Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За падтрымку Саўчанкі ў Маскве затрымалі 11 чалавек


У Маскве і Пецярбурзе прайшлі акцыі ў падтрымку ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі, якая 46 дзень галадае ў расейскай турме.

У Маскве на акцыі ў падтрымку Надзеі Саўчанка на Лубянцы ўчора позна ўвечары былі затрыманыя 11 чалавек. Пра гэта паведамляе сайт «ОВД-Інфа». Актывісты разгарнулі банэр у падтрымку Саўчанкі і іншых палітычных зьняволеных. Як паведаміў блогер Філіп Кірэеў, у акцыі ў падтрымку Саўчанка прынялі ўдзел каля 20-30 грамадзкіх актывістаў.

У Санкт-Пецярбургу акцыя пад лёзунгам «Свабоду палітычным закладнікам!» адбылася на Неўскім праспэкце, куды выйшлі два дзесяткі грамадзкіх актывістаў, актывістаў партыі «Яблоко», руху «Салідарнасьць» і іншых арганізацый, якія ўваходзяць у кааліцыю «Дэмакратычны Пецярбург».

Актывісты прынесьлі з сабой партрэты ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанка, якая да гэтага часу знаходзіцца ў расейскай турме — замест таго, каб прыехаць у якасьці прадстаўніка ад Украіны на адкрыцьцё чарговай сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы — менавіта да пачатку гэтай сэсіі і была прымеркавана акцыя.

«Мы выйшлі ў падтрымку ня толькі надзеі Саўчанкі, але і рэжысёра Алега Сянцова, украінскіх грамадзян, якія, з нашага пункту гледжаньня, незаконна затрыманыя і незаконна ўтрымліваюцца ў расейскай турме. Нас турбуе, што Надзея Саўчанка ўжо больш за месяц трымае галадоўку, мы рады, што акцыі ў яе падтрымку ўвесь гэты месяц праводзіліся ня толькі ў Расеі і Ўкраіне, але і ў іншых краінах».

Рэакцыя мінакоў на адзіночныя пікеты была рознай, але часьцей за ўсё нэгатыўная — людзі спрабавалі пераканаць удзельнікаў пікетаў у тым, што яны не маюць рацыю, здараліся нават абразы і спробы вырываць плякаты і ўлёткі.

У руках у удзельнікаў пікету былі плякаты: «Свабоду палітвязьням!», «Няма вайны, але ваеннапалонныя ёсьць!», «Не тэрарызму на дзяржаўным узроўні!», «Свабоду Надзеі Саўчанка!»

Мітынгі ў падтрымку Надзеі Саўчанка прайшлі 26 студзеня ў многіх краіна сьвету у тым ліку ў Эўропе і ў ЗША. У Менску ў сядзібе БНФ прайшла вечарына салідарнасьці з Надзеяй Саўчанка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG