Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У жніўні ў Ізраіль бязь візаў, — амбасадар Шагал


«Бязьвізавы рэжым паміж Беларусьсю і Ізраілем можа запрацаваць у жніўні, канчатковае рашэньне будзе прымаць новы ізраільскі ўрад», — заявіў амбасадар Ізраіля ў Беларусі Ёсіф Шагал.

У інтэрвію сайту Sputnik амбасадар Ізраіля ў Менску зазначыў:

«Ратыфікацыя пагадненьня аб адмене візаў для ўладальнікаў нацыянальных пашпартоў можа стаць адным зь першых рашэньняў новага ізраільскага ўраду.

На жаль, гісторыя з адменай візаў зацягнулася. Правядзеньне датэрміновых парлямэнцкіх выбараў у Ізраілі адклала працэс ратыфікацыі адпаведных дакумэнтаў. Папярэдні кабінэт міністраў не пасьпеў ратыфікаваць пагадненьне, яму не хапіла для гэтага літаральна некалькі дзён».

Ёсіф Шагал
Ёсіф Шагал

Пагадненьне аб адмене візаў падпісалі ў Менску яшчэ 19 верасьня 2014 году. І тады заяўлялася, што новы 2015 год грамадзяне Беларусі і Ізраіля змогуць сустрэць бязь візаў. Аднак гэтага не атрымалася. Дарэчы, пагадненьнем прадугледжана, што з моманту ратыфікацыі і да фізычнай адмены візаў павінна прайсьці 90 дзён. Беларусь свае абавязаньні выканала цалкам 5 студзеня 2015 году. Ізраіль затрымліваецца.

А пакуль, каб беларусу наведаць Ізраіль, трэба набыць візу, якая каштуе 23 даляры. Грамадзянін Ізраіля за беларускую візу мусіць заплаціць даражэй — 60 эўра.

Параўнальна з нашымі бліжэйшымі суседзямі працэс адмены візаў з Ізраілем для беларусаў зацягнуўся. Так, расейцам, каб наведаць Ізраіль, візы не патрэбныя яшчэ зь верасьня 2008 году, а ўкраінцам — зь лютага 2011-га. Гэтаксама як і грамадзянам Ізраіля, якія накіроўваюцца ў гэтыя краіны.

Амбасадар Шагал кажа, што пасьля адмены візаў для грамадзянаў Расеі і Ізраіля паток турыстаў павялічыўся ўтрая. Паводле намесьніцы міністра замежных спраў Беларусі Алены Купчыной, цяпер у Ізраілі жывуць каля 120 тысяч выхадцаў зь Беларусі. Яна дадае, што пры пераходзе на бязьвізавы рэжым з Ізраілем Беларусь страчвае 420 тысяч эўра на год. Але намесьніца міністра ўпэўненая, што гэтыя грошы будуць зь лішкам кампэнсаваныя праз пашырэньне эканамічных, турыстычных, гандлёвых ды іншых стасункаў.

На афіцыйным сайце зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі зьмешчаны сьпіс краін, куды беларус можа накіравацца, не клапоцячыся пра візу. Іх 23: гэта Вэнэсуэла, Куба, Нікарагуа ды іншыя.

У блізкай пэрспэктыве бязьвізавымі могуць стаць падарожжы ў Бразылію, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Сынгапур. У далейшай — у Інданэзію, Катар, Аман, Лаос, Лібан, Уругвай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG