Трохгадовая Злата, праўнучка Кацярыны Панчэні зь вёскі Пагост Жыткавіцкага раёну, ад ранку была ў сьвяточных строях, як і яе маці Марына. Затое малалетні праўнук Лідзіі Лазарчук не даваў нікому спакою: «Хачу вышыванку! Дайце вышыванку!»
Адпаведнай вышыванкі чамусьці не знайшлося, і малы Ўлад вымушаны быў хадзіць у звычайнай вопратцы, як у сябе ў Гомелі, і з зайздрасьцю пазіраць на сваіх аднагодкаў ці крыху старэйшых вясковых дзяцей, на бабуль, адзетых у прыгожыя вышываныя строі.
Пагост заўсёды шостага траўня сьвяткуе Юр’е, альбо Юр’еў дзень, карані якога сягаюць у глыбіню стагодзьдзяў. Яны зьвязаныя з ушанаваньнем звышнатуральнага пэрсанажа Ярылы, які апекаваўся свойскай жывёлай, сялянскай нівай, якому падпарадкоўваліся нават дзікія жывёлы й паўзучыя гады.
Кацярына Панчэня, галоўная захавальніца «Юр’еўскага карагоду» — унікальнага веснавога абраду, прызнанага нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьцю Беларусі, апавядае:
«Спрадвеку ў нас так было: раніцай жанкі зьбіраюцца ў якой хаце, пякуць карагодны хлеб-каравай, радзяць, і а дзявятай гадзіне ці на пачатку дзясятай ідуць у поле. Там, у полі, акрайчык хлебца кладуць у зямлю, у Бога просяць добрага ўраджаю. Карагод водзяць. Юр’ю загадваюць, каб устаў рана, умыўся бела, надзеў сукні, боты, сядлаў каня і ехаў у поле адмыкаць зямліцу, выпускаць расіцу. Гэты абрад зьвязаны з хлебам, з жывёлай. Гэта каб Бог даваў жыта, пшаніцу на ўсяку пашніцу. У гэты ж дзень выганялі вярбінкаю і каровы на пашу. І песьні Юр’ю сьпявалі».
Пакуль вёска зьбіраецца вадзіць карагод, 73-гадовая Кацярына Панчэня расказвае, што памятае гэты абрад з маленства. Нават у вайну яго ладзілі ў вёсцы. І быў ён больш складаны, бо вясковыя жанкі ў ноч перад Юр’ем ткалі яшчэ й ручнік, каб раніцай асьвяціць яго, павязаць на крыж і абыходзіць вёску. У атрыбутах сьвята — зорка на кіёчку з рознакаляровымі стужкамі, а таксама зялёны й чырвоны хвартухі на граблях. У поле — пад зялёным, з поля — пад чырвоным.
Кацярына: «Я думаю, калі душа ў кагосьці будзе ляжаць да сьвята, то ён ня кіне, будзе працягваць, бо яны ўхапілі трошачкі каранёў. А як ня будзе душа ляжаць, то не прымусіць ніхто. Галоўнае, каб душа ляжала. У мяне — ляжала. Праўнучка Златачка ўжо трэці год з намі на сьвяце. Я думаю, што ў яе душы нешта застанецца ад прабабулі».
Вясковая моладзь, каля паўдзясятка школьнікаў і недзе столькі ж хлапчукоў і дзяўчатак дашкольнага ўзросту з сваімі маці, таксама вадзілі карагод.
Юр’я, устань рана,
Устань рана, Юр’я.
Юр’я, умыйся бела,
Умыйся бела, Юр’я.
Юр’я, ідзі ў поле,
Ідзі ў поле, Юр’я.
Юр’я, вазьмі ключы залатыя,
Юр’я, адамкні зямлю.
Адамкні зямлю, Юр’я.
Сяміклясьніца Насьця зь сяброўкай Карынай ладзяць «царскую браму» — пад ёю карагодаўцы з упрыгожаным хлебам-караваем ідуць на поле, а з поля — вяртаюцца зь песьнямі назад у вёску, каб вітаць гаспадароў, зычыць ім дабра, важкага коласа ўлетку і пажаданьня сустрэць Юр’е ў наступным годзе. А тыя, у сваю чаргу, адорваюць валачобнікаў хатнімі прысмакамі.
«Нас шасьцёра тут на сьвяце, хто ў школу ходзіць. Трэба, каб больш было, тады Юр’я ўстане. Мне вельмі падабаюцца і карагоды, і песьні», — кажа школьніца Аксана.
Так ставіцца да сьвята й праўнучка прабабулі Ліды, якую таксама назвалі Лідай: «Мне даспадобы сьвята. Буду ўдзельнічаць і як вырасту».
Старэйшыя вяскоўцы лічаць, што іхні ўнікальны абрад можна захаваць і надалей, калі прывучаць да гэтай сапраўды народнай традыцыі як мага больш моладзі.
Маці дваіх дзяцей Алена Кулік з суседняй вёскі Чэрнічы апавядае, што дзявяты год ходзіць у Пагост за чатыры кілямэтры, каб браць удзел у народным фальклёрным гурце «Міжрэчча». На гэтым гурце найперш і трымаецца «Юр’еўскі карагод»:
«Мяне прыцягваюць песьні, танцы нашых продкаў. Люблю сьпяваць, танцаваць. Гэта маё хобі па жыцьці. У мяне й сын захапляецца гэтым. Калі я іншым разам дома рэпэцірую, ён падхоплівае. Каб гэта ўсё надалей захоўвалася, трэба прыцягваць моладзь, абрадаў больш ладзіць. Дзеці павінны вучыцца танцаваць, сьпяваць, карагоды вадзіць. Мы ж і на Юр’е карагод водзім, і на Саракі — на ўсе-ўсе сьвяты».
Старшыня Азяранскага сельскага савету Міхаіл Аліфіравец таксама не цураецца Юр’еўскага сьвята ў Пагосьце — зорку носіць альбо ўпрыгожаны хлеб-каравай, якім па завяршэньні сьвята валачобнікі дзеляцца з аднавяскоўцамі. Гэта добрая нагода, каб і зь вяскоўцамі сустрэцца, і пра іхнія надзённыя пытаньні даведацца.
«Абрад не забудзецца, — перакананы Аліфіравец, — калі ў ім будуць зацікаўленыя ўлады, органы мясцовага самакіраваньня. Патрэбны супольныя намаганьні людзей. Асноўнае тут — моладзь зацікавіць. Трэба пачынаць з навучэнцаў малодшых клясаў, каб яны бралі ўдзел у такім народным абрадзе, каб не згубілася ўсё зь цягам часу».
На Юр’е ў Пагост раённыя ўлады сёлета запрасілі шэраг гуртоў зь Лельчыцкага, Петрыкаўскага раёнаў і нават зь Меншчыны. Тыя ў Юр’еўскім абрадзе ня ўдзельнічалі, а выступілі толькі са сваімі нумарамі са сцэны, змайстраванай на галоўнай вуліцы.
Грамадзкі экспэрт у пытаньнях захаваньня нематэрыяльных каштоўнасьцяў Рэгіна Гамзовіч, прамаўляючы з гэтай сцэны на заканчэньне імпрэзы, заўважыла, што сцэнічную творчасьць не выпадае спалучаць з абрадавай, бо сцэна разбурае канву абрадавай традыцыі. Тут ня варта імкнуцца да неапраўданай маштабнасьці. Іншая рэч — запрасіць, скажам, адзін гурт, каб той паўдзельнічаў у «Юр’еўскім карагодзе» ды пераняў гэты звычай.
Ёсьць у грамадзкага экспэрта і сваё бачаньне падтрымкі адметных зьяваў у культурніцкім жыцьці краіны:
«Змалку ўсюды, дзе бяруцца пад ахову няхай сабе рамёствы, няхай абрады — усюды ў школках павінна быць этнаграфічнае выхаваньне. Ня важна, ёсьць такое выхаваньне ў сям’і ці няма, але ў школах павінна быць распрацаваная адпаведная праграма на мясцовым фальклёры, зь мясцовымі гульнямі — усё паводле ўзросту».
Дзе корогод уецца,
Там жыто ўдаецца,
А дзе не бывае,
Там жыто ўлегае.