Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайцюшкевіч: Я галасаваў бы за прэзыдэнта жанчыну ВІДЭА

абноўлена

Музыка, кампазытар Зьміцер Вайцюшкевіч расказвае, чаму ня будзе ўдзельнічаць у выбарчых кампаніях кандыдатаў на выбарах-2015, хто, на ягоную думку, мае рацыю ў канфлікце вакол «Малітвы», і чаму ён бы галасаваў за прэзыдэнта-жанчыну.

Музыка, кампазытар Зьміцер Вайцюшкевіч расказвае, чаму ня будзе ўдзельнічаць у выбарчых кампаніях кандыдатаў на выбарах-2015, хто, на ягоную думку, мае рацыю ў канфлікце вакол «Малітвы», і чаму ён бы галасаваў за прэзыдэнта-жанчыну.

Ганна Соўсь: Зьміцер, першапачаткова плянавалася, што на Дзень Волі ў Менску ў шэсьці будуць браць удзел музыкі, і гэта зробіць акцыю больш крэатыўнай. Але гэтага не адбылося. Вы 25 сакавіка выступалі з канцэртам у Празе, Лявон Вольскі і Павал Аракелян — у Вільні. Чаму не было музыкаў на шэсьці? Вас не запрашалі, не дамовіліся з арганізатарамі ці вырашылі не ўдзельнічаць у акцыі ў Менску? Што адбылося?

Зьміцер Вайцюшкевіч: Я заўсёды адзначаю Дзень Волі. Справа ў тым, што беларусы ёсьць паўсюль, у той жа самай Вільні і Празе, а музыкаў у Беларусі — як сабакаў нярэзаных, таму я лічу, што яны павінны, хто дзе можа выступаць, хай там і выступае. Што да мяне, то так склаліся мае пляны, што мне бліжэй было даехаць да Прагі. І цікавей, паколькі я цяпер працую над чэскім праектам «Чэская музыка і паэзія па-беларуску», і мне было важна 25 сакавіка быць у Празе. Пры гэтым сэрца маё было з усімі, хто гэты дзень сьвяткаваў ва ўсім сьвеце і ў Беларусі.

Соўсь: Некалькі словаў пра чэскі праект....

Вайцюшкевіч: Вельмі вядомы ў Чэхіі, Славакіі і Польшчы аўтар і выканаўца Ярамір Нагавіца ласкава дазволіў, каб я сьпяваў ягоныя песьні. Мы гэта ўсё аранжыравалі, Андрэй Хадановіч і Віталь Воранаў пераклалі на беларускую, і атрымалася вельмі прыгожая чэская гісторыя па-беларуску. На жаль, беларусы ў бальшыні сваёй ня ведаюць пра такога выканаўцу, які адзін можа сабраць «Менск-арэну» ў Чэхіі. Я хацеў бы, каб і спадар Нагавіца адкрыў для сябе нешта беларускае...

Соўсь: Выглядае, што са спадаром Нагавіцам у вас ня будзе праблемаў што да аўтарскіх правоў. А якая ваша пазыцыя ў судовай справе пра «Малітву»? Вы на чыім баку — Моўчана ці Шпакоўскай?

Вайцюшкевіч: Цяжка сказаць. Каб я быў юрыстам, паглядзеў бы гэтую справу і сказаў, што Моўчан напэўна мае рацыю. Ён — аўтар паловы гэтай гісторыі, якая называецца «Малітва». Гэтая справа прыцягвае ўвагу да яго. Усе згадалі і песьню, і таго ж Моўчана, пра якога няшмат хто памятае ў Беларусі. З другога боку цяпер больш увагі да сваёй асобы атрымала і Наста Шпакоўская. Што да маральнага аспэкту, як бы я сябе паводзіў, каб нейкі выканаўца, з майго пункту гледжаньня, спахабіў маю песьню, і праз гэта пра мяне ўрэшце зноў загаварылі, то цяжка сказаць... Звычайна, калі нехта сьпявае маю песьню, то пытаецца мяне.

Соўсь: А калі вы чужую песьню сьпяваеце?

Вайцюшкевіч: Напрыклад у Польшчы досыць сур’ёзна дапільноўваюцца ўсе аўтарскія правы. І там зрабіць таго ж самага Рафала Ваячку, у якога дачка — пракурор, проста самазабойства для выканаўцы. Я зьвярнуўся да яе, напісаў ліст, і яна без капейкі грошай мне дазволіла выканаць цэлых 12 песень на вершы яе бацькі. Я бы хацеў, каб перамог розум, каб мы навучыліся па-новаму гэты сьвет успрымаць і быць больш цывілізаванымі і ў аўтарскіх справах. Мне пашанцавала. Я таксама браў удзел у гэтым праекце, і Ігар Лучанок дазволіў, каб я сьпяваў ягоную песьню. Я думаю, што музыка ў стане абыходзіць вострыя вуглы, напрыклад, узяць іншую песьню, бо ў «Песьняроў» шмат геніяльных песьняў. Як кажуць, лепш з разумным згубіць, чым з дурнем знайсьці.

Соўсь: Так здараецца, што вельмі папулярнымі становяцца перасьпяваныя па-беларуску сусьветныя гіты.

Мы з вамі сёньня ў бібліятэцы Радыё Свабода запісалі, як вы сьпяваеце па-беларуску на словы Ўладзімера Някляева знакамітую кампазыцыю з фільму «Desperado», якую выконвае Антоніа Бандэрас. Як з гэтым?

Вайцюшкевіч: Я папрасіў Уладзімера Някляева напсіаць верш. Я прыдумаў такі вобраз мача, бо гэтага, як мне здаецца, не хапае... Я зараз на сваіх канцэртах стараюся вобраз беларускага мужчыны, які вагаецца паміж сваімі ўнутранымі пытаньнямі, які няпэўна стаіць на нагах, разьвіць, і таму мне патрэбны быў вобраз беларускамоўнага мача, які ясна і таленавіта прагучаў у перакладзе Ўладзімера Няклаева.

Соўсь: Вы былі ў кампаніі «Гавары праўду» ў часе выбарчай кампаніі 2010 году, супрацоўнічалі з Уладзімерам Някляевым. Вы кажаце пра вобраз мача. Хто з беларускіх палітыкаў адпавядае гэтаму вобразу мача? Ці ёсьць у нас мача ў палітыцы?

Вайцюшкевіч: Цяжка адказаць, бо можна быць некарэктным у дачыненьні да некаторых палітыкаў, у тым ліку апазыцыйных...

Соўсь: Ці Някляеў для вас — мача?

Вайцюшкевіч: Ён вельмі прывабны. Ён элегантны, адзін з нямногіх беларускіх палітыкаў, які можа выказаць свае думкі прыгожа і ўзьнёсла. Я лічу яго чалавекам досыць разумным, і яму ёсьць што сказаць.

Соўсь: Польскія СМІ пішуць, што неўзабаве кампанія «Народны рэфэрэндум» абвесьціць пра патэнцыйнага апазыцыйнага кандыдата на прэзыдэнта, і гэта будзе жанчына. Выбарчая кампанія яшчэ фактычна і не пачалася. Вы пайшлі б у каманду да кандыдата-жанчыны?

Вайцюшкевіч: Калі жанчына-кандыдат, наадварот цікавей. Беларусь засумавала па альтэрнатыўнаму кандыдату. Я быў бы вельмі рады, нават калі б не браў удзелу ў кампаніі. Я бы і прагаласаваў за разумную, прыгожую жанчыну, якая адпавядае маім крытэрам палітыка.

Соўсь: Вас запрашалі ў перадвыбарчыя штабы сёлетняй кампаніі?

Вайцюшкевіч: Не. Мая асабістая барацьба, мае выбары — гэта мае альбомы. Баюся, што і не запросяць. Мне хапіла тады і таго, што я насьпяваў. Зараз сур’ёзнай альтэрнатывы ці прапановаў, ці майго жаданьня — няма. Я сканцэнтраваны на сваіх унутраных пытаньнях, на глябальных пытаньнях Беларусі, якія праз сваю творчасьць я мог бы расказаць. Для мяне гэта больш важна.

Соўсь: Ці не падаецца вам, што можа так атрымацца, што як і на падчас акцыі ў Менску на Дзень Волі не было абяцаных музыкаў і крэатыву, так і з выбарчай кампаніяй гэтага году гэтак жа можа атрымаецца?

Вайцюшкевіч: Яно ўжо зараз так выглядае. Я заўсёды лічыў, што палітыкі павінны працаваць не на працягу перадвыбарчага цыклю, а на працягу свайго жыцьця. Як артысты, кожны месяц — канцэрты, новыя праграмы, новыя ідэі. Гэтага цяпер не назіраецца, з майго пункту гледжаньня. «Настоящих буйных мала, вот и нету вожаков». Усе разумеюць, што удзел у нейкіх акцыях і для людзей, якія займаюцца культурай, небясьпечны для будучыні. А вострая палітычная барацьба нясе небясьпеку і для жыцьця на прыкладзе таго ж сама Нямцова. Гэта людзі адчуваюць.

Соўсь: Над чым цяпер працуеце?

Вайцюшкевіч: Мы запісалі альбом «Наша песьня». 6 чэрвеня ў Вільні будзе прэм’ера гэтага праекту. Гэта спроба аб’яднаць чэсных і нячэсных кампазытараў і паэтаў у любові да Беларусі. Большасьць песьняў выконваю я. Там будзе «Магутны Божа» з сымфанічным аркестрам, песьні на вершы Ўладзімера Няколяева, песьня «Вераніка» на музыку Лучанка і верш Максіма Багдановіча. Будзе Палянэз Агінскага на словы Сокалава-Воюша, які яшчэ ня ведае па гэта. Але я ведаю, што ён мне дазволіць. Мая жонка, кіраўнічка хору, зрабіла апрацоўку для вакалістаў. Гэта, можа, нашмат важнейшая справа, чым усе судовыя спрэчкі, бо іншыя хары будуць па гэтых нотах сьпяваць. Будзе песьня ў выкананьні народнага хору «Мой край», нібыта калгасная песьня, але калі я чую гэтую песьню, сэрца маё наліваецца любоўю, і для мяне гэтыя калгасы — таксама частка майго жыцьця. Гэта будзе спроба адказаць на пытаньне «Хто такія беларусы і якая ў іх песьня?»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG