Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі моцная «руская партыя» ў Беларусі?

абноўлена

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Наколькі моцная «руская партыя» ў Беларусі? Ці многія хочуць прыходу Пуціна? Якія меры па умацаваньні нацыянальнай еднасьці беларусаў могуць яе сапраўды ўмацаваць, а якія — наадварот разбурыць?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць намесьнік старшыні
грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў, аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч і намесьнік галоўнага рэдактара газэты «Наша ніва» Зьміцер Панкавец.

Цалкам перадачу вы можаце паслухаць тут:

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:24:59 0:00
Наўпроставы лінк

Прапануем вам таксама тэкст перадачы ў скароце.

«Парад фрыкаў»

Дракахруст: Расейскае выданьне «Спутник и погром» апублікавала артыкул свайго аглядальніка, паводле якога усходнія вобласьці Беларусі былі перададзеныя краіне штучна, незаконна. Аўтар намякнуў на магчымасьць вяртаньня гэтых вобласьцяў «матухне Расеі». Суполка ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» «Антымайдан Беларусь» заклікала ўлады Беларусі забараніць сёлетняе шэсьце на Дзень волі — 25 сакавіка. У беларускіх гарадах адбываецца распаўсюд расейскай дзяржаўнай сымболікі і георгіеўскіх стужак.

Што гэта ўсё азначае? Маргінальныя зьявы, якія ні на што ня ўплываюць,
пачатак нейкай сур’ёзнай палітычнай кампаніі, вонкавыя паказьнікі
істотных зрухаў?

Зьміцер Панкавец
Зьміцер Панкавец

Панкавец: На сёньняшні дзень гэта выглядае, як парад фрыкаў. Але ва Ўкраіне расейскія дывэрсанты дзейнічалі прыкладна гэтаксама.

Мяне засмучае ў гэтай сытуацыі бязьдзеяньне беларускай ўлады. Апазыцыя на сёньняшні дзень для яе пагрозы не ўяўляе, а вось такія «заходнерусы», казакі — ўяўляюць.

Для мяне дзіўна, што ўлады не абмяжоўваюць доступ да «Рэгнума» і
«Спутника и погрома», але блякуюць «Салідарнасьць», БелаПАН і
«Онлайнер».

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Гэта не сур’ёзная палітычная кампанія. Ня думаю, што гэта апэрацыя расейскіх спэцслужб. Крэмль там моцна завяз ва украінскім балоце, што яму цяпер не да новых вонкавых авантур. Тое, што мы назіраем — гэта штуршкі той шавіністычнай хвалі, якая накрыла Расею.

На тле канфлікту з Украінай і Захадам ў расейскім грамадзтве ўзьнікла вялікая колькасьць грамадзкіх структур, якія гатовыя ісьці у справе
сілавога ўплыву на «рускі сьвет» значна далей, чым Крэмль. Пуцін
падняў хвалю, якой ужо сам не ў стане кіраваць, пра што, магчыма,
сьведчыць забойства Немцова. Вось адгалоскі гэтага рэха мы і назіраем
у Беларусі.

«Пуцін павінен прыйсьці, каб навесьці парадак»

Дракахруст: Нядаўна Андрэй Дзьмітрыеў апублікаваў артыкул, у якім, у прыватнасьці, гаворыцца: «У Воршы я сустрэўся з мужыкамі, якія
вярнуліся з Расеі. Яны ўпэўненыя, што Лукашэнка павінен сысьці, а
Пуцін прыйсьці, каб у нас быў парадак. І што калі б Лукашэнка не
абдымаўся з Парашэнкам, то Пуцін бы даў грошай Беларусі, не кінуў бы
сваіх. Апазыцыя да Лукашэнкі, у падтрымку Пуціна. Гэта не адзін-два
чалавекі — я сустракаў дзясяткі такіх у рэгіёнах, і іх дзясяткі тысяч
на самай справе».

На ваш погляд, у чым прычыны гэтай зьявы: гэта вынік дзейнасьці
прарасейскіх арганізацый у Беларусі, вынік дзейнасьці пэўных людзей у
беларускай уладзе, вынік нечага іншага?

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

Дзьмітрыеў: Тое, што падаецца маргінальным, літаральна за дні можа стаць магістральным. Як гэта было ў Крыме: палітыкі, якія мелі 1% падтрымкі, сталі мець 70%.

Гэта зьявілася таму, што беларуская ўлада 20 гадоў казала беларусам, што ў іх няма ані сваёй гісторыі, ані сваёй культуры.

Ганяць студэнтаў проста, а вось супрацьстаяць рэчам, якія наўмысна
робяцца супраць беларускай дзяржавы значна больш складана.

Панкавец: Лукашэнка ўступіў у лёгкі канфлікт са сваім электаратам.
Але мне здаецца, што электарат проста не заўважае тыя трансфармацыі, якія адбываюцца з пазыцыяй Лукашэнкі. «Абдымашкі» з Парашэнкам проста не фіксуюцца электаратам. Імідж галоўнага постсавецкага інтэгратара ня так лёгка пахіснуць.

Карбалевіч: Як паказваюць сацыялягічныя дасьледаваньні, ад паловы да дзьвюх трацінаў беларускага насельніцтва падтрымліваюць Расею ў яе канфлікце з Ўкраінай і Захадам. І з гледзішча беларускага абываталя
Пуцін, захапіўшы Крым, прадэманстраваў сілу і моц. Абывацель
арыентуецца на моцнага лідэра.

На гэтым тле Лукашэнка выглядае слабым, бо прывёў Беларусь да
эканамічнага крызысу.

Але ня трэба перабольшваць такія настроі. Сацыялягічныя апытаньні
паказваюць, што большасьць беларусаў выступаюць за тое, каб Беларусь дыстанцыявалася ад канфлікту Расеі з Украінай і Захадам. Іншымі словамі, тую пазыцыю, якую заняў Лукашэнка па гэтым пытаньні,
большасьць падтрымлівае.

«Калі хочам захаваць Беларусь, рэзкія шараханьні недарэчныя»

Дракахруст: Якім на ваш погляд павінен быць адказ беларускай дзяржавы, беларускага грамадзтва на гэты выклік «рускага міру»? Калі сказаць у агульным пляне, што адказам павінна стаць умацаваньне нацыянальнай еднасьці, нацыянальная кансалідацыя, то з гэтым, напэўна, пагодзяцца ўсе, за выняткам тых, для каго «Белоруссия — это Россия». Але, як той казаў, д’ябал хаваецца ў драбязе.

Прыгадваецца, што пасьля перамогі Эўрамайдану Вярхоўная Рада Ўкраіны якраз і спрабавала мацаваць ідэнтычнасьць, калі прагаласавала за скасаваньне моўнага закону. Сказаць, што гэта прадухіліла гібрыдную вайну неяк не выпадае — бадай падштурхнула. Дык што ж рабіць беларусам і Лукашэнку ў прыватнасьці? Мацаваць ідэнтычнасьць ці не? І калі так, то як, каб не выклікаць менавіта тое, што хацелася б прадухіліць?

Панкавец: Сёньня абсалютна немагчыма казаць пра беларускую мову як адзіную дзяржаўную. Гэтак жа немагчыма казаць пра вяртаньне Пагоні і бел-чырвона-белага сьцяга як дзяржаўных сымбаляў.

Сёньня абсалютна немагчыма казаць пра беларускую мову як адзіную дзяржаўную.

Калі мы хочам захаваць Беларусь як незалежную дзяржаву, то рабіць
рэзкіх шараханьняў не выпадае.

Найбольш рацыянальнай была своеасаблівая «фінляндызацыя» Беларусі, палітыка паводле ўзору Фінляндыі пасьля Другой сусьветнай.
Трэба рабіць так, каб не нэрваваць Маскву.

Дракахруст: Маскву зараз цяжка не знэрваваць. Людзі ў Беларусі
вышыванкі апранаюць, а ў Маскве з гэтай нагоды нэрвуюцца.

Панкавец: Вышыванкі і ўрокі беларускай мовы нярвуюць не Маскву, а тамтэйшых нацыяналістаў.

Я ня думаю, што не дадуць крэдыт, калі ў 20-30% беларускіх школаў выкладаньне беларускай гісторыі будзе па-беларуску.

Дзьмітрыеў: Калі эканамічна Беларусь будзе заставацца ў сучасным стане і Лукашэнка будзе арыентавацца на намэнклятуру, якая ня хоча зьменаў, гэта найперш будзе спрыяць «крымскаму» сцэнару ў Беларусі.

Трэба вярнуць людзям права прымаць рашэньні.

Трэба, каб ўлада ня бачыла ворагаў у «бел-чырвона-белых», каб разумела, што гэта таксама частка беларускай ідэнтычнасьці.

Мы ня кажам зараз, каб вярнуць беларускую мову ў якасьці адзінай дзяржаўнай. Але яна павінна вярнуцца ў навучальныя ўстановы.

Напачатку 90-х пэрыяд беларусізацыі быў нядоўгім. Аднак ён сфармаваў людзей, якія так ці інакш зьяўляюцца саюзьнікамі Лукашэнкі ў адстойваньні незалежнасьці дзяржавы. А тыя, каго ён 20 гадоў пераконваў, што мы з Расеяй — адзіны народ, цяпер фактычна зьяўляюцца яго ворагамі.

Карбалевіч: Пытаньне зададзенае так: што рабіць беларусам і Лукашэнку ў прыватнасьці. На мой погляд, трэба гэта разьдзяліць.

Што трэба было б рабіць беларускаму грамадзтву, каб пазьбегнуць ўмяшаньня Расеі па ўкраінскаму сцэнары? Дзеля гэта трэба ажыцьцявіць трансфармацыю, мадэрнізацыю Беларусі.

Каб пазбавіцца эканамічнай залежнасьці ад Расеі, патрэбныя глыбокія рынкавыя рэформы, якія дазволяць стварыць жыцьцяздольную эканамічную сыстэму, здольную існаваць без расейскіх льгот і грошай, здольную быць эфэктыўнай, набываючы газ і нафту па ўсясьветных цэнах.

І, зразумела, ідэалягічная трансфармацыя, выхад з расейскай інфармацыйнай прасторы, паступовае фармаваньне беларускай ідэнтычнасьці на глебе беларускага этнакультурнага нацыяналізму.

Праблема Лукашэнкі ў тым, што ён на такія рэформы пайсьці ня можа, бо
гэта разбурыць ягоную сацыяльную мадэль, ягоны рэжым, якія зьяўляюцца аптымальнымі для утрыманьня ўлады. Трансфармацыя Беларусі — гэта большая пагроза уладзе Лукашэнкі, чым патэнцыйная гібрыдная вайна з боку Расеі.

Таму Лукашэнку не застаецца нічога іншага, як балянсаваць у даволі
вузкім калідоры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG