Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сонца на сьнезе


Вальтэр Морас, «Засьнежаны млын»
Вальтэр Морас, «Засьнежаны млын»

Аксана Спрынчан

Даўно не было сонца. Я еду аўтобусам у тумане з аднаго канца места ў гімназію, дзе навучаецца дачка. Побач са мною сядае жанчына, якая ўжо дваццаць чатыры гады на пэнсіі (вядома ж, зь ейных словаў). Яна апавядае, што езьдзіла з Каліноўскага, дзе жыве, на Казінца, каб набыць свой улюбёны хлеб — «Балтыйскі». На тыдзень яго стае, а там можна і зноў наведацца. Я еду, уражаная, што можна езьдзіць па хлеб, нават найулюбёнейшы, з Каліноўскага на Казінца, я нават не магу зразумець, ці гэта шчасьце, ці нешта іншае. І нат забываюся, што кабета, якая дваццаць чатыры гады на пэнсіі, падумала, што я размаўляю на ўкраінскай мове, і, пэўна, таксама ўражаная, што можна дзеля беларускамоўнай школы некуды далёка ехаць.

Хлеб не выходзіць з маёй галавы, смачны «Балтыйскі» хлеб з карыснымі семкамі. Ці магла б я паехаць па яго, калі буду на пэнсіі? Не ўяўляю. А па што я магла б паехаць у гэтым тумановым месьце? Да галавы прыходзіць — «Па песьню, па сонца!» Аркадзя Куляшова. Можна, і па кнігу — бо рарытэтная ўжо. Але вось бы канкрэтна — па сонца. Так, каб хоць раз на тыдзень цягнуць да сябе бохан сонца, і перажыць такую нясонечную зіму. Сонца нестае, але па яго не паедзеш. Сонца застаецца разам з кнігамі. А добрая кніга, як і сонца — найлепшы сябра.

Нашая кніга і пачыналася з Францішка Скарыны, на ўласным гербе якога было сонца. Ён і сам, як бохан з сонечнай скарынкай, з якога «раскрышыліся» ўсе нашыя кнігі. На гербе Скарыны і маладзік ёсьць, але ў зімовым тумане не да яго. Хіба што ўзяць і перачытаць «Францыск Скарына, альбо Сонца Маладзіковае» Алега Лойкі пра чалавека-сонца. Некалі і я, дзякуючы свайму першадрукару, намалявала сваё сонца:

На праспэкце Скарыны
ты цалуеш мяне на разьвітаньне
столькі разоў,
колькі кніг выдаў беларускі першадрукар
у віленскі пэрыяд...
«Птушкі маюць гнёзды свае...»
І я лячу дахаты
і малюю пад маладзіком у небе
сонца на сьнезе...
І хочацца жыць толькі ад таго,
што нашыя гнёзды
на адной зямлі...

Можна і іначай мовіць: я перачытваю кнігу гэтулькі разоў, колькі кніг выдаў беларускі першадрукар у віленскі пэрыяд альбо ў праскі.

Намаляваўшы сонца на сьнезе, ты залазіш у цёплую хату і можаш спадзявацца, што «Загляне сонца і ў наша ваконца». І хоць ужо сто гадоў, як гэтая першая легальная беларуская выдавецкая суполка скончыла сваю дзейнасьць, ейная назва-прымаўка ці не найпапулярная ў беларусаў.

Загляне сонца ў наша ваконца,
Хатку асьвеціць праменьмі —
Па цёмнай ночы ажывіць вочы
Боскім да працы натхненьнем.

(Казімер Сваяк)

Сонца загляне ці зь неба, ці кнігай, ці кнігай, зьяднанай з сонцам. Вядома ж, беларускія творцы не давалі і не даюць сонцу спакою. І ўсходы-захады апісвалі (усе), і пытаньнямі даймалі: «Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?» (Янка Купала), і ўсё даравалі, як Максім Багдановіч:

Калісь глядзеў на сонца я,
Мне сонца асьляпіла вочы.
Ды што мне цемень вечнай ночы.
Калісь глядзеў на сонца я.

За пачатак літаратурнай творчасьці Ўладзімера Дубоўкі ўважаецца 1921 год, калі ў газэце «Савецкая Беларусь» быў надрукаваны ягоны верш «Сонца Беларусі». У той самы год Натальля Арсеньнева прызнавалася: «Люблю я сонца залатое...» аднайменным вершам.

«Шчасьлівая пралетарская краіна» натхніла Міхася Чарота на кнігу вершаў «Сонечны паход». Гэты самы паход іншы аўтар пабачыў зь іншага боку — сонца, якое несла кроў, сьмерць, пакуты — «Закрываўленае сонца» (другая частка раману «Гараватка» Кастуся Акулы).

З кім толькі не параўноўвалі беларусы сонца! Вось імчыць да нас сонца-конь Язэпа Пушчы зь верша «Вясновае»:

Сонца чырвоны галоп
Золатам далі імжыць.

Але што гэта за сонца будзе, якое ня ўмее лятаць?! Таму яно і «за борам жар-птушкай садзіцца» (Пятрусь Броўка).

«Чыгуначная» аповесьць Хвядоса Шынклера «Сонца пад шпалы», напісаная ў 1929-32 гадах, сьцьвярджала, што беларускія будаўнікі новага ладу здольныя нават сонца пад шпалы загнаць. Аповесьць, пэўна, ня ўсе філёлягі чыталі, але затое яна доказ таго, наколькі важная назва — на такую, як «Сонца пад шпалы» не забудзесься. Хвядос Шынклер нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка, пэўны час працаваў на чыгунцы тэлеграфістам. А Юлія Новік нарадзілася ў Салігорску. І ў 2007 годзе ў яе выйшла кніга зь незвычайнай многім, але не салігорцам, назваю — «Сонца за тэрыконамі». Адзін з галоўных вобразаў кнігі маладой паэткі — сонца — узыходзіць над незвычайнымі гарамі-тэрыконамі (адкідамі здабычы калійных угнаеньняў).

«Сонца ў ваконца?» — задаваўся пытаньнем у аднайменнай прыпавесьці Васіль Быкаў пры канцы дзевяностых гадоў. І пісаў: «Загляне сонца і ў наша ваконца! Калі шчыра таго жадаць, дык яно можа і зьдзейсьніцца. Вядома ж, паводле законаў рэальнасьці». І жаданьне далёка не ва ўсіх ёсьць, што ўжо казаць пра рэальнасьць...

Рэальнасьць у Беларусі ўва ўсе часы гэткая, што так і карціць сказаць: «Сонца за кратамі». Так назваў адзін з раманаў трылёгіі пра вызваленчы рух у Заходняй Беларусі Міхась Машара. Гэты ж вобраз і ў вершы Алеся Аркуша «Паэты за кратамі», прысьвечаным Юрыю Гуменюку. Дасюль ня бачыць сонца альбо ловіць яго ў дворыку вязьніцы і Мікалай Статкевіч. Яму таксама застаюцца пераважна сонечныя кнігі.

Калі ў небе нямашака сонца, а пачытаць дарослыя кніжкі не дае сонейка, якое па тваёй хаце лётае, дык табе нават пашанцавала: можна пачытаць пра сонца не пра сябе, а ўголас. Да прыкладу, «Як сінячок да сонца лётаў» Уладзімера Дубоўкі. Чытаючы ўголас, ты ўсё адно будзеш пра сябе думаць пра тое, што аўтар трыццаць гадоў ня бачыў беларускага сонца...

Сонца ратуе беларусаў, сонцам можна і праклясьці ворага: «Закаціся жаркім сонцам пад кустом!» У некаторых мясьцінах Тураўшчыны нават існавала забарона сьмяяцца пасьля захаду сонца, бо іначай «зялёная жаба зубы палічыць», гэта значыць неўзабаве сканаеш. Мо таму беларусы ня так шмат і сьмяюцца, каб выжыць. Бо ня гэтак і кепска мець за сталіцу места Сонца, «Малую падарожную кніжку па Горадзе Сонца» Артура Клінава, чакаць, калі «загляне сонца і ў наша ваконца», а ў чаканьні можна і пачытаць, і па хлеб зь семкамі зьезьдзіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG