Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна ня можа быць нацыянальнай ідэяй


Belarus - Ales Chajchyc, undated
Belarus - Ales Chajchyc, undated

ОК, парады адмаршавалі, салюты адгрымелі, цяпер давайце спакойна і сур’ёзна.

Другая Сусьветная вайна і перамога ў ёй — гэта галоўны ідэалягічны фундамэнт беларускай, а цяпер усё болей таксама і расейскай улады. Дзяржаўныя ідэолягі што ў Беларусі, што цяпер усё болей таксама і ў Расеі спрабуюць стварыць з Другой Сусьветнай — «Вялікай Айчыннай» — вайны падмурак для нацыянальнай ідэі, а вядомы пракрамлёўскі публіцыст Дзьмітры Альшанскі ўжо параўноўвае 9 мая з амэрыканскім 4 ліпеня.

Прычына ў тым, што гэта адзінае, што знаходзіць шчыры водгук у грамадзтве. Цара і камуністычнай ідэалёгіі больш няма, а праваслаўе, пасьлядоўная дэкамунізацыя ці наадварот проста настальгія па СССР ня здольныя крануць расейцаў так моцна, як памяць і міталёгія, якія тычацца Другой Сусьветнай.

У Беларусі зь яе абнуленай гістарычнай памяцьцю і прыродным беларускім прагматычным скепсысам тым болей нікога асабліва не кранае ані настальгія па БССР, ані якіясь іншыя, больш сьветлыя пэрыяды нашай гісторыі.

9 траўня было самым шчырым зь дзяржаўных сьвятаў у часы СССР, і цяпер улады на гэтую старую рану ціснуць што ёсьць моцы.

Гэта зразумела з пазыцый маніпуляваньня грамадзкай сьвядомасьцю дзеля абароны сваёй улады.

Але гэта цалкам безадказна з пазыцый — ну ня будзем казаць нават пра сумленьне і сумленнасьць, але скажам хаця б пра доўгатэрміновыя інтарэсы нацыянальнага і дзяржаўнага будаўніцтва, што ў Расеі, што ў Беларусі. І пад «будаўніцтвам» я не разумею чагось штучнага і ненатуральнага. Ёсьць супольнасьць людзей, якія пражываюць на пэўнай тэрыторыі, маюць пэўную культуру і гісторыю. Гэтая супольнасьць людзей павінна мець якіясь арыентыры ўва ўласнай гісторыі і ўласным успрыняцьці гісторыі і бачаньні ўласнае будучыні, якія дапамагалі б гэтай супольнасьці на гэтай тэрыторыі — у гэтай краіне — канструктыўна разьвівацца і крочыць наперад.

Гэтыя арыентыры павінны быць сфармуляваныя для краіны і данесеныя да людзей з боку інтэлектуальнай і дзяржаўнай эліты. Гэта і ёсьць нацыянальнае і дзяржаўнае будаўніцтва.

Чаму вайна 1939-1945 гадоў ня можа быць нацыянальнай ідэяй Беларусі?

Хаця б таму, што Другая Сусьветная абсалютна відавочна не была вайною за незалежнасьць Беларусі, як гэта нам настойліва спрабуюць прадставіць.

Ані вайной дзеля здабыцьця гэтае незалежнасьці, як гэта ў час вайны спрабавалі прадставіць нямецкія прапагандысты для таго, каб заручыцца падтрымкай палітычна актыўнай часткі беларускага грамадзтва.

Ані вайной дзеля абароны гэтае незалежнасьці, як гэта цяпер спрабуе прадставіць афіцыйная ідэалёгія лукашэнкаўскай Беларусі. Чырвоная армія і сталінскія генэралы ваявалі ніяк не за дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі, а за тое, каб Беларусь заставалася часткай савецкай таталітарнай імпэрыі. 3 ліпеня 1944 г. Менск быў вызвалены не беларускімі войскамі і не беларусамі, а савецкімі акупантамі, якія прыйшлі на замену нацыстоўскім і якія могуць лічыцца ў лепшым выпадку «меншым злом» у параўнаньні зь імі.

Другая Сусьветная была адным з найбольш змрочных і крывавых эпізодаў у нашай гісторыі. Хаця, магчыма, гэта і ня першая нагэтулькі разбуральная і крывавая вайна ў гісторыі Беларусі (узгадаць хаця б вайну 1654-1667 гг). Войны XVII і XVIII стагодзьдзяў урэшце і зьнішчылі сярэднявечную Літву, на месцы якой толькі праз пару стагодзьдзяў зьявілася Беларусь. Такая яна, беларуская гісторыя.

Пра войны мінулых стагодзьдзяў мы ня памятаем. Пра Другую Сусьветную мы абавязаныя памятаць, каб такое больш ніколі не паўтарылася.

Але рабіць зь яе падмурак для нацыянальнай ідэі, рабіць дзень узяцьця чырвоным войскам Менску галоўным дзяржаўным сьвятам, а музэй Вялікай Айчыннай вайны рабіць напаўхрамам і галоўным музэем Беларусі — усё гэта азначае праграмаваць краіну на вечнае жыцьцё ў чаканьні вайны, у разгляданьні вайны як «стандарту» і як арыентыру.

Няма дэмакратыі? «Скажыце дзякуй, што няма вайны. У вайну быў расстрэл за непадпарадкаваньне загадам».

Няма рэформаў у эканоміцы? «Скажыце дзякуй, што няма вайны. У вайну быў голад і ўся краіна па-рабску працавала на ваенных заводах».

Няма паўнавартаснае незалежнасьці? «Скажыце дзякуй, што няма вайны. Пасьля вайны Беларусь была правінцыяй у складзе СССР. А калі б перамог Гітлер, дык тым больш Беларусь была б проста акругай у каляніяльным Остляндзе».

Няма інтэграцыі з Захадам, ад якога мы маглі б пераняць найбольш справядлівыя і прагрэсіўныя грамадзкія інстытуты і з чыёй дапамогай мы маглі бы пабудаваць найбольш эфэктыўную эканоміку? «Скажыце дзякуй, што няма вайны. У вайну мы ваявалі зь немцамі, а немцы цяпер таксама Захад. І ўвогуле па тэлевізары кажуць, што там цяпер царства праклятых чарнаскурых мусульманскіх унтэрмэншаў і гомасэксуалістаў».

Нацыянальную ідэю трэба грунтаваць на пазытыўным ідэале, а не на страху і болю ад вайны. Трэба ставіць сабе высокую плянку, а ня быць шчасьлівымі проста ад таго, што цяпер няма галечы і штодзённай пагрозы жыцьцю.

У выпадку Беларусі гэткі пазытыўны ідэал — гэта Вялікае Княства Літоўскае: магутная эўрапейская дзяржава, чые законы шмат у чым апярэджвалі свой час, якая была ў Сярэднявеччы прытулкам для тысячаў несправядліва прыгнечаных людзей. Краіна, якая была пабудаваная перадусім продкамі беларусаў, сталася арганічным працягам беларускіх дзяржаўніцкіх традыцый часоў Полацкага княства і дагэтуль уяўляе сабой вяршыню беларускага дзяржаўнага будаўніцтва. Дзеячы БНР, як і цяперашняя Рада БНР, разглядаюць будучую Беларусь менавіта як спадкаемцу і наступніцу Вялікага Княства Літоўскага, якое мы павінны «дагнаць і перагнаць».

Тым часам, цяперашняя беларуская дзяржава нават ад тысячагадовага герба ВКЛ адмовілася акурат на той нібыта падставе, што нацыстоўскія акупанты на працягу трох гадоў, бач ты, дазвалялі ім карыстацца, а камуністычныя акупанты на працягу 70 гадоў — не дазвалялі.

Што яшчэ горш — чым актыўней афіцыёз эксплюатуе вайну дзеля сваіх вузкапалітычных мэтаў, тым больш яўнай робіцца фальшывасьць і хлусьлівасьць гэтага навязанага савецкага прапагандысцкага чорна-белага вобразу вайны. Тым больш яўна гэты паўрэлігійны культ «Вялікай Айчыннай вайны» супярэчыць гістарычным фактам і таму, што вайна была і застаецца вельмі складанай і неадназначнай тэмаю, калі сумленна падыходзіць да аналізу тых або іншых яе эпізодаў. І тым больш у людзей будзе алергія на тэму Другой Сусьветнай — а значыць і на тэму тых рэальных урокаў, якія мы павінны з гэтай вайны зрабіць. А гэта ці ня самае страшнае.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG