Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сокалаў-Воюш і Гумянюк у адной кнізе


Што пад вокладкай новай кнігі Алеся Аркуша «Мясцовы час»? Можна сказаць, цікавая старонка культурнага адраджэньня. Зь лякалізацыяй: Полацак і ваколіцы. Сапраўды, так атрымалася, што ў гэтым горадзе ўзьнікла «агнішча» творчых людзей, патрыётаў. Найперш літаратараў. Бо кніга прысьвечаная пераважна справам літаратурным. (У прыватнасьці, стварэньню Таварыства вольных літаратараў, чым вельмі захапіўся Гумянюк, які жыў у Горадні). А чаму «Мясцовы час»? Так называўся, хто памятае, полацкі рок-гурт, які перайшоў на беларускую мову і які выклікаў захапленьне. Які прагрымеў на першым «Басовішчы» ў Гарадку на Беласточчыне ў 1990-м. Яму аўтар таксама прысьвячае цікавыя старонкі: пра трыюмф і распад, зьнікненьне.

Мясцовы час можна расцэньваць як час новы, беларускі, які аднойчы стаў адрозьнівацца на гадзіну ад традыцыйнага маскоўскага (каторы, мусім канстатаваць сёньня, зноў вярнуўся ў беларускія гадзіньнікі, якія сталі жыць згодна з крамлёўскімі курантамі, як у даволі далёкія ўжо савецкія часы). А таксама як час са сваёй адметнасьцю, полацкі. Сам аўтар называе «мясцовым часам» 1994-95-ы гады, самыя плённыя для ТВЛ.

Чытач неўзабаве трапляе ў кватэру Сокалава-Воюша, таксама некалі палачаніна. Яна нагадвала офіс якой-небудзь апазыцыйнай партыі, паведамляе аўтар. Але ж партыя тады магла быць толькі адна, БНФ, дый яна спачатку была толькі рухам. І толькі потым ад яе, можна сказаць, «адпачкавалася» Грамада. Ну нічога: галоўнае ў кнізе — атмасфэра гэтай кватэры, якая стала ўжо гісторыяй. І сам гаспадар як на далоні: бадзёры, заўсёды гатовы да дзейнасьці, гатовы дапамагаць іншым.

Варта нагадаць: Сокалаў-Воюш быў тагачасным кумірам. Дзе ён толькі не выступаў са сваёй гітарай! Уся адраджэнская Беларусь яго ведала, запамінала словы песень, каб сьпяваць ля вогнішча, са сцэны ці за сталом. Алесь Аркуш распавядае, як аднойчы Сокалаў пазнаёміўся з амэрыканскай беларускай, разьвёўся з жонкай і зьехаў за акіян. Між іншым, фаны ўспрынялі гэта як асабістую абразу, як здраду. Мне расказваў сябра, як яны ў Гомелі, сабраўшыся сваім колам, з замілаваньнем сьпявалі Воюшава «Мне другіх краін ня трэба, як ні варажы...» Ягоныя песьні дапамагалі ў той час жыць і выжываць. Сокалаў-Воюш прызнаваўся ў любові і вернасьці Беларусі, сьпяваў, што ні на што не прамяняе і раптам пакінуў яе, а разам сотні, а можа й тысячы адданых яму слухачоў. Гэта ўжо гісторыя, але так яно было некалі. Але цяпер ёсьць магчымасьць пачытаць полацкую старонку зь біяграфіі барда, які быў калісьці ўладаром заляў і плошчаў, адным з твараў беларускага адраджэньня. Словам, будзе нагода пасумаваць, пры жаданьні, над кнігай «Мясцовы час».

Але раней, на старонцы 28 Сокалаў-Воюш па-прыяцельску дакляруе дапамагчы набыць дэфіцытны тэлевізар «Гарызонт», на які жонка Аркуша Тацяна выйграла на працы талён. «Як вялікі знаўца тэлерадыётэхнікі», Сокалаў-Воюш «круціў ручкі, задаваў гандляркам прыкольныя пытаньні, хахміў і жартаваў»... Ягоны ад’езд назаўсёды стаў вельмі балючай стратай для Полаччыны, падсумоўвае аўтар.

Юры Гумянюк
Юры Гумянюк

Юры Гумянюк зьяўляецца на старонцы 37-й. Ён выходзіць зь вялікім парасонам з гарадзенскага аўтобуса, каб «паходкай сталага дэндзі» накіравацца насустрач аўтару, які яго сустракаў. Ён прывёз яму валоскія арэхі са свайго саду, якія перадала маці. Госьць падтрымаў даўнюю задуму Аркуша стварыць незалежную пісьменьніцкую арганізацыю. Галоўнае, каб справа не ператварылася ў прафанацыю, выказаў пажаданьне Гумянюк. Далей яны будуць перапісвацца, у лістах абмяркоўваючы сваю мару і справы літаратурныя наогул. Потым дойдзе сапраўды да стварэньня Таварыства вольных літаратараў. Так, менавіта ў Полацку. Там жа надрукавалі і першую кніжку гарадзенскага паэта. Рукапіс называўся «Леапардавая скура», затым аўтар зьмяніў загаловак на «Псыхадэлічнае мастацтва». Канчаткова кніжка стала называцца «Водар цела».

Гумянюк называе Аркуша і Мудрова хроснымі бацькамі сваёй «ксёнжачкі». У лістах ён задаецца пытаньнем: «Як людзі адрэагуюць на выхад маёй кніжыцы?» Яму здаецца, што два гады перад тым яна б зрабіла фурор, але цяпер цяжка «з раскруткай», бо час складаны.

Але гэта быў таксама час спрыяльны для стварэньня ТВЛ. Зьдзейсьнілася мара, яны сабраліся на «кангрэс», як называе нараду сам аўтар у двукосьсях. Прэзыдыюм: Гумянюк, Адамовіч, Аркуш. У прамовах закіды, што «ніякай перабудовы ў літаратурнай гаспадарцы краіны не адбываецца». Галоўным каардынатарам ТВЛ абраны Алесь Аркуш, намесьнікам — Юры Гумянюк. Спрэчка за назву часопіса «Калосьсе», яна падабаецца ня ўсім, найперш Славаміру Адамовічу. (Аўтар называе яго «вялікім аматарам» «чорных кашуль, партупеі і галіфэ»). Мінуў час «сельскагаспадарчых» назваў! Але ў Гуменюка ў Горадні ён будзе заўсёды побач — на стале ці каля ложка. Мне ўспамінаецца, як Юрка потым будзе рыхтаваць наступныя нумары ў рэдакцыі «Пагоні», і будзе рабіць гэта з захапленьнем.

Аўтар піша, што ў Саюзе пісьменьнікаў у тэвээлаўцах убачылі сваіх далакопаў... Але далей заўважае, што жыцьцё выкінула іх на ўзбочыну, за што вельмі перажываў Гумянюк, якому хацелася славы. «Затое мы ня скурвіліся», супакойваў сябе Юрка. «Затое ў нас ёсьць біяграфія», са свайго боку не здаваўся Аркуш. Размова адбывалася праз гады ў беластоцкай кавярні насупраць чырвонага касьцёлу, на другім паверсе. Для мяне асабіста гэта нешта значыла. Я ведаю гэтае месца. Наўскасяк ад кавярні, аднойчы я сфатаграфую афішку са здымкам Гуменюка, у якой паведамлялася аб вечарыне ягонай памяці.

Алесь Аркуш
Алесь Аркуш

Але аўтар вяртае чытача тут жа назад. Аднойчы ён, журналіст мясцовай газэты, просіць інтэрвію ў варажбіткі, што выступала ў Полацку. І яна яму скажа, што адзін сябра Аркуша ўратаваў сябе, бо зьехаў за акіян, а вось другі ў вялікай небясьпецы, ён упадзе з вышыні... Хто ўпадзе? Адказаць яна ня можа. І тут жа даўні ліст ад Гуменюка, які між іншым піша пра самагубствы сярод студэнтаў — «скачуць з хмарачосаў ці з бальконаў».

Пачатак кнігі вельмі літаратурны. Аўтар паведамляе аб сустрэчы ў сквэры зь дзіўнаватым чалавекам, Паўлам Іванавічам. Нагадвае крыху атмасфэру «Лябірынтаў», полацкай рэчы Ластоўскага. Гэты чалавек паявіцца яшчэ двойчы. Аркуш стараецца змацаваць тканіну твора сьціслымі літаратурнымі вобразамі. Ну хоць бы: «Полацак прыканцы 80-х выглядаў на дэмаралізаванага былога шляхціца. Гэта калі ў шляхцюка, амбітнага і ганарлівага, забраць маёнтак, зямлю і ўсё астатняе, акрамя жыцьця, то вельмі хутка ён дэградуе». І далей: «Полацак выглядаў так, нібыта былога шляхцюка апранулі ў нейкае рызьзё — у абліччы адчувалася былая веліч, але „вопратка“ была жахлівая». Але тлумачэньне выглядае па-газэтнаму: «Змрочнае ўражаньне ўзмацняла гарадзкая тапаніміка: усе гэтыя звыродлівыя назвы вуліц — Савецкая, Фрунзэ, Леніна, Камуністычная...»

Што праўда, удаецца зрабіць і на такіх вуліцах як на той час нямала: у старой камяніцы адкрываецца музэй кнігадруку, у горадзе адбываецца скарынаўскае сьвята і прыяжджае кіраўнік краіны Станіслаў Шушкевіч.

Аўтар расказвае мілы выпадак, як запрошаны ў Полацак Янка Брыль стаў распытваць яго — зь якіх мясьцін паходзіць, бо й раней сустракаў у Беларусі рэдкае прозьвішча Аркуш. А калі Алесь патлумачыў, што гэта псэўданім, а сапраўднае прозьвішча — Козік, госьць пачаў яго пераконваць, што яно вельмі мілагучнае і добрае. І паведаміў таксама, што па-польску козік будзе «сьцізорык».

Дакумэнтальны жанр, бадай, мае свае складанасьці. Нельга выпускаць з-пад увагі, што твор застаецца літаратурным і вымагае менавіта мастацкіх сродкаў. Так, усе названыя па імёнах, так, падзеі толькі сапраўдныя. Так, выкарыстоўваюцца лісты. Але я стараўся б цытаваць іх, астатняе пераказваючы, калі гэтыя лісты не выглядаюць цалкам літаратурнымі. Тым больш так варта рабіць з газэтнымі артыкуламі, устаўленымі ў твор. І трэба кантраляваць сябе, каб пазьбягаць газэтнай лексыкі, журналісцкая мова псуе ўражаньне ад літаратурнага твору.

Канец кнігі: нехта падае з вышыні... Юра! — ёкнула сэрца аўтара. Як вядома, Гумянюк скончыў самагубствам два гады таму, скочыў з балькона з апошняга, дзявятага паверху.

У пэўным сэнсе гэта гісторыя паветраных замкаў. Некалі здавалася, што патрэбны злом «манаполіі» Саюзу пісьменьнікаў і свабода творчасьці, канечне. Каб зрабіць штосьці сваё. Гэтыя меркаваньні ўзьніклі на старой глебе, савецкай, яны тады здаваліся важнымі, надзённымі. Сёньня іншыя часы. Сёньня мноства кніжак, цікавых, прывабна выдадзеных, менавіта зробленых без удзелу дзяржавы і тым больш афіцыйнага пісьменьніцкага саюзу. Але іх няма каму чытаць. Ці амаль няма. Сытуацыя такая, што пісьменьнікаў і чытачоў прыблізна аднолькавая лічба. Кнігі сёньня ўвогуле больш ня значаць столькі, колькі значылі 20-25 год таму. Тым больш на мове Купалы і Коласа. Моладзь заканчвае спрэс расейскія школы. Чытаць на беларускай мове — такой патрэбе школа ня вучыць.

Але што да ТВЛ, яно сапраўды застанецца ў гісторыі літаратуры. Захацелі зрабіць — і зрабілі. Быў часопіс, былі кніжкі, была арганізацыя. А «Гліняны Вялес» — ён па-ранейшаму застаўся.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG