Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэраг магільных камянёў: Палітычныя забойствы пуцінскай эпохі


Марш памяці Барыса Нямцова ў Маскве 1 сакавіка
Марш памяці Барыса Нямцова ў Маскве 1 сакавіка

Сьмерць Барыса Нямцова папоўніла доўгі пералік забойстваў, якія вызначаюць аблічча сучаснай Расеі.

Сьмерць Барыса Нямцова папоўніла доўгі пералік забойстваў, якія вызначаюць аблічча сучаснай Расеі. Прыгадвае расейская служба Радыё Свабода.

Барыс Нямцоў, застрэлены ўвечары 27 лютага на Вялікім Маскварэцкім мосьце ў сотні мэтраў ад Крамля, стаў апошняй ўплывовай фігурай у Расеі эпохі прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, чыё імя ўвайшло ў журботны сьпіс людзей, забітых ці памерлых пры падазроных абставінах.

Гэты пералік, вядома, зьявіўся задоўга да прыходу Пуціна да ўлады. 90-я гады XX стагодзьдзя былі адзначаныя дзесяткамі вельмі гучных забойстваў і замахаў на вядомых палітыкаў, бізнэсоўцаў і іншых вядомых усяму грамадзтву людзей. Аднак розьніца паміж эпохамі відавочная: у 90-я, калі расейская эліта была расколатая на некалькі спаборных лягераў, заказныя забойствы здараліся па самых розных прычынах, а з пачаткам ХХІ стагодзьдзя іх ахвярамі ўсё часьцей пачалі рабіцца менавіта крытыкі дзеючай улады і высокапастаўленых чыноўнікаў і афіцэраў расейскіх спэцслужбаў. Сёньня можна прыгадаць некалькі такіх выпадкаў:

Валянцін Цьвяткоў. Забіты 18 кастрычніка 2002 году.

Забойства Валянціна Цьвяткова
Забойства Валянціна Цьвяткова

Губэрнатар Магаданскай вобласьці Валянцін Цьвяткоў быў забіты стрэлам у галаву ў Маскве на Новым Арбаце на парозе будынку прадстаўніцтва вобласьці. Асноўная вэрсія замаху на Цьвяткова — помста за яго барацьбу з крымінальнымі групоўкамі на Далёкім Усходзе, якія імкнуліся падпарадкаваць сабе мясцовую золатаздабывальную і нафтавую прамысловасьць і разьмеркаваньне прамысловых квотаў на вылаў рыбы.

Сяргей Юшанкоў. Забіты 17 красавіка 2003 году.

Сяргей Юшанкоў
Сяргей Юшанкоў

Вэтэран дэмакратычнага руху, адзін з лідэраў апазыцыйнай партыі «Лібэральная Расея» Сяргей Юшанкоў быў застрэлены каля ўласнага дома ў Маскве. Да таго часу ён стаяў на чале групы лібэральных дэпутатаў Дзяржаўнай думы, якія патрабавалі расьсьледаваньня магчымай датычнасьці ФСБ Расеі да сэрыі выбухаў дамоў ўвосень 1999 года ў расейскіх гарадах. Адказнасьць за гэтыя тэракты, якія паслужылі падставай да пачатку другой чачэнскай вайны, уладамі была ўскладзеная на баявікоў, якія дзейнічалі ў Чачні.

Юрый Шчыкачыхін. Памёр 3 ліпеня 2003 году.

Юры Шчакачыхін
Юры Шчакачыхін

Журналіст і пісьменьнік, дэпутат Дзярждумы, які расьсьледаваў справы аб карупцыі ў сілавых структурах і таксама сябра камісіі па расьсьледаваньні выбухаў 1999 году, Юры Шчыкачыхін памёр пасьля хуткацечнай загадкавай хваробы. Паводле афіцыйнай вэрсіі, яго сьмерць стала сьледзтвам алергічнай рэакцыі на агульную інтаксыкацыю арганізму нявызначанага паходжаньня, аднак многія схіляюцца да меркаваньня, што Шчыкачыхін быў атручаны таліем.

Мікалай Гірэнка. Забіты 19 чэрвені 2004 году.

Партрэт Мікалая Гірэнкі на антыфашысцкай акцыі ў Санкт-Пецярбургу
Партрэт Мікалая Гірэнкі на антыфашысцкай акцыі ў Санкт-Пецярбургу

Антыфашыст і праваабаронца, адзін з вядучых расійскіх экспэртаў у галіне расізму і ксэнафобіі, Мікалай Гірэнка быў застрэлены ў сваёй кватэры ў Санкт-Пецярбургу. Забойцы стралялі празь дзьверы. Паводле вэрсіі суду, забойства арганізавалі нэанацысты. Гірэнка быў галоўным арганізатарам і ідэолягам працы па прававым супрацьдзеяньні нацыянал-экстрэмізму ў Санкт-Пецярбургу. Мікалай Гірэнка ўдзельнічаў у міжнародных праваабарончых кангрэсах, чым выклікаў асаблівае раздражненьне ў нацыянал-экстрэмістаў, якія паведамлялі пра гэта на старонках нацыяналістычнай прэсы.

Пол Хлебнікаў. Забіты 9 ліпеня 2004 году.

Пол Хлебнікаў
Пол Хлебнікаў

Галоўны рэдактар расейкай вэрсіі часопісу «Форбс», амэрыканскі журналіст і публіцыст рускага паходжаньня Пол Хлебнікаў, які шмат займаўся расьсьледаваньнем справаў аб карупцыі ў вышэйшых эшалёнах расейскай улады, быў застрэлены пры выхадзе з будынку рэдакцыі ў Маскве.

Ганна Паліткоўская. Забітая 7 кастрычніка 2006 году.

Ганна Паліткоўская
Ганна Паліткоўская

Адна з самых вядомых расейскіх журналістак, якая расьсьледавала шматлікія выпадкі парушэньняў правоў чалавека, учыненых расейскімі вайскоўцамі і пракрамлёўскімі фармаваньнямi ў Чачні, Ганна Паліткоўская была застрэленая ў ліфце свайго дома ў цэнтры Масквы. У чэрвені 2014 года за арганізацыю гэтага забойства былі асуджаныя пяць чалавек, двое зь іх атрымалі пажыцьцёвыя тэрміны пазбаўленьня волі. Аднак заказчыкі забойства ня знойдзеныя і не названыя да гэтага часу. Паліткоўская загінула ў дзень нараджэньня прэзыдэнта Расеі.

Аляксандр Літвіненка. Памёр 23 лістапада 2006 году.

Аляксандар Літвіненка
Аляксандар Літвіненка

Былы афіцэр ФСБ Расіі, які стаў эмігрантам і крытыкам Крамля, Аляксандр Літвіненка памёр у Лёндане ад атручваньня радыеактыўным палёніем. У 2000 годзе ён зьбег у Вялікабрытанію пасьля таго, як публічна абвінаваціў кіраўніцтва расейскіх спэцслужбаў у змове з мэтай забойства бізнэсоўца Барыса Беразоўскага. Пазьней ён стаў суаўтарам кнігі, у якой прама ўсклаў на ФСБ адказнасьць за выбухі дамоў у 1999 годзе. Брытанскія ўлады лічаць, што Літвіненка выпіў атручаную гарбату на сустрэчы з двума грамадзянамі Расеі, Андрэем Лугавым і Дзьмітрыем Коўтунам.

Станіслаў Маркелаў і Анастасія Бабурава. Забітыя 19 студзеня 2009 году.

Анастасія Бабурава і Станіслаў Маркелаў
Анастасія Бабурава і Станіслаў Маркелаў

Адвакат і праваабаронца Станіслаў Маркелаў быў застрэлены ў цэнтры Масквы. Рэпарцёр «Новай газэты» Анастасія Бабурава, якая знаходзілася побач зь ім у момант замаху і якая спрабавала яго абараніць, была параненая ў галаву і памерла ў шпіталі вечарам таго ж дня. Маркелаў загінуў праз некалькі хвілінаў пасьля ўласнай прэсавай канфэрэнцыі, на якой ён заявіў, што будзе змагацца супраць датэрміновага вызваленьня з-за кратаў палкоўніка расейскай арміі Юрыя Буданава, прызнанага вінаватым у забойстве чачэнскай дзяўчыны Эльзы Кунгаевай. У красавіку 2011 году за забойства Маркелава і Бабуравай былі асуджаныя двое маладых нацыяналістаў — Мікіта Ціханаў і Яўгенія Хасіс.

Натальля Эстэмірава. Забітая 15 ліпеня 2009 году.

Натальля Эстэмірава
Натальля Эстэмірава

Журналістка і супрацоўніца прадстаўніцтва праваабарончага цэнтра «Мэмарыял» ў Грозным Натальля Эстэмірава была выкрадзеная ў сталіцы Чачні, а на наступны дзень яе цела з агнястрэльнымі раненьнямі было знойдзенае ў Інгушэціі. Эстэмірава займалася расьсьледаваньнямі сотняў выпадкаў парушэньняў правоў чалавека ў Чачні, уключаючы забойствы, выкраданьні і катаваньні. Па дадзеных «Мэмарыялу», першапачатковае расьсьледаваньне паказвала на дачыненьне да злачынства афіцэраў мясцовых праваахоўных органаў. Аднак галоўнай вэрсіяй забойства Эстэміравай афіцыйнае сьледзтва лічыць помсту чачэнскіх баевікоў.

Сяргей Магніцкі. Памёр 16 лістапада 2009 году.

Сяргей Магніцкі
Сяргей Магніцкі

Юрыст і аўдытар кампаніі Firestone Duncan Сяргей Магніцкі, які абвінаваціў у крадзяжы, падатковых махлярствах і карупцыі шэраг супрацоўнікаў расейскіх сілавых структураў, памёр пасьля году зьняволеньня ў маскоўскім сьледчым ізалятары «Матроская цішыня», куды ён трапіў пасьля арышту паводле дакладна такіх жа абвінавачваньняў. Магніцкаму, які пакутаваў ад панкрэатыту, было адмоўлена ў доступе да мэдычнай дапамогі, акрамя таго, паводле дадзеных праваабаронцаў, перад сьмерцю ён быў жорстка зьбіты. У 2012 годзе ў ЗША быў прыняты знакаміты «Акт Магніцкага», які ўводзіць пэрсанальныя санкцыі супраць расейскіх грамадзянаў, што лічацца датычнымі да яго сьмерці, а таксама вінаватых у іншых парушэньнях правоў чалавека ў Расеі. У 2013 годзе судом у Маскве Сяргей Магніцкі быў пасьмяротна прызнаны вінаватым ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў.

Міхаіл Бекетаў. Памёр 8 красавіка 2013 году.

Міхаіл Бекетаў
Міхаіл Бекетаў

Журналіст, галоўны рэдактар і заснавальнік газэты «Хімкінская праўда» Міхаіл Бекетаў, які займаўся справамі аб карупцыі і змагаўся супраць пракладкі праз падмаскоўны Хімкінскі лес хуткаснай аўтамагістралі Масква — Санкт-Пецярбург, памёр празь пяць гадоў пасьля зьверскага зьбіцьця ў горадзе Хімкі невядомымі, у выніку якога ён стаў інвалідам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG