Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча абвінавачвае расейскіх дыспэтчараў у катастрофе пад Смаленскам


Ваенная пракуратура дала ацэнку дзеяньням дыспэтчараў аэрадрома «Паўночны» — аднаму з іх будзе выстаўленае абвінавачваньне ў «наўмысным», а другому — у «ненаўмысна давядзеньні да авіякатастрофы».

Польская Галоўная ваенная пракуратура мае намер выставіць абвінавачваньні расейскім дыспэтчарам, якія, на яе думку, нясуць частку віны за катастрофу самалёта прэзыдэнта Польшчы пад Смаленскам у 2010 годзе.

Як перадае карэспандэнт Радыё Свабода Аляксей Дзікавіцкі, падчас спэцыяльнай прэсавай канфэрэнцыі ў Варшаве ваенныя сьледчыя заявілі, што, на іх думку, непасрэднай прычынай катастрофы пад Смаленскам зьяўляюцца дзеяньні экіпажа прэзыдэнцкага самалёта. Аднак пракуратура дала ацэнку і дзеяньням дыспэтчараў аэрадрома «Паўночны» — аднаму зь іх будзе выстаўленае абвінавачваньне ў «наўмысным», а другому — у «ненаўмысна давядзеньні да авіякатастрофы».

«Акруговая ваенная пракуратура ў Варшаве на падставе эўрапейскай канвэнцыі аб узаемадапамозе, якая тычыцца крымінальных злачынстваў, пачала працэдуру, мэта якой — выставіць абвінавачваньні расейскім грамадзянам і дапытаць іх у якасьці падазраваных», — заявіў палкоўнік Шэлёнг.

Прозьвішчы дыспэтчараў не паведамляюцца. Далейшае разьвіцьцё падзей залежыць практычна толькі ад добрай волі Масквы — калі расейцы не пагодзяцца супрацоўнічаць з польскай пракуратурай, то прыцягнуць да адказнасьці дыспэтчараў, якім згодна з польскім заканадаўствам пагражае да 8 гадоў зьняволеньня, будзе немагчыма.

Сьледчы камітэт Расеі ўжо катэгарычна адхіліў абвінавачваньні Польшчы на адрас авіядыспэтчараў. Як падкрэсьліў прадстаўнік расейскага ведамства Ўладзімер Маркін, па выніках, наяўных на дадзены момант, ніякіх парушэньняў у дзеяньнях групы кіраўніцтва палётамі выяўлена не было. Група, па словах Маркіна, дзейнічала ў дакладнай адпаведнасьці як з інструкцыямі, так і з міжнароднымі нормамі.

10 красавіка 2010 году пад Смаленскам разьбіўся самалёт ТУ154, на борце якога знаходзілася афіцыйная польская дэлегацыя на чале з прэзыдэнтам Лехам Качыньскім. Дэлегацыя накіроўвалася на цырымоніі, зьвязаныя з 70-й гадавінай расстрэлу польскіх афіцэраў у Катыні. У самалёце ляцела і жонка польскага прэзыдэнта Марыя. Усяго на борце было 88 пасажыраў і 8 членаў экіпажа.

Сьледзтва па справе аб катастрофе пад Смаленскам у Польшчы да гэтага часу працягваецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG