Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяздомныя пісьменьнікі


Пісьменьнікі, канечне, самотныя паляўнічыя. Але калі існуе ў горадзе філія пісьменьніцкай арганізацыі, то лягічна меркаваць, што яе ўдзельнікі часам сустракаюцца, каб паразмаўляць пра літаратуру, пачытаць свае новыя творы, нешта абмеркаваць. Калі гэтага няма, то што можа сьведчыць аб існаваньні гэтай філіі? Членскія білеты ў кожнага ў шуфлядзе?

Пытаньне складаецца ў сапраўднасьці зь дзьвюх частак. Ці ёсьць дзе зьбірацца і ці маюць яны такую патрэбу? Ці хочацца ім сустракацца? У пяці абласных гарадах, ня лічачы сталіцы, у кожным свая сытуацыя. Хаця памяшканьня для філіі ня мае ніхто. Мова, зразумела, не пра дзяржаўны саюз пісьменьнікаў, створаны ў 2005-м, а пра незалежны ад улады. Сваім пісьменьнікам начальства дае памяшканьне і само аплачвае арэнду.

У Горадні бадай найгорш. Калі ў іншых месцах у грамадзкіх арганізацыях часам лічаць нават за гонар даць магчымасьць зьбірацца пісьменьнікам з СБП, то гарадзенскім з гэтым не пашанцавала, яны нікому не патрэбныя. Даўней удавалася часам дамовіцца з ТБШ ды зь філіяй Саюзу мастакоў. Хаця ў апошніх памяшканьне было неадрамантаваным, няўтульным. Адным словам, сходы не праводзяцца, філія як суполка існуе толькі ў кожнага «ў галаве».

Нядрэнным выйсьцем аб’яднаць правінцыйных аўтараў стала прапанова СБП выпускаць альманахі. У Горадні выйшлі за кароткі час, рэальна за два гады, тры нумары. Усё на месцы: назва «Новы Замак», вокладка, зьмест. Але розгаласу няма. Мала таго, няма ўздыму ў філіі. Альманах аб’яднаў пад вокладкай творы, не аб’яднаў філію. Мы размаўлялі з кіраўніцтвам СБП, там кажуць: ну калі пісьменьнікі ў Горадні ня здатныя нават проста парадавацца, што маюць нядрэнны альманах, які ў Саюзе лічаць найлепшым сярод абласных, то які сэнс яго выпускаць, прынамсі так часта? Карацей, раз не спадабалася, што ён ёсьць, ну тады няхай яго ня будзе.

Дарэчы будзе прыпомніць, як адна аўтарка аднойчы на прэзэнтацыі стала абурацца назвай «Новы Замак» як няўдалай, заганнай. Не ўсьведамляючы элемэнтарнага — што каб не яна, нашу філію з нашым альманахам ніхто б не запрасіў у Новы замак, не даў бы памяшканьня. І куды б мы тады? Адзін са старэйшых літаратараў мне прызнаўся, што яму таксама «Новы Замак» ня вельмі, што ён марыў пра «Родныя гоні». Ну былі б у нас тыя «Родныя гоні», куды б мы з прэзэнтацыяй? У чыстае поле?

Ня цэняць ні самога выданьня, ні магчымасьці тройчы запар прэзэнтаваць яго без праблемаў у тым Новым замку. Вунь у Віцебску, каб іхні альманах «Ратуша» маглі прадставіць у гарадзкой ратушы, дзе абласны музэй, з СБП давялося пісаць хадайніцтва да самога «губэрнатара». Інакш ніяк. І дазвол, між іншым, атрымалі. Прычым яшчэ і ў тамтэйшым унівэрсытэце далі правесьці сустрэчу. А вось у гарадзенскім унівэрсытэце пісьменьнікаў з «Новым Замкам» ніхто не чакае, ні разу не запрасілі.

Другое. Калі ў пісьменьніцкай арганізацыі няма памяшканьня і няма свайго жыцьця, прэзэнтацыя робіцца адзінай магчымасьцю ўбачыць адно аднаго, абмяняцца думкамі. Але і з гэтым нічога не выходзіць. Дачакаўшыся новага нумару, справу рэальна бяруць у свае рукі крытыкі. Нібы настаўнікі, яны тлумачаць сабраным, што такое добра, а што дрэнна. Аўтары надрукаваных твораў апынаюцца ў ролі вучняў. Апусьціўшы галовы, сядзяць моўчкі. Яны не адчуваюць прыязнай атмасфэры. У выніку ніякай жывой размовы, абмену думкамі. Крытыкаў, як выглядае, не цікавіць як і чаму пішуць калегі, якія кнігі чытаюць, на якіх аўтараў арыентуюцца, што думаюць пра літаратуру. Крытыкі атрымалі ў рукі «пісьмовыя работы», надрукаваныя пад адной вокладкай, ім гэтага дастаткова.

А галоўнае, не дасягаецца мэта — каб альманах трапіў да чытачоў. Так, прыходзяць аўтары, супрацоўніцы абласной бібліятэкі, якая ў Новым замку, крыху студэнтаў. Але няма проста чытачоў, якія ў горадзе з насельніцтвам 340 тысяч напэўна ж існуюць. І што вельмі прыкра: напраўду няма абмену думкамі, сапраўднага абмеркаваньня. Няма творчай дыскусіі. Напрыклад, пару празаікаў, каб вылучыць мову НКУСаўца або нямецкага акупанта, бяруць расейскія словы. І ім кажуць, што дзьвюма мовамі карыстацца нельга, што ў свой час гэта было бядой некаторых эмігрантаў — Конрада і Набокава. Але ж гэта вельмі спрэчна! (Дый параўнаньне, калі шчыра, не зусім адпаведнае.) Пісьменьніцкая біяграфія абодвух, наадварот, сьведчыла аб рэдкай удачы. Большасьць аўтараў у эміграцыі толькі мараць аб тым, каб пісаць і выдавацца па-ангельску ці па-француску. Прыклад жа Набокава ўвогуле ўнікальны: ягоны бацька быў англаманам і першай мовай будучага празаіка (і крыху паэта) была ангельская.

Чаго мне асабіста бракуе ў «Новым Замку»? Уласна я гэта стараюся напісаць сам, раз не атрымліваю ад іншых аўтараў. Перш не хапае прысутнасьці цяперашняга гвалтоўнага жыцьця. Думак, турбот, страхаў, фобій чалавека ў 2014-15 гадах, які жыве ў краіне паміж Нёманам і Дзьвіной. Другое: замежных уражаньняў, «літаратурных здымкаў» жыцьця ня ў гэтай краіне. Існуе дзіўная зьява. Нават тыя, хто бывае за мяжой, прапануюць для альманаху даволі прыземленыя рэчы, хоць бачылі «каляровыя карціны» жыцьця ў іншых месцах.

Зрэшты, гэтая зьява мае два бакі. Некалі мяне цікавіў часопіс на расейскай мове «Даўгава» з Рыгі (там друкаваліся пераклады латышоў). І вельмі ўражвалі расейцы. Іх цягнула ў сталіцу Латвіі, у значнай ступені расейскамоўную (мову латыскую можна было зусім не вучыць). Жыць у «савецкім замежжы» — гэта вам ня ў Волагдзе ці Сызрані. І вось абжыўшыся, яны пачыналі шрайбаваць пра сызранскую глыбінку. Нічога іншага яны ў тую «Даўгаву» прапанаваць не маглі. Стары горад у Рызе, Юрмала, Балтыка, сама Латвія, яе гісторыя, ніякіх літаратурных зрухаў у іхняй душы не выклікалі... Яны ў думках і на паперы заставаліся ў сваёй Сызрані. Хаця, калі шчыра, вельмі падобнай была некалі беларуская эмігранцкая літаратура: усё толькі пра родныя гоні. Адно: нашы эмігранты ратаваліся ўцёкамі ад небясьпекі, расейцы прагнулі ў Прыбалтыку з мэтай палепшыць стандарты жыцьця.

Што ёсьць сапраўднай «праблемай» гарадзенскага (карціна прыблізна аднолькавыя і ў іншых) альманаху, то гэта перавага аўтараў, якія маюць вельмі салідныя гады, чые літаратурныя густы сфармаваліся ў савецкія часы, эстэтычна яны як правіла не выходзяць за прывычныя рамкі. Бо хочацца большай разьняволенасьці, цікавых пошукаў у галіне стылю, формы, жанраў. Хаця малады паэт зусім не азначае лепшы. Аднак у моладзі сёньня зайздросная магчымасьць пашыраць свае далягляды, жыцьцёвыя і літаратурныя, чаго ў ранейшыя часы не было.

Калі шчыра, мяне сёньня цешыць, што пасьля нашага «Новага Замка» наступныя альманахі не сышлі на затравелую сьцяжыну «родных гоняў», прынялі адпаведны, «архітэктурны» накірунак. Так паявіліся сьледам «Брама» (Магілёў), «Палац» (Гомель) і апошняй віцебская «Ратуша». У Саюзе пісьменьнікаў таксама засталіся задаволеныя, тым больш там лічылі, што віцябляне могуць схіліцца да назвы «Амфітэатар», што таксама нядрэнна, але ў падтэксьце быў бы тады «Славянскі базар». Што праўда, ня ведаю, наколькі тыя альманахі аб’ядналі мясцовых пісьменьнікаў, ці здолелі яны парадавацца, што маюць нарэшце сваё выданьне? ​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG