Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якой можа быць беларуская экспансія на Ўсход


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Аранжавыя чалавечкі шмаруюць шампунем кожны квадратны мілімэтар тратуару, транспарт ходзіць па раскладзе, палі засеяныя, у тэлевізары няма сатыры, прадпрымальнікі стаюць шыхтам, як піянэры ў сталоўку, у крамах якасныя малочныя прадукты, за спробу сабрацца і папляскаць у ладкі, вас чакае аўтазак, «вапросы» не «рашаюцца»: штрафы трэба сплачваць, на вуліцах няма гапаты, карупцыя пачынаецца ня з ЖЭС ці патрульнага міліцыянта, а з раённага начальства...

Так выглядала б Расея, калі б рэгіёнамі ці асобным суб'ектам далучылася да Беларусі.

– Вы бачылі тую Бранскую вобласьць? Навошта нам гэты жах! – Прыблізна ў такой танальнасьці абмяркоўвалі ў нас словы Лукашэнкі пра беларускую частку Бранскай, Смаленскай і Пскоўскай абласьцей.

Для большасьці ўдзельнікаў дыскусіі ў беларускім сеціве было зразумела, што гаворка вядзецца паўжартам. Тым ня менш, чаму б беларусам не пачынаць задумвацца аб прасоўваньні сваіх унікальных каштоўнасьцяў, свайго беларускага парадку на Ўсход?

Калі фантазіраваць на тэму лукашэнкаўскай Беларусі, то складана прапанаваць штосьці прынцыпова новае на нашых «Усходніх Ускраінах». Узяць у Расеі грошы, і навесьці «жэстачайшы парадак»? Дык навошта Маскве тая Браншчына? Там няма нафты, алмазаў, мэталаў, у Браншчыны няма незалежнасьці, як у Беларусі.

З грашыма кожны можа, а ты паспрабуй спачатку ідэю.

Ідэяў у беларускага афіцыёзу як не было, так і не зьявілася. Эксплуатаваньне савецкага культу Вялікай Айчыннай вайны, заклінаньні пра мір і стабільнасьць, чарка-шкварачны сацыяльны кантракт?.. З такім ідэйным багажом нават у Бранску і Смаленску нікога не заахвоціш далучыцца культурна і духоўна.

У ідэале Беларусь можа прапанаваць сваю філязофію, сваё бачаньне сьвету, абапіраючыся на такія паняцьці як збалянсаванасьць, разважлівасьць, адказнасьць, надзейнасьць. Мэсыдж – мы адэкватныя людзі, зь якімі можна ўпэўнена весьці справы.

Наша культурнае багацьце – памежжа. Мы полуправаднікі між Эўропай і Расеяй. Мы самі былі часткай Эўропы, і вяртаемся туды найперш мэнтальна. І прапануем вам, суродзічы з заходняй Расеі, далучацца да нас.

Да нас – гэта больш павагі да чалавека, больш ведаў пра сьвет, больш кантактаў зь іншымі народамі, большае веданьне моваў, большыя магчымасьці для самарэалізацыі.

Такім бачыцца «беларускі парадак» пасьля Лукашэнкі – з павагай да чалавека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG