Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Я ваюю супраць Расейскай імпэрыі"


Байцы ўкраінскага добраахвотніцкага батальёну «Марыюпаль»
Байцы ўкраінскага добраахвотніцкага батальёну «Марыюпаль»

30-гадовы бізнэсовец зь Пецярбургу, баец украінскага добраахвотніцкага батальёну, распавёў расейскай службы радыё Свабода пра матывы свайго рашэньня і пра досьвед вайны на ўсходзе Ўкраіны. Прапануем вам пераклад публікацыі ў скароце.

З Раманам, піяршчыкам з Санкт-Пецярбургу, мы пазнаёміліся каля барыкадаў на Майдане. Тады яшчэ нішто не прадвяшчала, што трыццацігадовы ўладальнік уласнага бізнэсу ў Расеі летам 2014 зьедзе на ўсход Украіны ваяваць супраць сэпаратыстаў. Праз год мы ізноў сустрэліся з Раманам. Я спыталася ў яго, чаму ён апынуўся на вайне і чаму ваюе на баку Ўкраіны:

Раман: Я ненавіджу ў расейцах тыповыя прыкметы чалавека, які жыве ў гнілой дзяржаве: шанаваньне пасадаў, карумпаванасьць, вечныя скаргі на жыцьцё. У расейца добра атрымліваецца п’яным ў лужыне валяцца, пускаць бурбалкі і пры гэтым крычаць пра тое, што мы фашыстаў пабілі, хоць «фашысты», якіх «мы пабілі», жывуць значна лепш за нас.

Я пайшоў ваяваць не за Украіну, а за ўкраінскі народ.

Таму я з гэтага боку ваюю, а не з таго. Дарэчы, я пайшоў ваяваць не за Украіну, а за ўкраінскі народ. Калі б і дзясятая частка таго, што паказваюць па тэлевізары ў Расеі, было праўдай, то я б ваяваў за сэпаратыстаў. Нават расейскае войска не давялося б клікаць на падмогу. Таму што такія гарады, як Харкаў, Херсон, Адэса, сталі б на бок ДНРаўцаў, калі б тут сапраўды ўціскалі і забівалі за рускую мову.

РС: Якую ролю цяпер адыгрываюць добраахвотніцкія батальёны ва Ўкраіне?

Раман: Цяпер улада актыўна спрабуе пазбавіцца ад добраахвотніцкіх батальёнаў і падмяць пад сябе добраахвотніцкі рух у цэлым. Прыкладам таму можа служыць сытуацыя з «Правым сэктарам», зь іх базай і далейшым канфліктам. Вось зусім нядаўна расфарміравалі «Дняпро-1». Зразумела, што гэта быў батальён Ігара Каламойскага. Ён іх спансараваў, а яны за гэта павінны былі, напэўна, нейкія яго інтарэсы прадстаўляць. Але там былі дзьве цалкам баяздольныя роты, якія бралі ўдзел у баявых дзеяньнях: і пад Ілавайскам былі, цалкам годна паказалі сябе на Новаазоўскім кірунку, біліся і цяпер працягваюць. Калі б не добраахвотніцкія батальёны, то лінія фронту зараз пралягала б дзе-небудзь па беразе Дняпра як мінімум.

Усё магло быць значна горш. Напачатку іржавая ўкраінская армія, якая нават цяпер вельмі нізкамабільная, была ні на што не здольная.

Украінская армія — гэта «савок».

Украінская армія — гэта «савок». Я меў зносіны ў нефармальнай абстаноўцы і з камандзірамі, і з палкоўнікамі, чуў, пра што гавораць генэралы. Нават калі гэтыя людзі ня мелі злой волі дзейнічаць у інтарэсах Расеі, усё роўна становішча ў камандаваньні ўкраінскай арміі — ледзь ня самая страшная зброя ў арсэнале расейскай імпэрыялістычнай машыны.

РС: А грамадзяне Ўкраіны больш нічога не робяць, каб зьмяніць сытуацыю, навесьці парадак? Дзе энэргія Майдана?

Раман: Сіл на Майдан хапіла. Але Майдан арганізавала невялікая частка ўкраінцаў, а народ у большай ступені паказаў сябе простым запалоханым насельніцтвам. У гэтым яны падобныя на расейцаў, толькі менш агрэсіўныя і азлобленыя, але такія ж слабавольныя. Яны вераць тэлевізару, прапагандзе, якая накіраваная цяпер ня столькі супраць Расеі, колькі ўнутр краіны. Ваеннай прапаганды няма, ёю займаюцца валянтэры і грамадзкія арганізацыі. Яны робяць ролікі, спрабуюць дапамагчы ўкраінскай арміі, але на ўзроўні дзяржавы падобнага не адбываецца.

Падкантрольныя украінскім вярхам СМІ нічога не супрацьпастаўляюць патоку расейскай прапаганды і бруду.

Мэта ўкраінскай прапаганды — папулярызацыя улады. Гэтая прапаганда вельмі слабая, несвоечасовая, яна па сутнасьці зводзіцца вось да чаго: ня лайце ўладу, ідзе вайна! Той, хто лае ўладу, — агент ФСБ. Людзям расказваюць, што нельга «разгойдваць лодку», таму што «цар» добры, а «баяры» дрэнныя. Ўсё гэта падобна на сытуацыю ў Расеі. Падкантрольныя украінскім вярхам СМІ нічога не супрацьпастаўляюць патоку расейскай прапаганды і бруду. Замест гэтага людзям убіваюць у галовы, што нельга крытыкаваць уладу. Надзець вышыванку, «розмовляты рідною мовою» — гэта папулізм.

Да нас на перадавую неяк прыяжджалі розныя публічныя асобы. Сфатаграфавацца ў бронекамізэльцы, паспаць у спальным мяшку, але пры першай жа небясьпецы яны беглі назад у цёплыя палацы. Бывае, што буйныя чыны, судзьдзі, напрыклад, едуць працаваць у зону АТА, адпрацоўваюць тры месяцы ў адноснай бясьпецы, і ўсё гэта для таго, каб не патрапіць пад люстрацыю.

РС: Вайна доўжыцца практычна год, байцы, якія ішлі ваяваць за ідэю, бачаць усё тое, пра што вы кажаце...

Раман: Людзі расчараваныя. Няма падтрымкі ў тыле. Хтосьці проста сыходзіць з фронту, хтосьці — у крымінал. Цяпер ёсьць нават цэлыя батальёны, якія займаюцца крыміналам: «адцісканьне» бізнэсу, «крышаваньне». Ёсьць і алькаголікі, наркаманы, на якіх проста заплюшчваюць вочы. У Данецкім аэрапорце рабілася вар’яцтва. Там быў касьцяк з кіраваградзкіх, і былі часткі добраахвотніцкага ўкраінскага корпусу «Правага сэктару», якія не выпівалі. Вось яны там біліся да страты пульсу. А ў асноўным людзям, якія туды прыяжджалі, ад трох дзён сядзеньня ў склепе пад бамбёжкамі «зносіла» галаву, яны пачыналі па-жорсткаму піць.

Украінцы — вельмі добрыя людзі, нават залішне.

Украінцы — вельмі добрыя людзі, нават залішне. Мяне нават спачатку на вайне гэта раздражняла. Толькі цяпер байцы трохі раззлаваліся. Так, яны могуць біцца да апошняга. Батальён «Айдар» гэтаму прыклад: яны як адарваныя ад рэальнасьці, як нейкая помесь казакоў і вікінгаў. Гэтак жа да канца б’юцца хлопцы з Данецку, Луганску, Крыму. Яны з самага пачатку фармаваньня батальёнаў змагаюцца. Ім няма чаго губляць, бо дома ж больш няма. У асноўным па мабілізацыі прыйшлі самыя жорсткія заходнія нацыяналісты. Іх цяпер шмат. Гэта людзі з гарадоў, сапраўдныя «западэнскія» нацыяналісты, без вышыватніцтва.

РС: Што такое «вышыватніцтва»?

Раман: Вышыватнікі — гэта як тыя ж расейскія патрыёты, толькі па іх вэрсіі ў бедах іх краіны не Дзярждэп і Абама вінаватыя, а «клятыя маскалі». Вясковы нацыяналізм, прыхільнікі партыі «Свабода», якія, дарэчы, робяць добрую карцінку расейскаму тэлебачаньню. Вышаватніцтва страціла абароты, партыя «Свабода» набрала на выбарах мінімум. Але карцінка як быццам адмыслова захоўваецца для расейскай прапаганды. З усіх расейскіх прапагандысцкіх «страшылак» збольшага праўдзівая толькі пра ўзмацненьне жорсткасьці ў дачыненьні да расейскай мовы пасьля Майдану.

Калі ня хочаш гаварыць па-ўкраінску, цябе ніхто не прымушае.

Але размова была аб дзяржаўных дакумэнтах і пра супрацоўнікаў дзяржаўных органаў, а гэта нармальна. Наогул, калі ня хочаш гаварыць па-ўкраінску, цябе ніхто не прымушае. Дарэчы, я сам, калі ўсё будзе добра і атрымаецца застацца тут, пры ўмове, што ўкраінскі бок ня выдасьць нас назад на радзіму, пайду ў вячэрнюю школу вучыць ўкраінскую.

РС: Існуе варыянт, пры якім пасьля заканчэньня вайны вас дэпартуюць у Расею?

Раман: Ходзяць чуткі, што нам ня проста так не даюць ўкраінскае грамадзянства. Нам зваротнага ходу ў Расею няма. А вось што думае пра нас ўкраінскі ўрад — вялікае пытаньне. Калі Ільлю Багданаву не жадалі даваць грамадзянства, чыноўнікі заяўлялі, што ён — афіцэр ФСБ, і ніхто ня хоча сварыцца з Пуціным з-за гэтага.

Тут мноства разумных людзей з вышэйшай адукацыяй.

А можа мы, добраахвотнікі з Расеі, не патрэбныя ўкраінскай дзяржаве? Дык спытай любога чалавека ва Ўкраіне, які разумее, што такое вайна, ці трэба спрашчаць расейцам атрыманьне грамадзянства, кожны адкажа, што гатовы свой пашпарт аддаць, абы нас не кінулі на разарваньне пуцінскаму рэжыму. Украінскае дзяржава ня ведае, што рабіць са сваімі радыкаламі, якія цяпер ваююць. А тут яшчэ мы на іх галаву! Калі вы думаеце, што ваяваць за Ўкраіну з Расеі паехалі нейкія страшныя ашалелыя нацыяналісты — гэта ня так. Тут мноства разумных людзей з вышэйшай адукацыяй, проста яны не змаглі працаваць, жыць і разьвівацца ва ўмовах расейскага сьвету. Ва Ўкраіне і без ваюючых грамадзянаў Расеі і так куча этнічных расейцаў, якія, дзякуючы Пуціну, цяпер лічаць сябе украінцамі.

РС: Сытуацыя на фронце не паляпшаецца, што ж адчуваюць тыя, хто цяпер ваюе?

Раман: У нас у добраахвотніцкіх фармаваньнях свая кампанія, мы, вяртаючыся ў Кіеў, трапляем у акружэньне валянтэраў, таварышаў, сяброў. Гэта дазваляе адчуваць сябе патрэбным. Трагедыя усіх войнаў — калі салдат, вяртаючыся на «грамадзянку», робіцца разьюшаным і расчараваным. Чалавек рызыкаваў жыцьцём, змагаўся за добрую справу, а потым вярнуўся ў свой горад, пачаў хадзіць п’яным па вуліцах і лезьці ў бойкі з крыкамі «я вэтэран».

У вайне ўдзельнічаюць адсоткаў 15-20 насельніцтва.

У вайне ўдзельнічаюць адсоткаў 15-20 насельніцтва (салдаты, іх сем’і, сябры, валянтэры, журналісты). Усе астатнія думаюць, што ідзе АТА, не вайна, ды і наагул думаюць, што цяпер перамір’е, якога на самой справе няма і не было. У Расеі гэтак жа людзі сябе вядуць. Таму больш няма ніякіх сур’ёзных грамадзкіх рухаў.

Я ад пачатку ведаў, што на вайне ва Ўкраіне будзе так, не шукаў спагады ў вачах людзей. Але надзеі большасьці байцоў былі разбураныя. Людзям будзе вельмі цяжка сацыялізавацца, асабліва тым, хто прайшоў такія гарачыя ўчасткі вайны, як данецкі аэрапорт, Дэбальцава, «катлы», Ілавайск, палон.

РС: Вы ўжо год са зброяй у руках абараняеце Ўкраіну. Што гэта дало асабіста вам?

Раман: У Расеі апошнія гады я проста павольна паміраў. Я стаў пустэльнікам, я не мог уявіць, чаму гэта адбываецца, звузіў кола зносінаў, перастаў разумець людзей вакол. Абуральная сытуацыя стала настолькі відавочнай, што далей пераносіць гэта я проста не мог. Зараз я не ваюю супраць жыхароў Данбасу, хоць, па мне, яны такія ж расейцы. Я змагаюся супраць Расейскай імпэрыі, дзяржавы, якая нас зрабіла рабамі і ня хоча выпускаць з рабства ўкраінскі народ, які адчайна хоча вырвацца.

У Расеі апошнія гады я проста павольна паміраў.

Жыцьцё працягваецца. Але ўсё вельмі моцна памянялася. Шмат у чым расчараваўся, шмат у чым умацаваўся. Асабліва ўмацаваўся ў сваім выбары пайсьці змагацца за тую частку ўкраінскага народу, якая нешта робіць для сваёй краіны.

РС: Уявім сабе, што ў Расеі нешта пачне мяняцца, вы вернецеся?

Раман: Так, вярнуся. Абавязкова вярнуся. Хоць, вядома, гэта вялікая рызыка. Але калі зноў будуць пратэсты, як на Балотнай, то я проста пагляджу на гэта з боку. Можна 10-100 тысяч людзей прывесьці ў цэнтар Масквы, яны пафатаграфуюцца і сыдуць. Самых актыўных зноў павяжуць, вакол натоўп пакрычыць «ганьба» — і ўсё, людзі разыдуцца. Калі ў Расеі рэальна захістаецца трон, то прыеду. Расейскія добраахвотнікі ва Ўкраіне ўжо зараз разгойдваюць яго. Тым самым вызваляемся самі і, быць можа, рыхтуем будучыню для Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG