Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як камэнтаваць на сайце Свабоды


Тыдзень пратрывала наша новаўвядзеньне — магчымасьць камэнтаваць артыкулы на сайце радыё Свабода выключна праз сацыяльную сетку Фэйсбук.

Цягам гэтага тыдня выявіліся дзьве рэчы:

Колькасьць камэнтараў рэзка паменшала.

Агульны тон камэнтараў стаў больш «карэктным» і менш агрэсіўным ў адносінах як да аўтараў нашых матэрыялаў, так і да іншых камэнтатараў.

Тлумачыць гэтыя дзьве прыкметы можна па-рознаму.

Што да зьмяншэньня колькасьці. Магчыма, большасьць наведнікаў сайту Свабоды не карыстаюцца Фэйсбукам. А калі і карыстаюцца, дык аддаюць перавагу ананімнаму камэнтаваньню або камэнтаваньню пад рознымі «нікамі». Многія апасаюцца пад сваім імем пісаць на сайтах недзяржаўных СМІ. А Фэйсбук, са сваім патрабаваньнем акрэсьліць «профіль» карыстальніка, такую ананімнасьць абмяжоўвае. У прынцыпе, аднаму чалавеку магчыма стварыць сабе і тузін розных «акаўнтаў» у Фэйсбуку, але гэта ўсё ж больш складана і працаёміста, чым даваць камэнтары наўпрост на сайце пад тузінам розных «нікаў».

Што да зруху дыскусіяў у бок цывілізаванасьці. Калі чалавек камэнтуе пад уласным прозьвішчам (пад канкрэтным «профілем» у сацсетцы), ён усё ж больш асьцярожны і далікатны ў выбары «стылю і эпітэтаў». Ананімнасьць камэнтаваньня «разьнявольвае» чалавека і спакушае яго на вастрэйшыя фармулёўкі. Ананімнасьць камэнтаваньня — гэта таксама (або перш за ўсё) перадумова для актыўнасьці інтэрнэтных троляў, якія ў камэнтарах або даюць волю сваёй мізантропіі, або зарабляюць на жыцьцё, прасоўваючы пэўную лінію. Абразіць суразмоўцу ці адвесьці яго ад сутнасьці пытаньня — асноўная зброя ў арсэнале троляў.

Мадэратары дыскусіяў на нашым сайце ня маюць лёгкага жыцьця. З аднаго боку, яны стараюцца як найменш абмяжоўваць свабоду выказваньняў (сярод іншага і дзеля таго, каб мець як мага больш камэнтараў і камэнтатараў). Але з другога, як усе адчуваем, існуе мяжа сацыяльнай і індывідуальнай прыстойнасьці, за якой пачынаецца не цывілізаваная дыскусія, а проста вэрхал, абразы, плявузганьне і хамства. Праблема ў тым, што гэтую мяжу не заўсёды лёгка вызначыць. А тролі ўвесь час удасканальваюць сваё ўмельства разладжваць нават самыя разумныя і культурныя абмеркаваньні...

Як пазбавіцца ад троляў у камэнтарах і адначасова захаваць ананімнасьць камэнтатараў? Увесьці больш жорсткую прэмадэрацыю, чым цяпер? Вярнуцца да камэнтаваньня праз сацыяльныя сеткі? Чаму б вы аддалі перавагу?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG