Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя патрабуе ад апазыцыі 21 мільён за працу на Дзень Волі


Адзін з заяўнікаў акцыі на Дзень Волі-2015, актывіст руху «За свабоду» Мікіта Семяненка не зьбіраецца аплочваць працу супрацоўнікаў ГУУС Менгарвыканкаму, пакуль не атрымае каштарысу выдаткаў, якія панесла міліцыя падчас акцыі.

Першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч патлумачыў Радыё Свабода, што пытаньне аб неабходнасьці аплочваць паслугі міліцыі па ахове правапарадку ўзьнікла напярэдадні Дня Волі — 24 сакавіка. Тады прадстаўнікі ГУУС прапанавалі апазыцыянэрам падпісаць дамову на ахову грамадзкага парадку, за што трэба было заплаціць каля 21 мільёна рублёў. Прычым раней арганізатары масавых мерапрыемстваў ніколі міліцыі не плацілі.

«Гэта новаўвядзеньне з боку менскіх уладаў — раней аплата паслугаў міліцыі не практыкавалася падчас масавых мерапрыемстваў. Мы лічым, што ўдзельнікі мінулага Дня Волі, як і ўсе грамадзяне Беларусі, маюць гарантаванае Канстытуцыяй права на ўдзел у масавых мерапрыемствах, таму ў прынцыпе такое патрабаваньне выглядае нонсэнсам. Аднак яно была навязана арганізатарам напярэдадні мерапрыемства. Калі б яны не падпісалі адпаведную дамову, то, натуральна, узьніклі б перашкоды ў правядзеньні Дня Волі. Але цяпер, каб усё ж такі даведацца на што былі выдаткаваны такія вялікія грошы (а я нагадаю, што агулам сума складае 21 мільён, то бок на кожнага з чатырох заяўнікаў прыпадае каля 5 мільёнаў 300 тысяч рублёў), Мікіта Семяненка як адзін з заяўнікаў зьвярнуўся да міліцэйскага кіраўніцтва з патрабаваньнем тлумачэньняў і прад’яўленьня каштарысу, інфармацыі пра выдаткі. Ці насамрэч гэтыя грошы былі накіраваны на ахову парадку, ці яны былі проста пакладзеныя ў міліцэйскі бюджэт? Якім чынам разьмяркоўвалася праца, якім чынам яна аплочвалася? Супрацоўнікі міліцыі знаходзяцца на дзяржаўнай службе, але ці залічваўся ім гэты час неяк асобна або быў пакрыты зь дзяржаўнага бюджэту? Усю гэтую інфармацыю трэба ведаць, перад тым як заплаціць за паслугу, бо гэта правіла: калі ты ня ведаеш, за што ты плаціш, ты маеш права адмовіцца», — кажа Губарэвіч.

Ён дадае, што падчас сустрэчы арганізатараў Дня Волі з прадстаўнікамі менскай міліцыі 24 сакавіка ніякіх тлумачэньняў на гэты конт агучана не было.

«Неабходнасьць аплаты ўзьнікла ўжо пасьля атрыманьня дазволу з боку Менгарвыканкаму. Раней з тых паслугаў, якія ўжо некалькі гадоў рэгулярна выстаўляюцца да аплаты, гэта паслугі хуткай дапамогі, прычым тут практыкуецца абавязковая перадаплата. Але сумы тут, натуральна, значна меншыя, чым была выстаўленая з боку Міністэрства ўнутраных спраў», — падкрэсьліў Губарэвіч.

Трэба адзначыць, што нават прыблізная колькасьць супрацоўнікаў міліцыі, якія былі задзейнічаныя падчас акцыі на Дзень Волі, невядомая. Паводле справаздачы праваабаронцаў па выніках Дня Волі-2015, супрацоўнікаў праваахоўных органаў на акцыі было немагчыма ідэнтыфікаваць «праз адсутнасьць у значнай часткі форменнай вопраткі, а таксама адсутнасьць ідэнтыфікацыйных нумарных знакаў на пераважнай большасьці супрацоўнікаў у форме».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG