Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перакуліўся карабель зь мігрантамі: да 700 загінулых


Каля берагоў Лібіі перакуліўся карабель зь мігрантамі, на борце якога было да 700 чалавек. Ідзе выратавальная апэрацыя, перадае ВВС. Выданьне Times of Malta паведамляе, што выратаваць удалося толькі 28 чалавек.

Прадстаўнік італьянскай Берагавой аховы паведаміў BBC, што на борце «ад 500 да 700 чалавек». Да маштабнай выратавальнай апэрацыі, якая разгарнулася на поўдзень ад італьянскай выспы Лампэдуза, прыцягнутыя караблі флётаў Італіі і Мальты, а таксама гандлёвыя караблі.

Прадстаўнік узброеных сілаў Мальты Дэвід Чыофі паведаміў СNN, што выратавальнікі дасталі з вады «мноства целаў», у тым ліку дзіцячых.

Times of Malta паведамляе, што карабель перакуліўся каля паўночы, калі да яго наблізіўся нейкі гандлёвы карабель, і мігранты сабраліся каля аднаго з бартоў карабля.

На мінулым тыдні падчас аналагічнага трагічнага інцыдэнту ў Міжземным моры перавярнуўся карабель з 400 мігрантамі. Выратаваць удалося толькі каля 150. Многія целы затым вынесла на бераг у Лібіі, адкуль людзі спрабавалі дабрацца да эўрапейскіх берагоў у пошуках лепшага жыцьця.

Італія і Мальта, аддзеленыя ад Афрыкі толькі водамі Міжземнага мора, зьяўляюцца адной зь любімых мэтаў для нелегальных мігрантаў.

Самую сумную славу мае невялікая італьянская выспа Лампэдуза, разьмешчаная за 113 кілямэтраў ад узьбярэжжа Туніса. Штомесяц адтуль прыходзяць дадзеныя аб новых караблекрушэньнях, калі паромы і караблі, што плылі на Сыцылію, пераварочваюцца, прычым вялікая частка зь іх — па прычыне перагружанасьці.

Многія катастрофы наўмысна ігнаруюцца рыбакамі і іншымі грамадзянскімі карабляіт. Іх капітаны, не жадаючы апынуцца датычнымі да нелегальнай міграцыі, вядуць караблі далей, нягледзячы на крыкі аб дапамозе людзей, якія тонуць.

На выратаваньне мігрантаў не жадаюць вылучаць грошы

У 2014 годзе ў Італію марскім шляхам прыбыло рэкордная колькасць мігрантаў — 170 тысяч чалавек. Усе яны пакінулі месца свайго пражываньня ў Афрыцы або на Блізкім Усходзе з-за галечы і ваенных канфліктаў. Каб трапіць у Італію, ахвотным даводзіцца прарабіць марскі шлях у 500 кілямэтраў. Пры гэтым кантрабандысты выкарыстоўваюць старыя караблі, якія выходзяць у мора перагружанымі і безь неабходных запасаў вады, ежы і выратавальнага рыштунку.

Улады Італіі ў чарговы раз папрасілі Эўразьвяз умяшацца ў сытуацыю і аказаць фінансавую дапамогу. Штомесяц ЭЗ выдаткоўвае 2,8 мільёна эўра на правядзеньне апэрацыі «Трытон», якая накіравана на выратаваньне мігрантаў у Міжземным моры. Гэтых сродкаў, відавочна, недастаткова.

Фінансаваньне праграмы ажыцьцяўляюць толькі 22 з 28 краін ЭЗ. Вялікабрытанія, напрыклад, адмовілася гэта рабіць. Ангельскія палітыкі лічаць, што выратаваньне нелегальных мігрантаў толькі павялічвае плынь перасяленцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG