60-гадовы Ваіслаў Шэшаль быў адпушчаны ў мінулым лістападзе пасьля 12 гадоў знаходжаньня ў месцах пазбаўленьня волі, але прысуд у дачыненьні да яго так і не быў вынесены. Па вяртаньні ў Бялград ён стаў выступаць па тэлебачаньні і радыё, адстойваючы ідэі ваяўнічага нацыяналізму, якія ён у мінулым ужо распаўсюджваў у ходзе кровапралітнага распаду Югаславіі ў 1990-я гады.
У сьнежні пракуроры Трыбуналу ў Гаазе заявілі, што Шэшаль парушыў сваё абяцаньне не займацца палітычнай дзейнасьцю па вяртаньні ў Сэрбію і заклікалі судзьдзяў вярнуць яго пад варту.
«Ён ясна паказаў, што стан яго здароўя не зьяўляецца перашкодай для непрымальных публічных заяў, якія адыгрываюць падпальшчыцкую ролю і абразьлівыя для ахвяр яго злачынстваў,» — гаварылася ў заяве пракурораў.
Тады ж Шэшаль заявіў у інтэрвію агенцтву Reuters, што не зьбіраецца добраахвотна вяртацца ў Гаагу.
Шэшаль абвінавачваецца ў распальваньні міжэтнічных канфліктаў, якія прывялі да забойстваў, этнічных чыстак і іншых ваенных злачынстваў у Харватыі і Босьніі.
Каб дамагчыся вяртаньня Шэшаля ў Гаагу сэрбскі ўрад будзе абавязаны арыштаваць яго і экстрадаваць. Урад узначальвае Аляксандр Вучыч, былы блізкі паплечнік Шэшаля. У 2008 годзе Вучыч адмовіўся ад ультранацыяналізму свайго старога настаўніка і зрабіўся прыхільнікам далучэньня Сэрбіі да Эўразьвязу.
Прадстаўнікі сэрбскіх уладаў назвалі цяперашняе рашэньне Гааскага трыбуналу «заблытаным» і паведамілі, што цягам некалькіх дзён вырашаць як дзейнічаць далей.