Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стаць грамадзянінам Беларусі будзе лягчэй

абноўлена

Атрымаць беларускае грамадзянства цяпер стане лягчэй. Гэта вынікае з тых паправак да закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь», які сёньня прынялі ў першым чытаньні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Галоўная навацыя ў зьмяненьнях — гэта спрошчаны парадак атрыманьня грамадзянства Рэспублікі Беларусь тымі людзьмі, якія раней не зьяўляліся грамадзянамі СССР.

Як патлумачыў міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч, які прадстаўляў закон, грамадзяне, якія пасьля распаду Савецкага Саюзу нарадзіліся па-за межамі Рэспублікі Беларусь, але маюць этнічныя беларускія карані, цяпер, калі гэта папраўка да заканадаўства запрацуе, змогуць атрымаць беларускае грамадзянства ў спрошчаным парадку.

Шуневіч зазанчыў: «На сёньняшні дзень даволі вялікая колькасьць людзей, якія этнічна і гістарычна зьвязаныя зь Беларусьсю, ня могуць скарыстацца правам на спрошчаны парадак набыцьця грамадзянства толькі таму, што не адпавядаюць адной умове — ня маюць грамадзянства СССР у мінулым.

Хачу адзначыць, што гэта людзі, якія нарадзіліся пасьля распаду Савецкага Саюзу. Гэта маладое працаздольнае пакаленьне, якое хоча працаваць на карысьць Рэспублікі Беларусь. Наш законапраект прадугледжвае набыцьцё беларускага грамадзянства ў рэгістрацыйным парадку асобам, якія нарадзіліся пасьля распаду СССР».

Таксама прэтэндаваць на беларускае грамадзянства змогуць дзеці, якія нарадзіліся ў Рэспубліцы Беларусь ад бацькоў без грамадзянства.

Законапраектам таксама ўстаноўлены так званы цэнз аседласьці. Гэта азначае, што для таго, каб хадайнічаць аб атрыманьні беларускага грамадзянства, чалавеку трэба пражыць бяз выезду на тэрыторыі Беларусі ня менш за 7 гадоў.

Ігар Шуневіч
Ігар Шуневіч

Адказваючы на пытаньне дэпутатаў, Ігар Шуневіч сказаў што гэтыя зьмены ўводзяцца для таго, каб павялічыць колькасьць грамадзян Рэспублікі Беларусь, асабліва тых хто мае этнічныя беларускія карані.

Міністар унутраных спраў сказаў, што Беларусі Аляксандар Лукашэнка кожны квартал падпісвае ўказ аб набыцьці замежнымі грамадзянамі грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Звычайна ў такім указе прыкладна 100 прозьвішчаў. Прычым выходзяць зь беларускага грамадзянства ў паўтара разы меней, чым жадаюць яго набыць.

Пераважна хадайнічаюць аб набыцьці беларускага грамадзянства людзі, якія нарадзіліся на тэрыторыі былога СССР. «Зараз акцэнт, зь вядомых вам усім прычын, перамясьціўся ва Ўкраіну», — адзначыў Ігар Шуневіч.

Ніна Шыдлоўская
Ніна Шыдлоўская

Старшыня рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская ўхваляе такі крок беларускіх уладаў:

«Канечне, хочацца бачыць усе нюансы гэтай справы, якія будуць выкладзеныя ў канчатковых дакумэнтах. Але тое, што прадугледжваецца нейкая палёгка для катэгорыі людзей, якія маюць беларускія карані, вельмі вітаецца.

Дэмаграфічную праблему, у прынцыпе, можна рашаць і за кошт заахвочваньня пераезду ў Беларусь людзей розных нацыянальнасьцяў з розных краін сьвету празь нейкія эканамічныя і працоўныя рычагі. Аднак, вядома, нацыя павінна быць найперш зацікаўленая ў вяртаньні на Радзіму людзей, якія разумеюць, што гэта за краіна, маюць агульныя супольніцкія, культурныя і гістарычныя каштоўнасьці.

Хоць новым законам аб беларусах замежжа і не прадугледжваецца штосьці кшталту „Карты беларуса“ (за што доўгі час выступала „Бацькаўшчына“), але будзем спадзявацца, што і такія кропкавыя меры будуць заахвочваць людзей, чые карані (няважна ў якім калене) паходзяць зь Беларусі, вяртацца на Радзіму і дапамагаць яе супольна разьвіваць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG