Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На год абмежаваная дзейнасьць чатырох камэрцыйных банкаў


Нацбанк Беларусі.
Нацбанк Беларусі.

Нацыянальны банк распаўсюдзіў прэс-рэліз, у якім паведамляецца аб прыпыненьні тэрмінам на 1 год дзеяньня ліцэнзый на ажыцьцяўленьне асобных апэрацый чатырох банкаў.

У іх лік патрапілі «ІнтэрПэйБанк», «Банк Інвэстыцыйных Тэхналёгій», «Эўрабанк» і «Норд Эўропеана Банк». Санкцыі прадугледжаныя ў частцы дзейнасьці, якая прадугледжвае наяўнасьць нарматыўнага капіталу ня менш 25 мільёнаў эўра ў эквіваленце.

Меры ўзьдзеяньня да пералічаных банкаў прынятыя ў сувязі з невыкананьнем імі ліцэнзыйнага патрабаваньня аб наяўнасьці нарматыўнага капіталу не менш за мiнiмальны памер, вызначаны Нацыянальным банкам, а таксама іншых патрабаваньняў заканадаўства.

У адпаведнасьці з прынятымі рашэннямі ў дачыненьні да ЗАТ «ІнтэрПэйБанк» прыпыненыя банкаўскія аперацыі на:

• прыцягненьне грашовых сродкаў фізычных асобаў на рахункі і дэпазыты;

• адкрыцьцё і вядзеньне банкаўскіх рахункаў фізычных асобаў;

• прыцягненьне і разьмяшчэньне каштоўных мэталяў на ўклады фізычных асобаў;

• выдачу банкаўскіх гарантый;

• выпуск у абарачэньне банкаўскіх плацёжных картак;

• выпуск у абарачэньне электронных грошай.

У дачыненні да ЗАТ «БІТ-Банк», ЗАТ «Эўрабанк» і ЗАТ «Н.Е.Б. Банк» прыпыненыя банкаўскія аперацыі на:

• выдачу банкаўскіх гарантый;

• выпуск у абарачэньне банкаўскіх плацёжных картак;

• выдачу каштоўных папераў, якія пацьвярджаюць прыцягненьне грашовых сродкаў на дэпазыты і разьмяшчэньне іх на рахункі.

Як паведамілі ў Нацбанку, уласьнікам названых банкаў неабходна прыняць захады па нарошчваньні нарматыўнага капіталу і ліквідацыі іншых дапушчаных парушэньняў, пасьля чаго дзеяньне прыпыненых ліцэнзый можа быць адноўленае, альбо прыняць рашэнне аб зьмене статусу банку на нябанкаўскую крэдытна-фінансавую арганізацыю, якая ажыцьцяўляе абмежаванае кола апэрацый.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG