Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр Аляксандар Доўбік, беларускі праваабаронца часоў Хрушчова


 Аляксандар Доўбік
Аляксандар Доўбік

30 сакавіка на 95-м годзе жыцьця памёр былы дысыдэнт Аляксандар Доўбік.

Матрос Чарнаморскага флёту, завуч пачатковай школы, змагар за правы чалавека ў часы Хрушчова, вязень мардоўскага працоўнага лягеру, агітатар за Зянона Пазьняка Аляксандар Доўбік памёр 30 сакавіка. Апошнія гады ён жыў у доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў.

Пра бацьку Свабодзе распавёў сын Аляксандра Доўбіка Віктар:

«Мой бацька, Аляксандар Доўбік, працаваў на беларускую нацыю — і ў гэтым яго дасягненьне. Адседзеў у Мардлагу. Яму пры Хрушчову закрытым судом у Гародні далі 10 гадоў, але палову скасавалі. Што мог, тое рабіў для народа. Судзілі яго за „антысавецкую агітацыю“. Ён напісаў лісты да кіраўнікоў ЗША і Англіі і адправіў у амбасады гэтых краін. Для таго часу гэтага было дастаткова, каб засудзілі і адправілі ў лягер. Ён быў адданы нацыі, беларускаму народу, у тых лістах пісаў пра парушэньні правоў чалавека, прасіў ААН зьвярнуць увагу на тое, што ў нас не выконваюцца правы чалавека. За гэта яго і перасьледавалі. У 1994 годзе хадзіў па вёсках і агітаваў за Зянона Пазьняка».

Віктар Доўбік захоўвае рукапісныя мэмуары свайго бацькі.

Артыкул з даведніка Леаніда Маракова «Рэпрэсаваныя настаўнікі»:

«Аляксандар Доўбік нарадзіўся ў 1921 годзе на хутары Сеньніца Слуцкага павета Менскай губэрні. У 1937 годзе зь сястрой Анютай выехаў да маці ў ссылку ў Караганду. Паступіў на вучобу ў Горны тэхнікум, праз 2 гады перавёўся ў Настаўніцкі інстытут. 16 верасьня 1940 году мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Служыў на караблях Чарнаморскага флёту. Паранены, кантужаны. Выехаў да маці ў Казахстан. Працаваў у калгасе. У чэрвені 1943 году зноў мабілізаваны. Служыў на Чорным і Балтыйскім морах. Пасьля дэмабілізацыі з ВМФ у сьнежні 1945 году вярнуўся на радзіму. Працаваў настаўнікам у тагачасным Мірскім раёне. З 1954 году завуч пачатковай школы ў вёсцы Радунь Карэліцкага раёну Гродзенскай вобласьці.

Быў жанаты, гадаваў двое дзяцей. Арыштаваны 15 кастрычніка 1958 году. Асуджаны Гродзенскім абласным судом за „антысавецкую агітацыю і прапаганду“ да 10 гадоў папраўча-працоўнага лягеру. Па сутнасьці, Доўбік быў пакараны за напісаньне лістоў прэзыдэнту ЗША, прэм’ер-міністрам Англіі і Індыі, у якіх ён прасіў зьвярнуць увагу, што СССР зьяўляецца сябрам ААН, а „дэклярацыю арганізацыі па правах чалавека не выконвае“. Этапаваны ў Дубровенскі лягер Мардоўскай АССР. Вызвалены 15 кастрычніка 1963 году датэрмінова. Працаваў настаўнікам у Наваградзкім раёне. Неаднаразова зазнаваў ціск з боку спэцслужбаў. У 1972 годзе вымушаны звольніцца. Працаваў у калгасе, на сваёй гаспадарцы. Са студзеня 2003 году пасьля цяжкай хваробы і траўмы жыве ў Жухавіцкім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. Аўтар мэмуараў. Рэабілітаваны Вярхоўным Судом Беларусі 20 сьнежня 1991 году. Асабовая справа Д. № п-13359 захоўваецца ў архіве УКДБ Гарадзенскай вобласьці».

Фільм пра Аляксандра Доўбіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG