Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што такое «Беларусь у Эўропу»


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

«Такая Эўропа нам непатрэбная!» — казалі многія беларусы летась, калі выглядала, што Ўкраіна застаецца сам-насам з агрэсіяй.


Вядома, вялося пра палітычную Эўропу, і нават канкрэтна пра Эўразьвяз. Непаваротлівы, абыякавы, дзесьці дробязны, зацыклены на сваіх камунальных праблемах.


— Ведаеш чаго мне бракуе ў Менску пасьля васьмі гадоў жыцьця ў Маскве? — пытаецца знаёмая. — У Маскве ў цэнтры гораду сканцэнтраванае калясальнае культурнае жыцьцё. Там усе сьвяцілы культуры і навукі ў дасягальнасьці некалькіх станцый мэтро. Мне так было зручна займацца сваімі культуралягічнымі дасьледаваньнямі!


— Ведаеш, — адказваю, — у чым розьніца між табой у Маскве, і тваім эстонскім калегам у невялікім гарадку? Ён сядае на недарагі авіярэйс і праз гадзіну-другую апынаецца ў адной з эўрапейскіх сталіц на патрэбнай яму сустрэчы. Той жа час, што ты праводзіла ў грамадзкім транспарце, пакуль дабіралася са здымнай кватэры за кальцавой дарогай.


А за МКАД — парослая жухлай травой культурная тэрыторыя. Калі ты крэатыўны чалавек і не ў Маскве — ты няздара, няўдачнік, у цябе практычна няма шанцаў на самарэалізацыю.


— А ў Эўропе, тлумачу я сваё бачаньне, — няма такога, што вось, напрыклад, Парыж — цэнтар, а ўсё астатняе — глухая правінцыя, зь якой крэатары імкнуцца ўцячы праўдамі і няпраўдамі. Там у Эўропе паўсюль — цэнтар.


Зь Менску да мяжы Эўразьвязу — 140 км, а з Горадні, напрыклад, — 15. Тысячы дасьледчыкаў, выкладчыкаў, творцаў, мэнэджэраў культуры штогод бываюць у Эўропе ў якасьці слухачоў ці выступоўцаў. Так — візы, так — бюракратыя, але едуць, удзельнічаюць у агульным працэсе, існуюць, хай фрагмэнтарна, у агульнаэўрапейскай культурнай сытуацыі.
І калі ў Эўропе на нашых актараў культуры і навукі глядзяць як на пацярпелы ад дзяржаўнай сыстэмы бок, то з Масквы яны выглядаюць глухімі правінцыяламі. Адтуль усё правінцыя, што не Парыж — традыцыя такая :).


У Маскве — грошы, у Эўропе — трэнды, рух і... грошы. У Маскве рэсурсы, якія выціскаюцца з правінцый. Бо калі «Трэці Рым», то й «трэція правінцыі», і «трэцяе выцісканьне».


У Расеі — спроба малпаваць той самы старажытны Рым, які нарадзіўся, каб зьнікнуць, і спарадзіць сучасную Эўропу, дзе сталіца Італіі Рым — адзін з сотняў культурных, і дзясяткаў фінансавых цэнтраў. Роўны сярод роўных.


«Такая Эўропа нам непатрэбная!» — абураюцца людзі бюракратыяй і безідэйнасьцю Эўразьвязу. «Нам Эўропа зусім непатрэбная!» — скавычуць у жаху «аналітыкі» пры тэлевізарах, якіх пужаюць «сэксуальнымі вычварэньнямі» проста на памежным пераходзе ў Эўразьвяз.


Мяркую, нам патрэбная Эўропа як такая. З магчымасьцю сесьці на недарагі авіярэйс, зьлётаць у Барсэлёну на выходныя — паглядзець творы Гаўдзі, ці ў Ісьляндыі ўбачыць унікальны прыродны ляндшафт, ці паказаць дзецям той самы — Першы Рым, які ўжо ніколі не адродзіцца як горад-цмок, бо людзі зьмяніліся, і зьмянілі адносіны паміж сабою.


А навошта патрэбная Беларусь Эўропе? Вельмі проста. Альбо на мяжы Эўразьвязу будуць сэнсоўныя суразмоўцы і партнэры, альбо — гратэскавы «Трэці Рым». Такі ж сэнсоўны, як пятае кола.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG