Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Апошнія гады Грэцыя падобная на Беларусь у пляне эміграцыі»


Дар'я Лебедзева
Дар'я Лебедзева

Беларуска Дар’я Лебедзева жыве ў Грэцыі каля пяці гадоў. Яна працуе ў турыстычным бізнэсе, займаецца карпаратыўным турызмам з адным з найбуйнейшых грэцкіх апэратараў, які працуе з Беларусьсю, Расеяй ды іншымі краінамі СНД. Ці хочуць шараговыя грэкі выйсьці з эўразоны, ці захавалі ў пэрыяд эканамічнага крызісу трынаццаты і чатырнаццаты заробкі, чым Грэцыя падобная на Беларусь і чаму ў Грэцыі трэба абавязкова дапіць сваю каву. Пра гэта Дар’я Лебедзева распавяла Ганне Соўсь.

Выбары, Эўразьвяз і турызм

Ганна Соўсь: Чаму вы пераехалі зь Беларусі ў Грэцыю?

Дар’я Лебедзева: Жыць ў Грэцыі было для мяне даўняй марай. Я шукала, у якой з паўднёвых краінаў можна найпрасьцей атрымаць дакумэнты для жыхарства, і выбрала Грэцыю.

Соўсь: Як вынікі выбараў у Грэцыі паўплываюць на вашу працу ў сфэры турызму?

Лебедзева: Цяжка яшчэ казаць. Напачатку ўсё гэта ўспрымалася на ўзроўні рэвалюцыі, таму што Грэцыя прачнулася ў новым заўтра. Упершыню перамагла апазыцыя, левыя радыкалы. Раней была праэўрапейская палітыка. Новыя ўлады настроеныя радыкальна, яны хочуць скасаваць свае абавязаньні перад ЭЗ па выплаце доўгу, нават былі размовы, каб адмовіцца ад эўра і вярнуцца да драхмы. Але пасьля перамогі ў заявах пераможцаў пра гэта ўжо гаворкі не ідзе. На дадзены момант гэта немэтазгодна. бо цяпер Грэцыя стаіць на мяжы фолу. Цяжкая эканамічная сытуацыя, і цяпер будуць больш аглядацца. Мы спадзяемся на новы канструктыўны дыялёг з ЭЗ. Што тычыцца маёй працы, то тут іншая гісторыя. Мы найбольш занепакоеныя сытуацыяй ў Расеі , а не ў Эўропе. Што тычыцца Эўропы, то інтарэс да Грэцыі павялічыўся на 22 працэнты ў параўнаньні з мінулым годам, стала болей турыстычных групаў. Дык калі зьвязваць выбары, Эўропу і турызм, то тут будуць як раз станоўчыя вынікі. А вось тое, што адбываецца ў Расеі, то тут мы вельмі крута «праселі», таму што цяпер можна сказаць. што ўвесь выязны турызм у Расеі замарожаны, ніхто ня ведае, што будзе заўтра. Мы былі вымушаныя зьнізіць цэны на нашы турыстычныя паслугі ў эўра, і ўсё роўна яны аказваюцца вельмі высокімі для жыхароў Расеі. Мы спадзяемся, што курс рубля стабілізуецца і расейцы будуць выяжджаць і адпачываць, таму што вядома, што Расея сваімі турыстамі карміла палову Эўропы.

Кватэра і ўчастак ля мора ў спадчыну

Соўсь: Падчас пратэстаў ў Грэцыі каля пяці гадоў таму ў інтэрвію Свабодзе беларуска, якая жыве ў Грэцыі, казала, што людзі ў Грэцыі багатыя, а дзяржава бедная. Ці вы згодныя з такім вызначэньнем?

Лебедзева: Я пагадзілася б, але за гэтыя пяць гадоў нават у багатых кішэні прахудзіліся. Тут існуе даўняя традыцыя накапленьня. Бацькі зьбіраюць грошы для сваіх дзяцей, тыя для сваіх. Тут ёсьць такое паняцьце як спадчыннасьць. У кожнага дзіцяці, якое расьце ў грэцкай сям’і, усё павінна быць добра — добрая кватэра, ўчастак ля мора, 2 машыны. Нават калі бацькі гэта гадоў 15 таму бралі ў крэдыт, калі кожны банк даваў крэдыты пад мінімальны працэнт без асаблівых абавязаньняў. Цяпер усе банкі спынілі выдачу крэдытаў, і тыя крэдыты, якія яшчэ ня выплачаныя, іх ніхто па сутнасьці не плаціць. Усе рэзка апынуліся беднымі і выплаты спынілі. Цяпер у Грэцыі вельмі шмат дамоў, якія бралі ў крэдыт і не выплацілі. Дзяржава, таму што ёй трэба аддаваць даўгі, вымушаная гэтыя дамы канфіскоўваць. Але насамрэч гэтага ніхто ня робіць. І фактычна людзі, якія не плацяць крэдыты, нажываюцца на дзяржаве. Калі вы запытаецеся ў грэка, што ён мае, ён скажа, што ў яго нічога няма, ён бедны чалавек, але тым ня менш у яго ёсьць кватэра, якую ён атрымаў ад бабулі, участак ля мора, які можна добра прадаць і жыць за гэта дзясятак гадоў, машына, якую ўзялі ў крэдыт.

Соўсь: Ці хочуць шараговыя грэкі хочуць выйсьці з зоны эўра?

Лебедзева: Год таму ўсе гэтага баяліся і не хацелі чуць пра гэта. Цяпер проста грамадзтва даведзенае да такога стану, што ўжо ня страшна. Нават, калі б гэта адбылося, то калі мінімальны заробак 300 эўра, то ты разумееш, што нават гэтага ўжо баяцца ня варта. Але ўсе грэкі супраць дэстабілізацыі эўрапейскай эканомікі, таму што рука руку мые, і зразумела, што Эўропа пастаўляе турыстаў і пакупае фрукты і іншыя грэцкія тавары. Хаця ёсьць і палітыкі, і людзі, настроеныя радыкальна. Пэнсіянэры згадваюць, як добра было пры драхме, лічаць гэта залатым векам.

Соўсь: Ці захавалася практыка 13-га, 14-га заробку, вялікіх прэмій, якая раней існавала ў Грэцыі?

Лебедзева: У рамках захадаў жорсткай эканоміі ўсе гэтыя даброты ад дзяржавы былі вымушаныя скараціць. Але каб грэцкае грамадзтва не бунтавала, гэтыя кампэнсацыі існуюць, але не афішуюцца. Яны сталі неабавязковымі ў прыватным сэктары. Гэта справа кіраўніка прыватнай кампаніі — плаціць ці не. Я, напрыклад, атрымліваю, такія падарункі, як гэта ў Грэцыі называюць. Калі добра працаваў, выплачваюць нават болей, чым павінны. У цэлым 13-ы заробак, падарунак на Новы год, на Вялікдзень засталіся, але не ў такіх памерах, як раней. Раней гэта быў адзін заробак ці паўтара заробка звыш, цяпер каля траціны ці паловы заробку.

Расслабленая нацыя

Соўсь: Чым падобныя Грэцыя і Беларусь?

Лебедзева: Падобныя сваім бунтарскім духам. Грэкі таксама незадаволеныя, яны нешта спрабуюць рабіць, але гэта выглядае наіўна. Калі раней гэта былі пікеты, страйкі, то цяпер іх стала меней. Але ў нас ўсё роўна часта адбываюцца страйкі. У апошнія гады Грэцыя стала вельмі падобная на Беларусь у пляне эміграцыі, таму што шмат грэкаў, маладых, кваліфікаваных зьехалі ў Нямеччыну, у Аўстралію, у Амэрыку, дзе адкрываюць свой бізнэс альбо працуюць наёмнымі рабочымі. Грэкі, насамрэч, вельмі расслабленая нацыя. У іх ёсьць свае законы жыцьця, якія нельга парушыць ніякімі фактарамі. Напрыклад, я не пайду нікуды, пакуль ня вып’ю сваю каву. Ня так прыпаркаваў машыну — якая праблема, мы ж суседзі. Ідэалёгія маленькага раёну, у якім усе адзін аднаго ведаюць, адчуваецца ва ўсіх сфэрах і ў дзяржаве, і ў бізнэсе, і ва ўзаемаадносінах на вуліцы. Калі ведаеш палітыка, чальца прэфэктуры, то табе значна лепей будзе рэалізаваць задуманае.

Соўсь: Ці шмат беларусаў едуць адпачываць у Грэцыю?

Лебедзева: Вельмі шмат. Мы нават пашырыліся летась у Беларусі. У нас тры офісы —два ў Менску, адзін у Гомелі. Беларусь канечне залежыць ад эканомікі Расеі, і таму у нас ёсьць спад у гэтым кірунку. Пакуль назіраем. Інтарэс ёсьць, і ў карпаратыўным турызме. Але пакуль вялікіх абаротаў няма. Беларусы заўсёды хочуць паглядзець болей і зэканоміць. Не сядзець у гатэлі, дзе ўсё ўключана, а браць машыну напракат і ехаць усё глядзець.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG