC Dilijan College». Аўтарытэтнае апякунства і сур’ёзны падыход да справы робяць беспадстаўнымі асьцярогі пэсымістаў: маўляў, чаму могуць навучыць у былым СССР? Да таго ж, як кажа Мікіта Жылінскі, асноўнае значэньне мае ня тое, дзе вучаць, а як гэта робяць:

«Пачнём з таго, што я ехаў не ў Армэнію. Геаграфічна — так, у Армэнію, але гэты факт быў на другім пляне. Перадусім я ехаў у UWC. Што да краіны, то наконт гэтага былі абсалютна рэалістычныя погляды, але на справе аказалася нашмат лепей, чым я нават чакаў. Людзі адукаваныя, ветлівыя — прынамсі, тыя, якіх сустракаем у каледжы. Цяпер я ўдзельнічаю ў адным валянтэрскім праекце, навучаем у інтэрнаце дзяцей, як камунікаваць з кампутарам, як зь ім працаваць. Усё вельмі цікава, дзеці проста цудоўныя. Дык вось калі нехта з нас там не зьяўляцца, адразу румзаюць: а дзе Мікіта, а дзе Алі (хлапец з Турэччыны)? Вельмі кранальна. Тым больш, як я зразумеў, большая частка дзяцей, якія там жывуць і вучацца, — бязь сем’яў: з групы ў 20 чалавек толькі 6 ці 7 маюць сем’і і такім чынам проста бавяць час, своеасаблівая „прадлёнка“. Сам інтэрнат паблізу ад Дыліжану, побач са старым санаторыем. Вельмі прыгожае месца».

Рубэн Варданян з жонкай Веранікай
Рубэн Варданян з жонкай Веранікай

Пры гэтым Мікіта прызнаецца, што інтэграцыя ў мясцовыя рэаліі адбывалася не зусім гладка — просты люд Дыліжану суседзтва з «мажорамі» крыху напружыла:

«Ня буду хаваць, што ёсьць моманты і крыху крыўдныя, зьвязаныя зь мясцовым насельніцтвам. Але я лічу, што, у прынцыпе, не ў армянах справа, а ў людзях наагул...»

Карэспандэнт: «Скажам так, да вас неадэкватна ставяцца?»

«Так, ёсьць такое. Першыя месяцы ўвогуле было непаразуменьне, бо тутэйшыя ставіліся да нас як да нейкіх „мажораў“ — нібыта мы тут усе вучымся за неверагодныя грошы. Але калі мы зь імі ўжо паразмаўлялі, растлумачылі, што не такія багатыя, як ім падаецца, а палова з нас увогуле не плаціла за адукацыю, за гэтае месца, то насьцярожанае адпачатку стаўленьне паступова пачало выпраўляцца».

Мікіта Жылінскі пра вучобу ў Армэніі: мае чаканьні спраўдзілася на 100%
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:50 0:00
Наўпроставы лінк

Выкладаньне ў міжнароднай школе Дыліжану, як і ў іншых установах сеткі, вядзецца на ангельскай мове. Прадметы для вывучэньня кожны студэнт абірае сам, у сьпісе абавязкова павінна прысутнічаць нешта няпрофільнае, каб выявіць схаваныя здольнасьці маладога чалавека. Прыкладам, мастацтва. Цікаўлюся ў Мікіты Жылінскага, як хутка ён адаптаваўся да моўнага асяродзьдзя:

«Адаптацыя да мовы? Не сказаць, каб надта хутка, але цяпер ужо вялікіх праблемаў няма. Зразумела, што ў мінулым годзе было нашмат складаней, чым сёлета, бо, скажам, цяпер у мяне з размоўнай ангельскай аніякіх цяжкасьцяў няма. Ёсьць яшчэ пэўныя складанасьці з мовай пісьмовай, але гэта проста практыка, усё яшчэ прыйдзе. Таму надта невырашальных задачаў не было, пагатоў у любы момант і ў любога чалавека можна папрасіць дапамогі. Не сумнявайцеся — дапаможа кожны. Я, прыкладам, чуў нейкія жахі пра такі ж каледж у Сынгапуры, дзе спагады нібыта не дачакаесься, але тут — нічога падобнага, усе вельмі добрыя і адкрытыя».

З сотні навучэнцаў каледжу толькі два чалавекі ўзялі матэматыку на вышэйшым узроўні — армянка і беларус Мікіта Жылінскі. Адкуль такая цяга да дакладных навук і якая мэта на «выхадзе»?

«Гэта так, хоць, хутчэй, не на вышэйшым узроўні, а Further Maths, як бы „далейшая матэматыка“, неяк так можна сказаць. Сапраўды, яе ўзялі я і Ян — дзяўчына з Армэніі. Увогуле ў мяне быў выбар, вагаўся паміж Further Maths і эканомікай. А потым крыху паразважаў: эканоміка, вядома, гэта добра, але ж у мяне аб’ектыўна большыя схільнасьці да матэматыкі. Таму і спыніўся на гэтым. Што наконт далейшых плянаў? Пакуль нават ня ведаю. Пэўна, ці аналітыка, ці штосьці іншае, дакладна зьвязанае з матэматыкай. Можна і ў эканоміку потым пайсьці, бо той курс матэматыкі, які я ўзяў, ён залічваецца ўнівэрсытэтамі гэтаксама, як і эканоміка. Так што я ў гэтым ня страціў нічога, а атрымаў рэальна шмат, з гэтай „прасунутай“ матэматыкай».

Кампутарызаваная бібліятэка
Кампутарызаваная бібліятэка

Завядзёнка ў Каледжах аб’яднанага сьвету — нацыянальныя дні, калі студэнты прэзэнтуюць кожны сваю краіну. І калі армяне, украінцы, расейцы, бальшыня эўрапейцаў пра Беларусь ведаюць, то ці давялося адкрываць «сінявокую» для іншых? Прыкладам, для тых жа афрыканцаў ці жыхароў Паўднёвай Амэрыкі?

«Ня тое што нават для афрыканцаў, давялося праводзіць лікбез і сярод нашмат бліжэйшых тэрыторыяў — ня буду называць, каб ім потым сорамна не было. Бо асабіста сутыкнуўся з тым, як пару чалавек шчыра запыталі: а дзе яна знаходзіцца, ваша краіна Беларусь? Давялося расказваць на пальцах. Пра свае радзімы мы рабілі прэзэнтацыі ў так званых „тун-пэрэнтах“, гэта як бы своеасаблівыя „хатневыя супольнасьці“. Я пра Беларусь гэтаксама рабіў — нічога надта палітычнага, бо тут вельмі розныя пункты гледжаньня на працэсы ў сьвеце. У любым выпадку трэба было расказаць пра гісторыю, пра людзей, усе актыўна цікавіліся. Хоць, дзеля справядлівасьці, я больш сам распытваў іншых пра іхнія краіны: як ужо казаў, гэта была адна з маіх мэтаў — даведацца пра іншы сьвет. Бо гэта, паўтару, вельмі цікава».

Чатыры гады перад гэтым Мікіта Жылінскі адвучыўся ў «партызанскай школе» — зачыненым беларускімі ўладамі Коласаўскім ліцэі. Ці паспрыяла ліцэйская падрыхтоўка інтэграцыі ў прынцыпова новую адукацыйную сыстэму?

«Няма з чым асабліва параўноўваць: каб я апошнія гады паралельна вучыўся ў сярэдняй школе і ліцэі, мабыць, нейкую розьніцу адчуў бы. Але, само сабой, ліцэйская практыка дапамагла, бо ліцэйскія настаўнікі, вядома, прывучылі нас да самастойнасьці, да рацыянальнага распараджэньня часам. А тут самастойнасьці — хоць адбаўляй, сем гадзін на дзень маеш вольных (калі яшчэ ад сну адабраць, то і ўсе дзевяць). Гэты час можна траціць як заўгодна, бо ніхто цябе зь першага году навучаньня за праваленыя тэсты ня выкіне. Аднак ты сам павінен разумець, што пры канцы другога году навучаньня будуць сур’ёзныя іспыты. І вось яны будуць фінальныя, будуць вырашаць фактычна ўвесь лёс. Таму ліцэй, безумоўна, дапамог мне ў здольнасьці канцэнтравацца».

Антуражу і інфраструктуры міжнароднай школы ў армянскім Дыліжане пазайздросьціць не адна навучальная ўстанова, незалежна ад свайго статусу. Кампусы месьцяцца пасярод засьнежаных горных схілаў, самі будынкі вытрыманыя ў экалягічнай стылістыцы. Унутранае аздабленьне — сымбіёз зручнасьці і практычнасьці. Абсталяваныя паводле апошняга слова тэхнікі аўдыторыі дапаўняюцца ўльтрасучаснай бібліятэкай, спартовай і трэнажэрнымі залямі, басэйнам, тэніснымі кортамі і стадыёнам. Новыя аб’екты на тэрыторыі студэнцкага гарадка будуюцца дагэтуль.

Эказабудова з «жывымі сьценамі»
Эказабудова з «жывымі сьценамі»

Будынкі студэнцкіх інтэрнатаў
Будынкі студэнцкіх інтэрнатаў

«Спэктральны» інтэр’ер каледжа
«Спэктральны» інтэр’ер каледжа

Сучасны басэйн
Сучасны басэйн

Дошка падзякі фундатарам школы
Дошка падзякі фундатарам школы

Дыліжан суседнічае з фантастычным Севанам
Дыліжан суседнічае з фантастычным Севанам

Дыліжанскі помнік ахвярам генацыду
Дыліжанскі помнік ахвярам генацыду

Інтэрнацкі калідор
Інтэрнацкі калідор

Вучні і настаўнікі – за адным сталом
Вучні і настаўнікі – за адным сталом

Заняткі ў групах: бяз комплексаў
Заняткі ў групах: бяз комплексаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG